Выбары - 2008: ці пойдзе апазіцыя на байкот?
8 мая 2008 г.Зміцер Бандарэнка ў свой час быў адным з ініцыятараў і яскравым прыхільнікам дыялогу паміж апазіцыяй і ўладамі. Ён упэўнены, што змены ў Беларусі могуць адбыцца праз дыялог, але трэба мяняць стратэгію, калі змяніліся ўмовы. «Былі пэўныя поспехі, і тое, што вызвалілі пяць палітвязняў, гэта таксама нямала, таму што гэта лёс людзей. У гэты час апазіцыя не была пасіўнай, а вельмі дынамічны быў год, можна ўзгадаць і мінулае 25 сакавіка, і ў гэтым годзе, і Еўрапейскі Марш, і актыўнасць лідэраў апазіцыі на міжнародных кірунках. І сапраўды мы бачылі, што ўлады і Лукашэнка былі ў пэўнай разгубленасці, яны не ведалі, што рабіць, і выбар рабіўся ў апошні момант. Сапраўды, калі б вызвалілі Казуліна, сітуацыя ў Беларусі была б абсалютна іншай”, - адзначыў каардынатар “Хартыі-97” Зміцер Бандарэнка.
Адказ на рэпрэсіі – байкот выбараў
Цяпер жа, паводле каардынатара “Хартыі-97”, становішча істотна змянілася: “На прапановы міжнароднай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі ўлады адказалі новымі арыштамі, новымі рэпрэсіямі, час надзеяў на дэмакратызацыю скончыўся. Немагчыма ўвесь час стаяць з працягнутай рукою, калі руку не толькі не падаюць, але б’юць па ёй дубінкаю”.
Таму, на думку Зміцера Бандарэнкі, адказ дэмсілаў уладзе можа быць дадзены праз выбары: “Калі сітуацыя не зменіцца, я заклікаю да поўнага іх байкоту”.
Такую прапанову адхіляе сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька: “Я не прыхільнік стратэгіі байкоту. Я прыхільнік актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі з пакіданнем права зняцця за некалькі дзён да галасавання ўсіх нашых ста дзесяці кандыдатаў, але толькі пасля таго, як яны выканаюць сваю асноўную ролю па данясенні да людзей нашага паслання, інфармацыі, якая датычыць і палітычнай, і эканамічнай сітуацыі і нашых прапановаў”.
Пасланне выбарцам і адзіны спіс кандыдатаў
Што да паслання будучых кандыдатаў ад АДС, то праца над ім завяршаецца, але асноўным пасылам яго можа стаць, паводле словаў Анатоля Лябедзькі, “народны кантроль над уладай – тое, што зусім адсутнічае ў Беларусі”.
Зараз, як сказаў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вядзецца дыскусія па нюансах паслання: “Ці мы яго робім як прапанову пазітыўнае альтэрнатывы для людзей, ці мы ўсё ж факусуем увагу на тое, што ў Беларусі чатырнаццаць гадоў адсутнічаюць сапраўдныя выбары, няма парламента. У той структуры, якая існуе, няма ніводнага прадстаўніка Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, і як вынік гэтага, у пяці з паловаю мільёнаў грамадзянаў адабралі сацыяльныя гарантыі, у сямісот тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў адабралі перспектыву на добрасумленную працу, “падвесілі” настаўнікаў з адпачынкамі і гэтак далей”.
Паводле Анатоля Лябедзькі, ужо фактычна гатовы адзіны спіс кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў на будучыя выбары: “Адзіны спіс зачынены, там ёсць прадстаўнікі адзінаццаці палітычных і грамадскіх структур і арганізацый, і нават тыя, хто заявіў аб сваім выхадзе з Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, як “Малады Фронт”, пакідаюць сваіх прадстаўнікоў у адзіным спісе і праяўляюць у гэтым вялікую зацікаўленасць”.
Байкот – неабачлівая стратэгія
Што да прапанаванага Зміцерам Бандарэнкам байкоту, то палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць гэтую ідэю неабачлівай, прыгадваючы досвед такога байкоту парламенцкіх выбараў 2000-га году: “Той бакот прывёў да далейшай маргіназізацыі апазіцыйных партыяў, а грамадства яго не заўважыла. Для таго, каб байкот меў нейкі эфект, апазіцыя мусіць быць дастаткова моцнай. Але парадокс у тым, што калі б яна была больш моцнай, яна б упэўнена навязвала свае правілы ўладзе, і ў іншай плашчыні ішла б барацьба”.
Як адзначае Аляксандр Класкоўскі, “пакуль гэтае пытанне падвешанае ў паветры, улады яшчэ ўсё ж такі будуць думаць, яшчэ ёсць шанец, што яны захочуць улагодзіць стасункі з Захадам і трошкі падкарэктуюць стылістыку, у якой праводзяцца выбары. Ва ўсякім разе, ёсць шанс пагуляць на гэтым полі. А калі байкот, то ўладзе ўсё ўжо зразумела, і ў пэўным сэнсе аблягчаецца яе задача”.