1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларусь яшчэ не пачала дыялог з Еўразвязам па праваабарончых пытаннях

15 мая 2009 г.

У Мінску разагнана чарговая акцыя апазіцыі, працягваецца галадоўка салідарнасці з арыштаванымі былымі прадпрымальнікамі з Ваўкавыска, а маладзёна аштрафавалі за ўлёткі з інфармацыяй пра апазіцыйную акцыю.

Белорусский спецназ стоит сомкнувшимся кольцом
Фота з архіву: беларускі спецназ пад час адной з акцыяў апазіцыіФото: picture-alliance/ dpa

Cпецназ з выкарыстаннем сілы разагнаў акцыю апазіцыйных моладзевых арганізацый у цэнтры беларускай сталіцы, апазіцыйныя актывісты працягваюць галадоўку, а сябра дэмакратычнага моладзевага руху суд аштрафаваў за распаўсюд інфармацыйных улётак.

Чарговы разгон

14 траўня ў цэнтры Мінску дэмакратычныя моладзевыя актывісты мелі намер правесці акцыю "Марш за незалежнасць!". Калі некалькі дзесяткаў сябраў "Маладога фронту" і некаторых іншых арганізацый сабраліся ў цэнтры беларускай сталіцы і разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, на пляцы каля Палаца Рэспублікі з’явіліся дзесяткі спецназаўцаў, якія адабралі ў маладзёнаў сцягі і паспрабавалі выціснуць юнакоў і дзяўчат з Кастрычніцкай плошчы. Моладзь, счапіўшыся за рукі, села наўпрост на асфальт.

Фота з архіву: разгон адной з акцый апазіцыіФото: AP

Ад жорсткіх дзеянняў з боку сілавікоў, верагодна, выратавала маладзёнаў прысутнасць на плошчы беларускіх і замежных журналістаў, а таксама кіраўніка Офіса АБСЕ ў Мінску амбасадара Ханса-Ёхена Шміта. Пасля акцыі маладзёнам удалося пакінуць цэнтр гораду і разысціся.

У гэты ж дзень прэвентыўна, яшчэ да пачатку акцыі, як у Мінску, так і ў некаторых іншых гарадах былі затрыманы некалькі дзесяткаў актывістаў моладзевага руху, якіх бліжэй да вечара адпусцілі.

Галадоўка салідарнасці

Фота з архіву: Мікалай АўтуховічФото: Wladimir Osipenko

Працягваецца галадоўка салідарнасці з былымі прадпрымальнікамі з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам, Васілём Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам, у якой бяруць удзел ужо больш за трыццаць актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі ў розных рэгіёнах краіны.

Днямі галадоўцаў наведалі амбасадары некаторых краінаў Еўразвязу, удзельнікаў акцыі падтрымаў дэпутат Еўрапейскага парламента Януш Анышкевіч.

Адзін з арыштантаў – Мікалай Аўтуховіч – ужо некалькі тыдняў працягвае галадоўку ў следчым ізалятары, і па словах яго адваката Паўла Сапелкі, стан здароўя Аўтуховіча ў апошнія дні значна пагоршыўся. Экс-прадпрымальнік патрабуе альбо тэрміновага пачатку судовага працэсу, альбо змянення ўсім тром арыштантам меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Штраф за ўлёткі

14 траўня суд Першамайскага раёна Мінска аштрафаваў моладзевага актывіста Паўла Кур’яновіча на 350 тысяч рублёў.

Суд прызнаў юнака вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Кур’яновіча 12 траўня затрымалі супрацоўнікі міліцыі на праспекце Незалежнасці ў сталіцы. Падчас затрымання ў яго знайшлі інфармацыйныя ўлёткі з заклікам прыйсці на "Марш за незалежнасць!" 14 траўня. Разам з Кур’яновічам была затрымана непаўнагадовая актывістка Вікторыя Ладзіс, якую пазней адпусцілі без складання пратаколу.

Дыялог аб правах чалавека

Фото: AP

Тым часам, дагэтуль не распачаўся дыялог паміж афіцыйным Мінскам і Еўрапейскім Звязам па пытаннях выканання правоў чалавека ў Беларусі.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі Жозэ Мануэль Пінту Тэйшэйра пад час сустрэчы з журналістамі на гэтым тыдні заўважыў, што ў беларускага кіраўніцтва ёсць разуменне важнасці гэтай праблемы, і яно гатова да такога дыялогу, але пасол не змог назваць дакладную дату яго пачатку.

Жозэ Мануэль Пінту Тэйшэйра выказаў спадзяванне, што абмеркаванне стану з правамі чалавека ў Беларусі пачнецца як мага хутчэй.

Автор: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW