Дах'7 - выстава нямецкіх мастакоў у Беларусі
23 июля 2008 г.
Выставу яе беларускі куратар Алесь Родзін назваў Дахам'7. Гэта сёмая па ліку імпрэза доўгатэрміновага праэкту. Увогуле ён аб’ядноўвае мастакоў рознага паходжання, але пераважна тых, хто працуе ў Беларусі і ў Нямеччыне. Назву Дах/Dach - на нямецкай і на беларускай гэта слова мае адзін і той жа сэнс - тлумачыць Алесь Родзін: "Дах як быццам бы аб’ядноўвае і тую старану мастацкую і гэту нашу старану, беларускую".
"Крышачку ў гісторыю"
Алесю Родзіну падаецца важным распавесьці, з чаго ўсё пачалося: “У 2001 годзе ў Берліне была выстава Дах’1. Яе арганізавалі беларускія мастакі Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч. Каля 30 нашых мастакоў прыехалі ў Берлін у Tacheles і выставілі вельмі шырокі спектр сваіх працаў: жывапіс, інсталяцыі, а таксама перфомансы, паэтычныя чытанні”.
Тую выставу Алесь Родзін назваў “вялікай з’явай на той час, калі толькі наладжвалася абменныя мастацкія праэкты”. Менавіта тады яго запрасілі працаваць у Тахелес, і ў яго з'явілася магчымасць запрашаць творчых асобаў з Беларусі і ладзіць у Бэрліне разнастайныя мастацкія акцыі. Запрашэнне ў Tacheles, кажа Алесь Родзін: “Гэта для меня была падзея, мне там майстэрню далі, залю глядзельную, я там выставіўся, працаваў шмат, пазнаёміўся з мастакамі з розных краінаў з усяго свету: і з Японіі, і з Італіі, Мексікі, Новай Зеландыі, Аўстраліі”.
Такі “кактэйль” вельмі ўразіў Алеся Родзіна і з той пары ў яго з’явілася ідэя паказаць у Беларусі вынікі разнастайных творчых памкненняў мастакоў, якія працуюць у берлінскім мастацкім цэнтры Кунстхаус Tacheles.
Ад жывапісу да кампутарнай графікі
На выставе ў Мінску творы мастакоў, якіх Алесь Родзін называе выбітнымі асобамі: жывапіс Б’янкі Флегель, Андреа Каліці, Барбары Фрагогны. Ёсць ў экспазыцыі і творы Алеся Родзіна. Падчас адкрыцця выставы дэманстраваўся відэа-арт Марціна Райтэра і Пэтэра Рідэльсберга. Дарэчы іх відэа-арт праектуецца ля Тахелеса на вялікім экране памерам прыкладна 100 на 100 мэтраў. А Марцін Райтэр вельмі вядомы ў Нямеччыне сваімі перфомансамі. Адзін з іх меў асабліва вялікі розгалас. Мастак аднойчы прывёз шмат цэглы да Брандэнбургскай брамы і пачаў будаваць нешта кшталту бэрлінскага муру. Марцін Райтэр мусіў тлумачыць шматлікім паліцыянтам, што гэта мастацкая, а не палітычная акцыя. І перфоманс той Марцін зладзіў, паліцыянты адступілі.
Таксама цікавай і выбітнай асобай Алесь Родзін назваў Реза Машодзі, творы якога ўвайшлі ў экспазыцію: “Резо Машааді – іранскі мастак, які эміграваў у Берлін у 1993 годзе. Таленавіты, вельмі цікавыя працы. Магчыма, для нашага гледача ня вельмі зразумелыя, таму што яны тычацца вельмі тонкіх сексуальных адносін. Па-мастацку гэта выдатна падана”.
Прынцыпова цікавая з’ява
Супрацоўнік Музея сучаснага мастацтва ў Мінску Андрэй Янкоўскі заўважае, што творчасць берлінскіх мастакоў дастаткова незвычайная для беларускай культурнай прасторы: "Магчыма, для заходняй культурнай прасторы эпатаж – норма. Там людзі больш талерантныя, яны шмат што бачылі. Самыя "бяскрыўдныя" творы мастакоў, якія працуюць пад дахам Tacheles, выклікаюць пытанні у нашай публікі, асабліва ў кансэрватыўнай".
Андрэю Янкоўскаму падаецца, што знаёмства беларускага гледача з выставай берлінскіх мастакоў – прынцыпова цікавая з'ява, таму што Берлін – мульцікультуральны горад: " Tacheles – «притча во языцех». Там здзяйсняюцца самыя фантастычныя культурныя праэкты, якія уражваюць нават жыхароў Берліна».
Працяг будзе
На думку Алеся Родзіна галоўнае – магчымасць далучыцца да атмасферы Tacheles, Бо і сам гэты цэнтр цалкам унікальны: мастакі з усяго свету імкнуцца туда. І, магчыма, Tacheles – тая прастора, дзе можна назіраць і шукаць адказ на пытанне, як мы разумеем мастацтва і як яго разумеюць іншыя. Алесь Родзін мяркуе, што ёсць падставы спадзявацца на ажыццяўленне імпрэзаў пад назвай Дах'8, 9 і гэтак далей. Бо ёсць добрыя сувязі, узаемная цікавасць і мастакоў, і публікі.