БНФ пачаў падрыхтоўку да юбілейнай 20-й акцыі "Дзяды"
5 октября 2008 г.![](https://static.dw.com/image/2742442_800.webp)
Пра тое, што гэта будзе за акцыя, Deutsche Welle распавёў намеснік старшыні Беларускага народнага фронту Віктар Івашкевіч.
Акцыя як спроба кансалідацыі
“Партыя БНФ вырашыла асабліва падрыхтавацца да акцыі “Дзяды” у сувязі з яе юбілейнасцю – дваццаць год, а таксама ў сувязі з тым, што з “палатачных” выбараў дэмакратычныя сілы выйшлі “разабраныя” і, у пэўным сэнсе, пераспрачаныя", - распавядае Віктар Івашкевіч.
Па словах палітыка, на цяперашні момант неабходна мерапрыемства, якое б зноў кансалідавала сілы, зноў прадэманстравала, што шмат людзей у Беларусі хочуць дэмакратычных пераменаў. "У гэтым сэнсе “Дзяды” і ёсць такой аптымістычнай акцыяй, якой павінен завершыцца палітычны год".
За адраджэнне беларускай культуры
Плануецца, што імпрэза адбудзецца 2-га лістапада - гэта афіцыйная ў бягучым годзе дата правядзення “Дзядоў” як рэлігійнага свята. Як паведаміў палітык, акцыя пачнецца ад Маскоўскіх могілак ускладаннем кветак да магіл Быкава, Караткевіча, Мулявіна, іншых знакамітых людзей, пахаваных на гэтых могілках, а пасля адбудзецца шэсце ў Курапаты".
"У бліжэйшыя дні з’явяцца звароты вядомых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, творчай інтэлігенцыі; дамоўлена, што ў аргкамітэт увойдзе Таварыства беларускай мовы, іншыя дэмакратычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, якія вызнаюць адной з сваіх задачаў адраджэнне беларускай культуры”, -адзначае намеснік старшыні БНФ.
Нагадайма, што самая першая акцыя на “Дзяды” увосень 1988 году была разагнаная праваахоўнымі органамі з выкастыстаннем слезацечнага газу і дручак. (гк)