Аб’яднаныя дэмсілы правядуць тры кампаніі
15 декабря 2008 г.Лідэры беларускіх Аб’яднаных дэмакратычных сілаў прынялі план дзейнасці на бліжэйшыя паўтары гады, які складаецца з трох кампаніяў.
Паводле словаў дзейнага старшыні прэзідыюма АДС, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі, першая кампанія будзе прысвечаная сацыяльнай праблематыцы. Як адзначыў палітык, "у сённяшніх умовах, калі нарастае крызіс, і праблемы закранаюць не толькі прадпрыемствы, але і звычайных жыхароў, гэтая праблема будзе толькі актуалізавацца".
Свабода слова і выбара
Другая кампанія, па словах Анатоля Лябедзькі, звязаная з правамі чалавека, а таксама свабодай слова і сродкаў масавай інфармацыі. Як лічыць лідэр АГП, “пакуль няма ніякіх падставаў казаць, што ў найбліжэйшай будучыні тут усё будзе беспраблемна, і мы хутка павернемся тварам да свабод грамадзян Беларусі і да свабоды прэсы”.
Трэцяя кампанія, як адзначае дзейны кіраўнік прэзідыюма АДС, называецца "Пазітыўная альтэрнатыва для Беларусі і яе грамадзян" і звязаная з выпрацоўкай праграм, праектаў законаў, накіраваных на вырашэнне самых вострых і актуальных пытанняў. "Сюды ж трапляе кампанія "Выбар для людзей", звязаная з заканадаўчай ініцыятывай па змяненні Выбарчага кодэкса", - паведаміў Анатоль Лябедзька.
Адказныя за кампаніі
Па словах Анатоля Лябедзькі, адказным за сацыяльную кампанію прызначаны прадстаўнік Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ухналёў, за сектар працы ў пытаннях правоў чалавека, свабоды слова і СМІ адказвае намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч (былы рэдактар незалежнай газеты "Рабочы"), а кампанію "Пазітыўная альтэрнатыва для Беларусі і яе грамадзян" ачоліць сам Анатоль Лябедзька. (гк)