1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія эксперты аналізуюць мэты запланаванага візіту Лукашэнкі ў Маскву

18 марта 2009 г.

19 сакавіка мае адбыцца візіт у Маскву прэзідэнта Беларусі і сустрэча з прэзідэнтам Расіі па пытаннях ваеннага супрацоўніцтва. Эксперты лічаць, што Лукашэнка зноў будзе прасіць у Расіі фінансавай дапамогі.

Фота з архіву. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛукашэнкаФото: AP

На 19 сакавіка запланаваны рабочы візіт у расійскую сталіцу прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Па афіцыйнай інфармацыі, кіраўнік краіны абмяркуе з прэзідэнтам Расіі сумесныя пагаденні аб адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны. Незалежныя эксперты выказваюць меркаванні, што беларускі кіраўнік можа зноў прасіць Дзмітрыя Мядзведзева аб фінансавай дапамозе.

Змена вектара?

Незалежныя аналітыкі адзначаюць пэўную змену ў знешніх паводзінах кіраўніцтва Беларусі: з аднаго боку, апошнімі месяцамі вядзецца актывізацыя стасункаў афіцыйнага Мінска з Еўразвязам. За кароткі час краіну наведалі некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў з Брусэля.

Але з другога боку, паводле экспертаў, адмова прэзідэнта Беларусі ад сустрэчы з прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Жаау Барозу Саарашам і нечаканы палёт беларускага кіраўніка ў Ерэван фактычна сарвалі візіт у Беларусь еўракамісара па знешніх сувязях і палітыцы суседства Беніты Ферэра-Вальднер.

Як заўважыў палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч, Беларусь і Арменію не звязваюць ніякія сур’ёзныя адносіны, гандаль мізерны - па гэтым паказчыку Арменія займае апошняе месца сярод гандлёвых партнёраў Беларусі ў СНД. Тым не менш, сустрэча з армянскім кіраўніком для беларускага лідэра аказалася больш важнай, чым кантакты з высокай чыноўніцай Еўрапейскага Звязу.

У Расію па грошы

У сваім выступе ў Віцебску 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што не пацерпіць ніякага ўціску з боку еўрапейскіх структур. "Калі еўрапейцы думаюць, што нас можна трымаць на кручку, увесь час нас дзёргаць і панукаць, калі гэта пазіцыя Еўропы, то мы на такой пазіцыі з дзяржавамі і чыноўнікамі дыялог весці не будзем", - сказаў беларускі прэзідэнт.

Фота з архіву. Прэзідэнт Беларусі і прэзідэнт РасііФото: AP

Пасля гэтага выступу з'явілася афіцыйная інфармацыя, што 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца ў Маскве з прэзідэнтам Мядзведзевым. Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў Віталь Сіліцкі лічыць гэтыя дзеянні "звычайнай гульнёй і даўно адпрацаванай схемай". "Калі трэба паказаць Еўразвязу, каб той "не зарываўся", дык трэба прыгразіць апазіцыі і паехаць у Маскву", - кажа эксперт.

Па словах Віталя Сіліцкага, мэта візіта Лукашэнкі ў Маскву можа быць вельмі банальная: "У нас адно зверхважнае пытанне – грошы знайсці". Аналагічнай думкі прытрымліваецца і першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які мяркуе, што Лукашэнка "ізноў будзе прасіць грошы, таму што стан крытычны".

Атака на апазіцыю

Не застаўся па-за ўвагай экспертаў жорсткі выпад беларускага прэзідэнта на адрас апазіцыі. "Гэта не апазіцыя, гэта пятая калона, гэта ворагі беларускага народа, і яны хочуць у гэтай краіне прыйсці да ўлады", - заявіў Лукашэнка ў Віцебску. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пакуль жывы, ён гэтага не дапусціць.

З меркавання палітолага Ўладзіміра Мацкевіча, прэзідэнт Беларусі, дазваляючы сабе падобныя выказванні на адрас сваіх апанентаў, мае канкрэтныя мэты. "Сучасны беларускі рэжым спрабуе намацаць межы дазволенага, наколькі Еўропа гатовая заплюшчваць вочы на пэўнае свавольства ўладаў пры далейшай нармалізацыі стасункаў", - кажа Мацкевіч.

Палітолаг назваў прэзідэнцкую ацэнку беларускай апазацыі некарэктнай. Але паводле Мацкевіча, дзеля стварэння аб’ектыўнага ўражання пра працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, еўрапейцы выкарыстоўваюць не толькі афіцыйны пункт гледжання, але і меркаванні незалежных экспертаў, аналітыкаў, а таксама і палітычнай апазіцыі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW