1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Асцярожныя спадзяванні беларускіх дэмакратаў

5 января 2009 г.

Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадскасці выказваюць асцярожны аптымізм наконт магчымай лібералізацыі грамадскага і палітычнага жыцця ва ўмовах пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Фота з архівуФото: AP

Незалежныя эксперты выказваюць асцярожны аптымізм наконт магчымага працягу лібералізацыі грамадскага і палітычнага жыцця ў сітуацыі пагаршэння эканамічнага становішча Беларусі, кіраўніцтва якой будзе змушана арыентавацца на еўрапейскую супольнасць.

Штуршок да лібералізацыі

Ужо ў мінулым годзе ў прадчуванні, хоць і недастатковым, непазбежнага пагаршэння эканамічнага становішча беларускія ўлады пайшлі на пэўныя крокі па лібералізацыі ўнутранага жыцця краіны, як эканамічнага, так і грамадскага.

Але тое, што адбылося адразу пасля Новага году, - рэзкі абвал нацыянальнай валюты, які непазбежна прывядзе да падзення ўзроўню жыцця грамадзян, на думку экспертаў, можа падштурхнуць улады да больш рашучых крокаў у кірунку лібералізацыі і дэмакратыі. Тым больш, што набліжаецца адведзены да красавіка Еўрапейскім Звязам тэрмін для выканання пэўных патрабаванняў, выстаўленых кіраўніцтву Беларусі.

Як адзначае старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак,

прапановы Еўразвязу не зусім канкрэтныя, таму складана гаварыць, наколькі яны будуць выкананыя. "Але такое вельмі складанае эканамічнае становішча будзе вымушаць Лукашэнку быць больш згаворлівым і думаць пра тое, што трэба рабіць усё, каб Еўропа адзначыла сур’ёзны рух наперад", - лічыць юрыст.

Аднак, па словах Алега Гулака, можа ўзнікнуць праблема, што Еўропа і Злучаныя Штаты больш будуць занятыя пытаннямі крызіса, а не правамі чалавека. "Калі ўзніклі такія сур'ёзныя праблемы ў эканоміцы, то, канешне, правы чалавека, як бы мы на гэта не крыўдзіліся, будуць саступаць з першага плана. Будзе складана, але цікава", - мяркуе кіраўнік БХК.

Улада і СМІ

Што да стасункаў улады і сродкаў масавай інфармацыі, то істотных зменаў тут чакаць не даводзіцца. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што будуць нейкія дэманстратыўныя крокі па паляпшэнні сітуацыі са СМІ, а з іншага боку, будуць заставацца даволі складаныя ўзаемадачыненні дзяржавы і незалежных медыяў. Прынамсі, не дадае аптымізму прыняты летась Закон "Аб СМІ", прызнаны Аналітычным цэнтрам "Стратэгія" і Навукова-даследчым цэнтрам Мізеса адным з найгоршых заканадаўчых актаў мінулага году.

Андрэй Бастунец не верыць у магчымасць увядзення мараторыя на гэты закон. Эксперт не выключае, што будзе ісці гаворка аб некаторых зменах у гэтае заканадаўства, але закон увойдзе ў сілу. Пры гэтым, самае галоўнае - якім чынам ён будзе прымяняцца на практыцы. Па словах Бастунца, гэта шмат у чым будзе залежаць ад узаемадачыненняў Беларусі з Еўропай і ад жадання беларускіх уладаў пайсці насустрач еўрапейскім структурам.

Як лічыць юрыст, прадугледжаная новым законам перарэгістрацыя СМІ можа прайсці даволі ліберальна, могуць не прымяняцца рэпрэсіўныя нормы закона, а можа быць і ўсё наадварот.

Сістэмных змен не будзе

На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, чакаць нейкіх сістэмных зрухаў у галіне лібералізацыі грамадскага і палітычнага жыцця ў Беларусі не выпадае, "таму што гэта азначала б гібель сістэмы, якая разлічана на жорсткі аўтарытарны варыянт улады".

Разам з тым, мяркуе аналітык, "цяжкая эканамічная сітуацыя будзе змушаць да пэўнай мімікрыі і да пэўнай гнуткасці ў стасунках, у гэтай палітычнай гульні з Еўразвязам, таму што ад гэтага шмат у чым залежыць эканамічнае выжыванне цяперашняй улады".

Аляксандр Класкоўскі спадзяецца, што сёлета не будзе новага вітка рэпрэсій, і гэта, паводле эксперта, дае пэўныя надзеі. "Але тут многае залежыць ад таго, ці змогуць скарыстацца гэтай магчымасцю дэмакратычныя сілы", - падкрэсліў палітолаг.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW