1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Бесканфліктны “Чарнобыльскі шлях”

Генадзь Канстанцінаў28 апреля 2008 г.

Да 2 тысяч чалавек узялі ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” 26 красавіка ў Мінску. Гэтую акцію назвалі самай мірнай за апошнія гады.

Фото: picture-alliance/dpa

І гэтым разам улады зрабілі ўсё магчымае, каб інфармацыя нават пра дазволеную Мінгарвыканкамам акцыю не дайшла да шырокай грамадскасці. За некалькі дзён да 26 красавіка ў актывістаў дэмакратычных сілаў былі сканфіскаваныя практычна ўсе налепкі і ўлёткі з інфармацыяй пра час і месца збору ўдзельнікаў гэтага ўжо традыцыйнага мерапрыемства. А за некалькі гадзінаў да пачатку “Чарнобыльскага шляху” міліцыянты затрымалі лідэра аб’яднання ліквідатараў-чарнобыльцаў Аляксандра Ваўчаніна, некаторых іншых актывістаў. А напярэдадні акцыі і ўдзень яе правядзення мясцовыя ўлады спрабавалі нейтралізаваць рэгіянальных дзеячоў апазіцыі, каб тыя не змаглі прыехаць у сталіцу.

Як форма дыялогу

Як адзначыў старшыня аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Аляксандр Мілінкевіч, улада “па-ранейшаму баіцца вулічных акцыяў, яна па-ранейшаму няўпэўнная. І ўсё ж без вуліцы не абысціся, калі ў краіне няма іншых формаў дыялогу з уладаю”.

Як і на ўсіх вулічных акцыях дэмсілаў у апошнія гады, у суботу няшмат людзей прыйшло да Нацыянальнай акадэміі навук, адкуль пачалася акцыя. Паводле старшыні аргкамітэту “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Міклая Статкевіча, “праблемы Чарнобыля не вырашаныя, але беларускае грамадства псіхалагічна да іх адаптавалася. Людзі ўвесь час не могуць жыць у напружанні, у чаканні гора, яны проста прывыкаюць. Такая асаблівасць чалавечае псіхікі. І гэтая праблема, яе публічныя праявы, чарнобыльскія шляхі ўжо не знаходзяць такога водгуку ў грамадстве, як раней”.

Пераважнай большасцю ўдзельнікаў сёлетняй акцыі была моладзь. Як падкрэсліла намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка, “і ў 2008 годзе Чарнобыль застаецца ў Беларусі не толькі галаўным болем, але і болем у сэрцы. Мы памятаем і мы будзем надалей уздзейнічаць на ўзніклую сітуацыю, звязваць гэта з нейкімі зменамі, з дэмакратызацыяй нашае краіны. Бо, безумоўна, праблема не забытая, яна будзе існаваць далей, і мы будзем імкнуцца яе вырашаць”.

Памяць і наступствы трагедыі

“Чарнобыльскі шлях” з’яўляецца хіба што адзінай акцыяй, якая ўздымае праблему Чарнобыля і ўвогуле нагадвае грамадству аб той жудаснай трагедыі, якая адбылася ў 1986 годзе, - адзначае яшчэ адзін моладзевы актывіст Аляксей Янушэўскі. – Афіцыйная ўлада замоўчвае наступствы гэтае трагедыі”.

Ад імя аргкамітэту акцыі мітынг ля сцен Нацыянальнай акадэміі навук, ля якой луналі многія дзесяткі бел-чырвона-белых нацыянальных беларускіх і блакітных еўрапейскіх сцягоў, а таксама партыйных знамёнаў, адкрыў былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Віктар Карняенка: “Вельмі шмат людзей пацярпелі ад той катастрофы. Шмат загінула, шмат пахавалі мы. Аддаць ім даніну павагі мы абавязаныя і хаця б адзін раз у год сабрацца дзеля гэтага”.

Як падкрэсліў член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, прафесар Іван Мікітчанка, які ад першых дзён пасля выбуху займаецца наступствамі катастрофы на ЧАЭС, сітуацыя ў постчарнобыльскай краіне з кожным годам пагаршаецца: “У 1986 годзе нам было ўсё больш зразумела і прасцей, чымся зараз: народ быў здаровы, медыкі фіксавалі толькі 20 адсоткаў хворых дзяцей, астатнія былі здаровыя; мы дакладна ведалі тэрыторыю – зона была дакладна акрэсленая. Сёння сітуацыя зусім іншая. Сёння медыкі фіксуюць, што дзяцей, наадварот, 80 адсоткаў хворых і толькі 20 - здаровых. Сёння мы не ведаем акрэсленае тэрыторыі, сёння ўся Беларусь – зона! Давайце будзем бараніць нашых дзяцей! Пры чым тут яны? Бо краіна вымірае!”

З намі Еўропа

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі вітаў прысутных ад імя замежных палітыкаў: “Хачу перадаць усім удзельнікам “Чарнобыльскага шляху” найвышэйшыя словы падтрымкі ад дэпутата Бундэстагу Марыі-Луізы Бек, якая актыўна займаецца лабіраваннем нашых беларускіх чарнобыльскіх інтарэсаў у еўрапейскіх структурах. Будучыня Беларусі – еўрапейская. Мы павінны прадэманстраваць нашу еўрапейскую годнасць!”

Пасля непрацяглага мітынгу калона рушыла ў бок чарнобыльскае капліцы на вуліцы Арлоўскай. Удзельнікі шэсця, сярод якіх былі дзесяткі кепска заканспіраваных “ціхароў” з гучнымі рацыямі альбо адмысловымі правадкамі ў вушах, амаль увесь час ішлі па ходніках, не парушаючы правілаў дарожнага руху і не перашкаджаючы транспарту, а толькі скандуючы антыядзерныя лозунгі. Былі сярод дэманстрантаў і госці з Расіі і Украіны. За калонай ехалі некалькі аўтазакаў і аўтобусаў з экіпаванымі спецназаўцамі, але прымяняць сілу да мірных дэманстрантаў у гэты дзень сілавікам не давялося.

Да мемарыяльнага камяню ля чарнобыльскае капліцы ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі, паставілі знічкі, не перашкаджаючы грамадзянам, якія рыхтаваліся да праваслаўнае Пасхі, свянціць кулічы ды яйкі, пасля чаго мірна разышліся.

Пропустить раздел Еще по теме
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW