Беларуская моладзь жадае дабрабыту і не цікавіцца палітыкай
6 ноября 2009 г.Прадстаўнікі дзяржаўных і недзяржаўных моладзевых арганізацый, органаў улады і замежныя ўдзельнікі дванаццатага Мінскага форума пад час працы секцыі "Ідэнтыфікацыя ў развіцці: моладзевая субкультура ў Беларусі" абмеркавалі праблемы, з якімі сёння сутыкаецца сучасная беларуская моладзь, а таксама адметнасці новага пакалення краіны.
Задаючы тон дыскусіі, мадэратар секцыі праграмны дырэктар амерыканскага Фонда Маршала ў Германіі Йорг Форбрыг (Joerg Forbrig) адзначыў, што практычна ва ўсіх краінах моладзь адыгрывае вельмі значную прагрэсіўную ролю, і Беларусь у гэтым плане не з’яўляецца выключэннем з правілаў.
Крыміналізацыя, праблема кланавасці і культ дабрабыту
Як распавёў незалежны журналіст Алесь Кудрыцкі, вялікая доля беларускай культуры ўвогуле мае вясковае паходжанне, але сёння вясковая моладзь губляе свае культурніцкія карані. Так склалася сітуацыя, што ўсё больш людзей пакідаюць вёскі і пераязджаюць у гарады, дзе былыя вясковыя маладыя людзі не знаходзяць сябе, збіваюцца са шляху.
Па словах Алеся Кудрыцкага, сярод такой моладзі даволі вялікая доля тых, хто робіцца крымінальнікам, праходзіць сумную і цяжкую дарогу турмаў. Адсюль даволі істотны культурніцкі пласт сучаснай моладзевай культуры складае так званая "турэмная рамантыка", прыкладам чаму - вялікая папулярнасць сярод маладых людзей, нават тых, хто ніколі не трапляў у месцы пазбаўлення волі, "турэмнага шансону".
Яшчэ адная тэндэнцыя, якая спаборнічае з крыміналізацыяй моладзі, гэта культ дабрабыту. Як адзначае Алесь Кудрыцкі, гэтая тэндэнцыя праяўляецца там, дзе ўмовы жыцця параўнальна лепшыя – у вялікіх гарадах, дзе моладзь мае больш магчымасцяў. "Гэта не тыя лёгкія грошы, якія жадае атрымаць крыміналізаваная моладзь, гэта, хутчэй, дабрабыт стабільны – стабільная праца ў офісе, добры заробак, доступ да крэдытаў, магчымасць набыць сабе машыну, а таксама ў будучыні збудаваць сабе кватэру", - лічыць эксперт. У дзяўчат гэты "дабрабыт" звязаны з перспектвай удала выйсці замуж.
Але ў памкненні задаволіць свае спажывецікя жаданні беларуская моладзь сутыкаецца з пэўнымі абмежаваннямі, адначае Алесь Кудрыцкі. Паводле яго словаў, Беларусь усё больш робіцца кланавай краінай, дзе ўладкавацца на працу, атрымаць бюджэтнае месца ў прэстыжным ВНУ можна пераважна праз знаёмствы, сувязі.
Як рэзюмаваў Алесь Кудрыцкі, галоўная праблемай беларускай моладзі палягае ў тым, што беларуская моладзь імкнецца да дабрабыту, да добрага жыцця, але яна яшчэ не вельмі прывыкла аналізаваць уласнае жыццё, а таксама жыццё ў Беларусі. "Моладзь не прывыкла актыўна дзейнічаць, каб змяніць сваё жыццё і жыццё ў сваёй краіне", - падкрэсліў эксперт.
Крытычна-крэатыўныя
Як адзначыў германскі журналіст Інга Петц (Ingo Petz), які шмат разоў наведваў Беларусь, у апошнія чатыры-пяць гадоў ён назірае зяўленне новага актыўнага моладзевага асяродку ў веку ад 16 да 30 год, які ён называе "крытычна-крэатыўным асяродкам".
"Я вельмі прыемна ўражаны, што ў апошнія гады з’явілася шмат крэатыўна-крытычных блогераў, багата моладзевых музычных праектаў, грамадзкіх кампаній, узніклі новыя крэатыўныя акцыі", - згадвае Інга Пэтц. На яго думку, у кожным грамадстве маладыя людзі могуць самі вырашаць, быць ім актыўнымі ці не, але ва ўсялякім выпадку для праяўлення актыўнасці павінны быць створаны адпаведныя ўмовы.
Дзяржава клапоціцца, а моладзь ідзе ў сець
Дзяржава спрабуе даць моладзі ўсе мачымасці для самарэалізацыі, заявіў дэпутат Мінскага гарадскога савета Ігар Чачукевіч, які спаслаўся на выказванне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што моладзь трэба больш актыўна прыцягваць да кіравання краінай.
Па словах Чачукевіча, Мінск – вельмі малады горад, з 1,8 мільёна жыхароў там пражывае больш за паўмільёна людзей ва ўзросце да 31 года, таму Мінгарсавет надае вялікую ўвагу працы з моладдзю. Хаця, з ягоных жа дадзеных, з гарадскога бюджэту канкрэтна пад моладзевыя праекты выдаткана за год каля 1 мільярда рублёў, хоць сталічны бюджэт складае 6 трыльёнаў. "Будаўніцтва новых станцый метро, палацаў спорту, іншых установаў за сродкі бюджэта – гэта таксаам выдаткі на моладзь", - лічыць дэпутат Мінгарсавету.
На думку каардынатара інтэрнет-праекта generation.by Вольгі Кузьміч, пры наяўнасці вялікіх магчымасцяў кантактавання праз "усясветнае павуцінне", сёння вельмі бракуе наўпроставых стасункаў паміж беларускай і еўрапейскай моладдзю. Прычынамі гэтага, кажа Вольга Кузьміч, ёсць наяўнасць візавых бар’ераў, неабходнасць для беларускай моладзі, якая вучыцца, дазволу Міністэрства адукацыі на выезд за межы Беларусі, дзе сёння кожны 23-ці жыхар з’яўляеца студэнтам.
Па словах Вольгі Кузьміч, сёння, паводле праведзенага Аксіяметрычнай лабараторыяй НОВАК апытання, каля 40 працэнтаў маладых людзей жадаюць з’ехаць за межы Беларусі. "Гэта вялікая лічба, але ў 2003 годзе такіх маладых людзей было 63 адсоткі", - адзначыла эксперт.
Апалітычнасць з за страху?
Моладзевы актывіст і былы палітвязень Андрэй Кім падкрэсліў, што сёння дзяржаўная моладзевая палітыка праводзіцца пад лозунгам "Не высоўвайся!": ты можаш быць не на баку дзяржавы, але ты не павінен умешвацца ні ў якія працэсы, што тут адбываюцца.
Як адзначае Андрэй Кім, сёння значная частка, калі не бальшыня беларускае моладзі не падтрымлівае ўладу, а ў душы нават падтрымлівае некаторыя моладзевыя дэмакратычныя рухі, але вельмі баіцца адкрыта ў гэтым прызнацца, ведаючы, што такое прызнанне, а тым больш праява нейскай актыўнасці можа мець для маладых людзей вельмі негатыўныя наступствы. "Незацікаўленасць моладзі ў палітычнай актыўнасці ў большай ступені звязана са страхам", - лічыць актывіст.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч