1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

БХК дзейнічаў і будзе дзейнічаць

Генадзь Канстанцінаў12 мая 2008 г.

Адбыўся з’езд Беларускага Хельсінскага камітэту – найстарэйшай праваабарончай арганізацыі краіны. На форуме было абранае новае кіраўніцтва БХК, падведзеныя вынікі і вызначаныя накірункі дзейнасці на найбліжэйшы час.

Беларускаму Хельсінскаму камітэту (БХК) не далі правесці з’езд на тэрыторыі сталіцы – у апошні момант арганізатарам адмовілі ў некалькіх меркаваных памяшканнях, таму дэлегаты былі змушаныя ехаць у адну з вёсак. Паводле юрыста Алега Гулака, “проста супрацоўнікі нашых спецслужбаў не зразумелі прэзідэнта, калі ён казаў, што выбары трэба правесці так, каб у праваабаронцаў і назіральнікаў не было пытанняў”.

Як адзначае кіраўнік юрыдычнае камісіі камітэту Гары Паганяйла, у апошнія гады арганізацыя зведала шмат цяжкасцяў у сваёй дзейнасці.

“Пачынаючы з 2006 году, урад спрабуе спагнаць з нас запазычанасці па падатках ад выкарыстання фінансавых сродкаў Еўракамісіі ў рамках праграмы ТАСIS. Нас пераследуюць і Міністэрства юстыцыі, і пракуратура, і адміністрацыя Маскоўскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца цэнтральны офіс БХК. Мы гэтыя падаткі не прызнаем і не сплочваем і вядзем актыўную перапіску і размовы з адміністрацыяй прэзідэнта, іншымі інстытуцыямі дзяржавы, але пакуль праблема не вырашаная”.

Адзіная легальная праваабарончая арганізацыя

Апроч таго, адзначае Гары Паганяйла, “у апошнія гады мы зведваем, як і ўсе, ціск дзяржавы на структуры грамадзянскае супольнасці, у першую чаргу, на праваабарончыя арганізацыі”.

БХК – гэта практычна адзіная нацыянальная праваабарончая арганізацыя, якая дзейнічае легальна. “Літаральна нядаўна Мінюст зняў прэтэнзіі па прыпыненні нашае дзейнасці, справа ў Вярхоўным судзе спыненая, але нас могуць зачыніць ў любы момант”, - кажа юрыст.

Ен не выключае чарговага ўзмацнення дзяржаўнага ціску на арганізацыю ўжо найбліжэйшым часам: “Я мяркую, што напярэдадні парламенцкіх выбараў улады ізноў будуць “закатваць” усе структуры грамадзянскае супольнасці, якія гатовыя ўзяць непасрэдны ўдзел у выбарчай кампаніі і ў назіранні за хадою выбарчага працэсу”.

Новы кіраўнік БХК

На з’ездзе новым кіраўніком БХК абраны Алег Гулак, які змяніў былую старшыню арганізацыі Тацяну Процьку, не так даўно падаўшую ў адстаўку.

Як сказаў Алег Гулак, абранне новага кіраўніцтва “не ёсць нейкая каардынальная змена ў БХК, таму што прыйшлі людзі, якія і так даўно ў арганізацыі. Я доўгі час выконваў функцыі кіраўніка, калі Таццяна Сяргееўна была ў ЗША, гэта спакойнае рашэнне, і праца будзе працягвацца ў гэтым жа накірунку”.

По словах новага кіраўніка, БХК плануе узмацніць маніторынгавую, аналітычную працу, працуе над умацаваннем грамадскіх прыёмных, якія дзейнічаюць дзеля дапамогі канкрэтным людзям.

Паводле словаў Алега Гулака, працы для праваабаронцаў у Беларусі пакуль забагата: “З вялікім бы задавальненнем падзяліліся гэтай працай з некім іншым, я маю на ўвазе, каб нас, праваабаронцаў, было больш, бо мы не можам пераварыць нават нязначнай долі тых праблемаў, якія ёсць сёння ў краіне, якія стаяць перад канкрэтнымі людзьмі”.

Беларускі Хельсінскі камітэт быў створаны 1 лістапада 1995 году як незалежнае, непалітычнае, некамерцыйнае грамадскае аб’яднанне, што з’яўляецца актыўным удзельнікам міжнароднага хельсінскага руху. Структуры БХК створаныя амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Пропустить раздел Еще по теме
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW