Беларуская асацыяцыя журналистаў прэзентавала вынікі маніторынгу СМІ
Маніторынг здзяйсняецца з 16 студзеня да 31 сакавіка групай журналістаў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Як распавёў Нямецкай Хвалі сябра Назіральнай рады БАЖ медыя-аналітык Алесь Анціпенка, скарыстаная методыка распрацаваная славацкай няўрадавай арганізацыяй МЕМО'98 і дапрацаваная з улікам беларускай сітуацыі. Аналіз праводзіўся на падставе адпаведнасці матэр’ялаў СМІ прафесійным стандартам і прынцыпам журналісцкай этыкі. Улічваліся тры асноўныя параметры: час - для электронных СМІ і газетная плошча - для друкаваных. Характар рэпрэзентацыі ўдзельнікаў кампаніі, а таксама выпадкі скажэння інфармацыі альбо паклёпу.
Аўтары маніторынгу даследавалі тры групы мас-медыяў - найбольш ўплывовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ, дзяржаўныя СМІ, на якія ЦВК усклаў абавязкі прадставіць кандыдатам бясплатны часу ў эфіры альбо газетную плошчу, а таксама рэгіянальныя медыі.
Вось толькі некаторыя з высноў групы. Тэма выбараў у дзяржаўных СМІ у перыяд пасля старту выбарчай кампаніі займала далёка не вядучае месца. Пры гэтым дзяржаўныя мас-медыі засяродзіліся на кандыдатуры аднаго прэтэндэнта - дзейнага прэзідэнта Лукашэнкі. Яго рэпрэзентавалі пераважна станоўча ці надзвычай станоўча, часта - як адзінага рэальнага кандыдата. Згадванне аб іншых прэтэндэнтах практычна адсутнічала.
Выбарнікі, для якіх адзіная крыніца інфармацыі - дзяржаўная прэса, як лічаць даследчыкі, не атрымалі аб'ектыўнай карціны аб альтэрнатыўных прэтэндэнтах: іх рэпрэзентацыя сведчыць, што яны не маюць аніякай электаральнай падтрымкі ў грамадстве. Пры гэтым ігнаравалася апазіцыя і ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі палітычных партыяў. Іх калі і згадвалі, то ў неперсаналізаванай, адмоўнай альбо вельмі адмоўнай манеры.
Так, у прыватнасці, тэлеканал ОНТ цяперашняму презідэнту прысвяціў больш за 90% часу, адведзенага на асвятленне кампаніі. У праграме "Радыёфакт" першага каналу Нацыянальнага радыё тэме выбараў адвялі ўсяго 5% эфірнага часу. Для параўнання - інфармацыі аб надвор'і - 8%. Газета "Советская Белоруссия" (орган - адміністрацыі прэзідэнта) адвяла Лукашэнку больш за 80% пляцу ўсіх матэр’ялаў пра палітычных суб'ектаў выбарчага працэсу. Аляксандру Мілінкевічу і Зянону Пазьняку дасталася па 0,7%. Астатнія прэтэндэнты зусім не згадваліся.
Аўтары маніторынгу таксама распавялі пра шматлікія факты непрафесійнага і вельмі тэндэнцыйнага асвятлення выбарчай кампаніі Беларускім дзяржаўным тэлебачаннем. Па іх меркаванні, такія факты не маюць нічога агульнага з прафесійнымі журналісцкімі стандартамі, затое вельмі падобныя на дэзінфармацыю выбарніка
ў і прапаганду.