1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія праваабаронцы супраць смяротнага пакарання

27 января 2009 г.

У Беларусі стартавала кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", мэтаю якой ёсць спыненне гэтага віда пакарання і далучэнне краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей.

Cімвалічны знак пратэстуФото: wikipedia

У Беларусі распачалася кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", мэтай якой, паводле ініцыятараў, ёсць спыненне гэтага віда пакарання і далучэнне краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей.

Як адзначыў у інтэрв’ю Deutsche Welle віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алесь Бяляцкі, Беларусь засталася апошняй еўрапейскай краінай і апошняй краінай постсавецкага арэалу, дзе існуе смяротнае пакаранне, і нягледзячы на тое, што ўлады апошнія гады гавораць пра магчымыя змены, пра тое, што смяротнае пакаранне носіць абмежаваны характар, тым не менш, яно рэальна ўжываецца.

"Таму мы правялі перамовы, у першую чаргу, з Amnesty International – міжнароднай правабарончай арганізацыяй, адным з прыярытэтаў дзейнасці якой з’яўляецца праблема смяротнага пакарання, і вырашылі правесці сумесную кампанію як на міжнародным, так і на беларускім узроўні", - паведаміў Алесь Бяляцкі.

Планы мерапрыемстваў

Па словах віцэ-прэзідэнта МФПЧ, кампанія будзе доўжыцца ўвесь 2009 год і мае мець некалькі накірункаў: распаўсюд інфармацыі пра сітуацыю са смяротным пакараннем у Беларусі, збор меркаванняў вядомых у Беларусі людзей па гэтым пытанні, збор меркаванняў юрыстаў, людзей, якія могуць суаднесці гэты від пакарання з міжнароднай практыкай і з рэальным уплывам на крымінагенную сітуацыю ў краіне. Плануецца таксама абмеркаванне этычных момантаў смяротнага пакарання з рознымі рэлігійнымі канфесіямі, што існуюць у Беларусі, і давядзенне іх высноваў да людзей.

Таксама плануецца распаўсюд інфармацыі праз сайты правабарончых арганізацый, правядзенне сумесных "круглых сталоў", а таксама ладжанне конкурсаў літаратурных эсэ на адпаведную тэматыку і іншыя мерапрыемствы з удзелам грамадскасці. "Наша задача – паспрабаваць зняць гэтае пытанне з рэальнасці беларускага жыцця", - падксрэсліў Алесь Бяляцкі.

Умовы для адмены смяротнага пакарання

Нацыянальныя флагi дзяржаваў насупраць будынку ААН у Нью-ЙоркуФото: AP

Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які хоць і не прадугледжвае абавязковай адмовы ад смяротнага пакарання, але накіроўвае краіны да абмежавання ўжывання і адмены выключнай меры пакарання. Аднак Рэспубліка Беларусь да гэтага часу не далучылася да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання (прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН 15 снежня 1989 году). Дзяржавы, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтым Пратаколе, абавязаліся адмяніць гэты від пакарання.

Тым часам, у Міністэрства юстыцыі Беларусі пададзены дакументы на рэгістрацыю Правабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна". На ўстаноўчым сходзе арганізацыі, які адбыўся ў Мінску 18 студзеня бягучага году, Алесь Бяляцкі быў абраны старшынём гэтага аб’яднання. (гк)

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW