1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларуская моладзь прыме ўдзел у еўрапейскай экуменічнай сустрэчы Taize-2008

23 декабря 2008 г.

У чарговай экуменічнай сустрэчы еўрапейскай моладзі Тэзэ-2008 (Taize-2008), якая адбудзецца ў Брусэлі з 29 снежня па 2 студзеня, прымуць удзел каля 1000 маладых беларусаў.

Фота з архівуФото: Picture-Alliance /dpa

З 29 снежня па 2 студзеня ў Брусэлі будзе праходзіць чарговая экуменічная сустрэча моладзі "Тэзэ-2008" (Taize-2008). Чакаецца, што ў ей прымуць удзел каля 1000 маладых беларусаў. На працягу апошніх дзесяці гадоў гэтыя еўрапейскія сустрэчы руху хрысціанскіх царкоўных сілаў за аб'яднанне сталі для беларускай моладзі сваеасаблівым "вакном у Еўропу".

Экуменічная грамада

Напрыканцы 1970-х гадоў было вырашана праводзіць міжнародныя экуменічныя сустрэчы для моладзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Па словах аднаго з самых актыўных удзельнікаў экуменічнай грамады "Тэзэ" у Магілеве Сяргея Аляксеенкі, аднойчы патрапіўшы туды, больш не зможаш жыць, як раней.

"Упершыню я патрапіў на экуменічную сустрэчу Тэзэ ў 2001 годзе ў Гамбург, – распавёў Сяргей. – Тады было вельмі шмат моладзі, каля 80 тысяч чалавек. І гэта, канечне, было вельмі моцнае ўражанне".

Паводле удзельніка экуменічнай грамады, яму было вельмі прыемна адчуць прыналежнасць да гэтай супольнасці моладзі, якая спавядае хрысціянства незалежна ад дэнамінацый ці канфесій”.

Месца сустрэчы – Еўропа

Месца правядзення экуменічных сустрэчаў мяняецца кожны год. Звычайна гэта еўрапейскія сталіцы ці найбуйнейшыя гарады. Паводле правілаў, мясцовыя жыхары запрашаюць моладзь пажыць у іх сем’ях. Такім чынам, сустрэчы "Тэзэ" дазваляюць павандраваць дый дакрануцца да самых розных культурных каштоўнасцяў.

Адна з удзельнікаў сустрэчаў Наталля Кроер, кажа, што была ў розных краінах і гарадах Еўропы: у Францыі, калі сустрэча была ў Парыжы, у Германіі ў Гамбургу, у Партугаліі ў Лісабоне, у Італіі ў Мілане.

"Натуральна, гэта зусім іншы менталітэт, зусім іншыя традыцыі, захапленні, нават кухня іншая. Гэта выдатная магчымасць пазнаеміцца з культурай еўрапейскіх краінаў", - кажа Наталля. Для яе самой адна з экуменічных сустрэчаў стала нават сапраўдным здзяйсненнем мараў.

"Гэта было маей марай з дзяцінства – убачыць Парыж. І вось за гэтыя пяць дзен усе, што я ўбачыла, немагчыма было б зрабіць ні з якой турыстычнай фірмай. Я жыла ў самым цэнтры Парыжа, і пяць дзен я жыла жыццем гэтых людзей, жыццем парыжанкі", - распавяла Наталля Кроер.

Унікальная магчымасць знайсці новых сяброў

На гэтых сустрэчах ў Еўропе моладзь мае ўнікальную магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, планамі, жыццевымі назіраннямі і знайсці сабе новых сяброў.

Сяргей Аляксеенка кажа, што сустрэчы адбываюцца ў прыходах, у парафіях, дзе размяшчаюць моладзь гаспадары. На такіх спатканнях, паводле Сяргея, і адбываецца непасрэдны кантакт з еўрапейскай моладдзю, на якім абмяркоўваюцца самыя розныя пытанні.

У чаканні новай сустрэчы

Пасля экуменічнай сустрэчы "Тэзэ" кожны яе ўдзельнік практычна адразу пачынае жыць чаканнем новай. Звычайна наступным разам у новую вандроўку ўжо збіраюцца сапраўдныя аднадумцы.

"Калі мы вяртаемся дадому, то канечне адразу хочацца нешта змяніць. Мы бачым вакол нешта новае, прыкладам, у культурных момантах, і хочаш-не хочаш, але цябе гэтае змяняе – змяняюцца звычкі, бачанне жыцця, мысленне, усе змяняецца", - кажуць удзельнікі сустрэчаў.

Меркаванне ўсіх удзельнікаў гэтага сапраўднага свята моладзі было аднадушным: такія паездкі патрэбныя і карысныя. Таму да ўдзелу ў экуменічных сустрэчах запрашаюцца ўсе ахвочыя. А ў якім горадзе Еўропы адбудзецца наступны форум "Тэзэ" стане вядома ў першы дзень новага году.

Аляксандр Буракоў

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW