1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускае кліп-мастацтва існуе

Генадзь Канстанцінаў

У Мінску прайшоў першы “Кліп-марафон” – фэстываль, у якім узялі ўдзел больш за трыццаць працаў беларускіх і замежных рэжысёраў.

Фото: Bilderbox

Цягам усіх двух дзён у сядзібе Партыі БНФ, дзе адбываўся фэстываль, не было вольных месцаў. Прычына цікавасці да “Кліп-марафону” палягае ў немагчымасці ўбачыць відэаролікі беларускіх рок-выканаўцаў на блакітных экранах, бо многія рок-гурты па палітычных матывах трапілі ў так званы неафіцыйны “чорны спіс” – іх не круцяць дзяржаўныя тэле- і радыёканалы, ім не дазваляюць ладзіць канцэрты. Але музыкі не губляюць часу марна. Сведчаннем таму – цудоўныя працы, якія былі прадстаўленыя на фэстывалі.

У пошуках нацыянальнай адметнасці

Паводле словаў аднаго з арганізатараў фэсту, старшыні культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франака Вячоркі, неабходным крытэрам для ўдзелу ў конкурсе была беларуская мова твораў.

"Нажаль, у Беларусі беларускамоўных кліпаў амаль не існуе. Мы налічылі парадку 30-35 кліпаў, і то палова з іх, як кажуць эксперты, зробленая паўаматарскім спосабам".

З кожным годам у Беларусі здымаюць усё больш ролікаў, але гэта тычыцца ў першую чаргу так званай “папсы”, далёкай ад нейкай нацыянальнай адметнасці, адзначыў перад пачаткам імпрэзы адмыслоўца ў пытанні кліпмейкерства Павел Свярдлоў.

"Рэдка хто развівае ў сваёй творчасці і асабліва ў кліпах тое, што датычыцца беларускасці. І я думаю, што не памылюся, калі скажу, што ў сённяшняй праграме мы з вамі пабачым амаль усё, што можна назваць беларускім кліпмэйкерствам".

Пачаткі беларускага кліпмэйкерства

Першыя кліпы тутэйшых рок-выканаўцаў з’явіліся яшчэ пры канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Першаадкрывальнікамі гэтага шляху былі сталыя ўжо легендамі калектывы “Рэй”, “Мроя”, “Бонда”. Іх унікальныя працы на фэстывалі дэманстраваліся па-за конкурсам, як і кліп гурту “Ляпис Трубецкой” “Капітал”, што стаў уладальнікам спецыяльнага прызу журы на нядаўнім міжнародным фэстывалі ў Партугаліі і які фактычна забаронены для пракруткі ў Беларусі з прычыны прысутнасці ў ім аднаго вядомага высокапастаўленага персанажа.

Наяўнасць у Беларусі мастацтва стварэння кліпаў ёсць сведчаннем існавання ў краіне хоць і кволага, але шоўбізнэсу. І мэта стварэння кліпа – не відэаролік сам па сабе, але яго прыкладная роля, сцвярджае Павел Свярдлоў.

"Кліп – гэта найперш сродак для таго, каб прадаць што-небудзь: плыткі, імідж гурта, і толькі пасля гэта - самастойны прадукт. Кліп прадаць немагчыма, кліпы толькі стымулююць продаж іншых прадуктаў шоў-бізнэса".

Малабюджэтныя, але вартыя ўвагі

Але без належнага фінансавання, кажа лідэр гурту “Зніч” Алесь Таболіч, які атрымаў прыз за лепшы “цяжкі” кліп “Крыжы-абярэгі”, зрабіць сапраўды годны прадукт вельмі цяжка.

"Кліпы ў нас сярэдняга ўзроўню. Таму што нельга параўноўваць, калі замежныя кліпмайстры ўкладаюць па 50 – 100 тысячаў даляраў, каб зняць нейкі кліп. Але самае галоўнае, што хай у нас малабюджэтныя кліпы, але ў іх ёсць нейкая свая ідэя".

І яшчэ, на думку Алеся Таболіча, у творах беларускіх майстраў прысутнічаюць духоўныя адметнасці.

"Мастацкі густ ёсць, таму што ў нас сама беларуская апазіцыя ёсць як сродак існавання праз імкненні паказаць людзям, што ёсць беларуская культура. Хай гэта будзе рок-культура, ці мэталёвая культура, ці фолькавая, але яна ёсць, і людзі хочуць зрабіць яе больш масавай".

Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, як адзначае вядомы рэжысёр Андрэй Плясанаў, беларускія выканаўцы ўжо сёння прапаноўваюць якасны й варты ўвагі прадукт.

"Калі я ўбачыў апошнія кліпы “Нейра Дзюбеля”, мне стала прыемна, што гэта ўжо тое, што нясорамна адвезці ў Еўропу і паказваць там".

З мэтрам згодны і музычны крытык Вітаўт Мартыненка.

"Некаторыя кліпы можна ставіць на еўрапейскія тэлеканалы. У мяне дачка запісала з дзесятак кліпаў “Рамштайна” – кліпы “Нейра Дзюбеля” там бы пераўзыходзілі многія. Так што кліп-культура развітая, проста няма раскруткі".

Яшчэ адную адметнасць пераважнай бальшыні кліпаў беларускіх рок-выканаўцаў адзначыў рэжысёр Андрэй Плясанаў.

"Увогуле яно ўсё такое сумнае, няма нейкай весялосці. Таму што жывем у такі час, гэта таксама можна зразумець".

Вынікі конкурсу

Пераможцам у намінацыі “Чорна-белае кіно” гледачы прызналі кліп “Калгас” гурту “ZET”, лепшым у “Традыцыі і сучаснасці” названы ролік “У Карчме” калектыву “Стары Ольса”, гурт “Крамбамбуля” атрымаў прызы за перамогу ў дзвюх намінацыях – з кліпам “Абсэнт” за лепшы лірычны ролік, а мульцяшная стужка “Турысты” абвешчана лепшым анімацыйным кліпам. Усе пераможцы атрымалі дыпломы і прызы ў выглядзе стылізаванай пад кампакт-дыск парцалянавай талеркі.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW