1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія студэнты звярнуліся з лістом да мэра Вільні

Вадзім Вілейта6 октября 2008 г.

Студэнты ЕГУ і прадстаўнікі беларускай суполкі Вільні занепакоеныя лёсам Лукішскай плошчы ў Вільні. Яны звярнуліся з просьбай да мэра Вільні захаваць гістарычнае аблічча Лукішак, якія зараз чакаюць рэканструкцыі.

Панарама ВільніФото: TDoVMG / Zenonas Nekrošius

Беларуская суполка ў Вільні і студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту прапануюць да мэру Вільні захаваць гістарычнае аблічча Лукішскай плошчы, якую чакае рэканструкцыі. Таксама яны прапануюць належным чынам ушанаваць памяць Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-1864 гадоў.

Захаваць беларуска-літоўскую спадчыну

З таго самага часу, як з Лукішак быў дэмантаваны помнік Леніну, які рукой указваў на будынак савецкага КГБ, грамадскасць не перастае спрачацца, якой быць гэтай плошчы ў незалежнай Літве. Ужо не раз абвяшчаўся конкурс на праект аб пераўпарадкаванні плошчы – наступны тэрмін падачы заявак прызначаны на лістапад.

На фоне спрэчак у літоўскім грамадстве нечакана прагучаў напамін аб тым, што плошча з’яўляецца гістарычнай спадчынай не толькі літоўцаў.

"Для беларусаў Лукішскі пляц вельмі важны: на ім быў пакараны смерцю нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. Такіх гістарычных месцаў у самой Беларусі няшмат. Вільня, як адзін з культурных цэнтраў беларусаў і агульная літоўска-беларуская спадчына, павінна гэтае месца захаваць. Мы не можам быць абыякавыя да таго, што робіцца з Лукішскім пляцам, бо лічым, што ён павінен быць захаваны ў тым выглядзе, які ёсць", - кажа студэнт ЕГУ Андрусь Асадчы.

На думку студэнтаў-беларусаў, у дэмакратычнай сістэме прыслухоўвацца трэба не толькі да меркавання большасці, але і меншасці. "Мы знаходзімся ў Еўразвязе. Гэта не Беларусь, дзе помнікі гісторыі руйнуюцца, а на грамадскасць ніхто не хоча звяртаць увагі", - падкрэсліў Андрусь Асадчы.

Пачуццё грамадзян ВКЛ?

Тым не менш, экскаватары ўсё больш актыўна падступаюцца ўжо і да віленскіх гістарычных помнікаў. Абаронцам спадчыны нялёгка змагацца з будаўнічым лобі і інтарэсамі буйнога капіталу, таму ўсе апошнія рэканструкцыі прыводзілі да змянення гістарычнага выгляду гораду і вынішчэння зялёных плошчаў.

Урбаніст Аўгіс Гучас зазначае, што тое ж самае пагражае і Лукішкам: "Зялёныя прасторы з цэнтру гораду знікаюць. Ва ўмовах конкурсу таксама ёсць думка наконт паркінгу падземнага пад плошчай – на мой погляд, гэта ўвогуле непаразуменне".

Аднак і захаваць плошчу такой, як ёсць, на думку літоўскага урбаніста, нельга. Яе цяперашні выгляд адназначна нагадвае віленчукам пра сталінскія часы, у якія ён і быў сфармаваны, а сама плошча названая імем Леніна.

Паводле Аўгіса Гучаса, студэнты-беларусы маюць рацыю ў тым, што трэба дбаць аб разумнай і абдуманай рэканструкцыі Лукішак: "Увогуле вельмі цікава, што беларускія студэнты, якія тут у нас навучаюцца, раптам пачалі клапаціцца аб горадабудаўнічых праблемах Вільні. Відаць дзесьці ў падсвядомасці ў іх захавалася пачуццё грамадзян Вялікага Княства Літоўскага. Мяркую што інтуітыўна яны ў цэль патрапілі – ва ўсім гэтым конкурсе аб новым упарадкаванні плошчы і манументах на ёй сапраўды не хапае пэўнасці".

Мэр горада Вільні Юозас Імбрасас пра ліст беларусаў адгукнуўся спрыяльна – ён сцвярджае, што паўстанне Кастуся Каліноўскага будзе ўшанаванае на плошчы, але ў шэрагу іншых вызваленчых паўстанняў 18-20 стагоддзяў. Сама плошча ў такім разе так ці інакш зменіць свой цяперашні выгляд, ды і сама назва Лукішскай плошчы хутчэй за ўсё будзе змененае на плошчу "Рэзістэнцыі" або "Супраціву".

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW