1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дыктоўка на гонар БНР і беларускай мовы

Генадзь Канстанцінаў 23 марта 2008 г.

23 сакавіка ў Беларусі адбылася агульнанацыянальная дыктоўка, прысвечаная 90-м угодкам абвяшчэння незалежнасці БНР. У сталіцы акцыя ладзілася ў сядзібах Таварыства беларускай мовы і Партыі БНФ.

Фото: picture-alliance/ ZB

Не ўсе жадаючыя, хто прыйшоў у фронтаўскую сядзібу аб 11-й гадзіне, змаглі адразу напісаць дыктоўку – не хапіла месца, і людзям давялося чакаць наступнага этапу, якіх усяго ў нядзелю было пяць. Як распавёў DW-RADIO ініцыятар і натхняльнік дыктоўкі, палітолаг і публіцыст Уладзімір Падгол, ідэя яе напісання была перанятая ад падобных акцыяў, ладжаных амбасадамі еўрапейскіх краінаў.

“Я быў у амбасадзе Літвы, дзе рыхтаваліся зладзіць літоўскую агульнанацыянальную дыктоўку па ўсім свеце, і я падумаў: а чаму б гэткай дыктоўцы не стаць такой мабілізацыйнай акцыяй да 25-га сакавіка? Апроч таго, да мяне звярнуліся старыя людзі – ветэраны апазіцыйнага руху, яны сказалі: ну, не можам мы больш хадзіць, ногі не дазваляюць, ледзьве да крамы даходзім. Але хочам узяць удзел у святкаванні 90-годдзя БНР. Што б такое вось зрабіць? Я думаю, дыктоўку напісаць! Палякі, літоўцы, французы, галандцы пішуць, чаму б і нам не напісаць?”

Мова, а не палітыка

Для дыктоўкі пасля гарачых дыскусіяў быў абраны тэкст аўтарскага прадслоўя да зборніка вершаў “Дудка беларуская” славутага беларускага літаратара Францішка Багушэвіча. Уладзімір Падгол тлумачыць, чаму быў абраны менавіта гэты тэкст, дзе вельмі моцна Багушэвіч кажа пра бессмяротнасць і важнасць роднае мовы для нацыі беларусаў. “Быў такі аргумент, каб ён быў не вельмі палітызаваным, а больш моўным. Тым больш што і ААН абвесціла Год мовы”.

Новыя формы

Як адзначае яшчэ адзін з арганізатараў дыктоўкі філолаг Уладзімір Сіўчыкаў, “гэтая акцыя вельмі нечаканая, таму што памятаеце, як мы святкавалі – сабраліся на плошчы, прайшлі пэўным маршрутам, памітынгавалі і разышліся. А тут вельмі прываблівае момант нейкай навізны. Як правіла, нам не хапае нейкай эўрыстыкі, нейкіх нечаканых рэжысёрскіх хадоў, і мне здаецца, некаторыя недабразычліўцы проста зніякавелі, бо супраць гэтага цяжка што-небудзь запярэчыць: ніякае крамолы няма ў тым, што людзі сядуць разам і напішуць беларускі тэкст”.

А людзей сабралося багата і вельмі розных, старых і маладых. Былі тут і знакавыя асобы. Напрыклад, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. “Я камандны чалавек, і калі свядомыя беларусы пішуць, то і я пішу. І лічу, што гэта вельмі важная акцыя, якая яшчэ раз звяртае ўвагу на праблемы беларускае мовы, беларускага адраджэння. Я лічу, што не прападзе і не памрэ мова, адродзіцца, бо моладзь за гэтую мову і адчувае яе неабходнасць”.

Дыктоўка аб’ядноўвае людзей

“Гэта, па-мойму, добрае мерапрыемства, не пазбаўленае гумару", - лічыць сябра Сойму БНФ прафесар Юры Хадыка. – "Вось наробім тут памылак, будзе над чым працаваць, а як вядома, у Беларусі ёсць над чым працаваць. Гэта такое мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей, якое дае добрую мэту. Добры пачатак!”

Былы спікер беларускага парламента, генерал Мечыслаў Грыб у даволі сталым узросце спрычыніўся да беларускае справы. Да свайго дэпутацтва палітык нават не размаўляў па-беларуску. “Да беларушчыны я прыйшоў толькі ў Вярхоўным Савеце, калі працаваў дэпутатам, калі чуў натуральную прыгожую беларускую мову. Калі потым мяне абралі старшынём Вярхоўнага Савету 12-га склікання, я вырашыў, што старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь павінен размаўляць на беларускай мове, весці паседжанні на беларускай мове. Я паставіў перад сабою такую мэту і дасягнуў яе”.

Сярод напісантаў дыктоўкі былі і прадстаўнікі зусім маладой генерацыі беларусаў. “Я ўдзельнічаю ў дыктоўцы, таму што хачу падтрымаць салідарнасць з беларускай мовай, паказаць тое, што я - патрыётка”.

Бібліятэкі адмовілі

Арганізатары дыктоўкі звярталіся да сеткі бібліятэк беларускай сталіцы з просьбай прадаставіць у арэнду памяшканні для напісання дыктоўкі, але адусюль атрымалі адмову з недарэчным матываваннем, што такіх памяшканняў няма. Як кажа лінгвіст і перакладчык Лявон Баршчэўскі, “прычына забароны мне няясная. Толькі каб лішні раз укусіць апазіцыю – гэта малая матывацыя для таго, каб забараняць пісаць дыктоўку, каб не мабілізаваць людзей на гэтую непалітычную акцыю, культурніцкую акцыю самаўсведамлення сябе як годных людзей”.

Да гэтай дыктоўкі адмысловае журы абрала яе гімн, якім стала песня Сержука Сокалава-Воюша “Маналог Багушэвіча”, дзе утрымліваюцца вядомыя словы вялікага беларуса, якія былі ўключаныя і ў дыктоўку: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Пропустить раздел Еще по теме
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW