1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Агляд тыдня: правы чалавека і беларускія рэаліі

1 мая 2009 г.

Мінгарвыканкам забараніў пікет за ўступ Беларусі ў Еўразвяз, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый падала ў суд на Мін'юст, а старшыня Еўрапарламента заявіў, што беларусы павінны жыць у свабодзе.

Фота з архівуФото: AP

Чыноўнікі Мінскага гарвыканкаму забаранілі пікет па зборы подпісаў жыхароў краіны аб уступленні Беларусі ў Еўрапейскі Звяз, ініцыятары стварэння Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый звярнуліся ў Вярхоўны суд са скаргай на Міністэрства юстыцыі, а тым часам кіраўнік Еўрапейскага парламента падкрэсліў, што беларусы павінны жыць ва ўмовах свабоды і дэмакратыі.

Забаронены пікет на Дзень Еўропы

Мінгарвыканкам у асобе намесніка яго старшыні Міхаіла Ціцянкова адмовіў у правядзенні пікета для збору подпісаў за ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Звяз. Заўку на пікет падавалі прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бародка і Максім Сяргееў. Акцыя мелася адбыцца 1 траўня – на так званы Дзень Еўропы, які летась скончыўся затрыманнямі і судамі над дэмакратычнымі актывістамі.

Удзельнікі кампаніі "Еўрапейская Беларусь" адзначаюць, што сваёй адмовай чыноўнікі Мінгарвыканкама прадэманстравалі не толькі непавагу да Канстытуцыі і правоў чалавека і грамадзяніна, але і юрыдычную непісьменнасць.

Фота з архіву. Улады Беларусі супраць мірных акцыяўФото: AP

Частка 5 артыкула 5 Закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", на якую спасылаецца Міхаіл Ціцянкоў, не апублікаваная, а значыць, не ўступіла ў законную сілу. Пікетам і зборам подпісаў актывісты планавалі адсвяткаваць Дзень Еўропы – менавіта 1 траўня пяць гадоў таму Еўразвяз пашырыўся на дзесяць краін.

Асамблея НДА судзіцца з Мінюстам

Актывісты рабочай групы па стварэнні Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (АНДА) Сяргей Мацкевіч, Алег Гулак і Алесь Бяляцкі падалі ў Вярхоўны суд скаргу на Міністэрства юстыцыі Беларусі. Заяўнікі просяць прызнаць неправамерным рашэнне Мін’юста аб адмове ў рэгістрацыі Асамблеі.

На пачатку красавіка Мін’юст спаслаўся на недахопы ў дакументах АНДА, у тым ліку на тое, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаванням закону. Маўляў, у назове асацыяцыі не пазначаны прадмет дзейнасці ўсіх яе суб’ектаў. Гэта, па словах юрыста Юрыя Чавусава, па просту немагчыма, бо ў асамблею ўваходзяць сем розных аб’яднанняў, а характар арганізацыі прадугледжвае ўступленне ў яе новых чальцоў.

Чавусаў адзначае, што гэтая прэтэнзія Мін'юста ставіць пад пытанне магчымасць стварэння розных асацыяцый. На думку правабаронцы, калі Вярхоўны суд падтрымае гэтае пярэчанне Мін'юста, то ўвогуле бессэнсоўна падаваць дакументы на рэгістрацыю падобных арганізацый.

Шпіталізацыя палітпрызыўніка

Cтаршыня Еўрапейскага парламента Ханс-Герд ПётэрынгФото: picture-alliance / dpa

Актывіст "Маладога фронту" Зміцер Федарук, якога, нягледзячы на кепскі стан здароўя, тэрмінова прызвалі ў войска, за апошні час ужо другім разам шпіталізаваны.

Гэтым разам юнака накіравалі ў Беларускі вайсковы шпіталь у Мінску, а раней ён знаходзіўся ў шпіталі горада Барысава. Зараз Федарука чакае паўторная медкамісія, у выніку якой не выключаецца яго камісаванне з войска па стане здароўя.

Старшыня Еўрапарламента за прававую Беларусь

У сваім выступе на Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) ў Варшаве старшыня Еўрапейскага парламента Ханс-Герд Пётэрынг (Hans-Hert Pöttering) заявіў, што гэтая ўплывовая палітычная партыя павінна дамагчыся, "каб беларусы жылі ў свабодзе і дэмакратыі".

Паводле Пётэрынга, Еўрапейская народная партыя заснавана на прынцыпах дэмакратыі, прававой дзяржавы, салідарнасці і субсідыярнасці, альбо размеркавання паўнамоцтваў. "Мы не павінны захоўваць гэтыя правы толькі для сябе", - падкрэсліў Ханс-Герд Пётэрынг. У якасці гасцей на варшаўскім Кангрэсе ЕНП прысутнічалі і прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW