Еўразвяз будзе сачыць за судом над Баразенкам
25 ноября 2008 г.Замест заяўленага раней суддзі Валерыя Есьмана, які падпаў пад абвінавачанні з боку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі пад час нарады па пытаннях барацьбы з карупцыяй, працэс будзе весці суддзя Наталля Вайцяховіч.
Аляксандра Баразенку будуць судзіць за ягоны ўдзел у масавых вулічных акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў, якія адбыліся ў беларускай сталіцы ў студзені бягучага году. Па гэтай справе да буйных штрафаў ці абмежавання волі ўжо асуджаныя 13 чалавек.
Беларускія праваабаронцы, як заявіў у інтэв’ю DW-RADIO старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту юрыст Алег Гулак, спадзяюцца на здаровы сэнс правасуддзя і на справядлівы вырак. "Аналізуючы тое, што было зроблена па "Справе 14-ці" да гэтага, тыя прысуды, якія ёсць, то, на нашу думку, санкцыі прымяняюцца неадэкватныя. Тут увогуле можна гаварыць аб складзе адмінсітрацыйнага правапарушэння, а не крымінальнага".
На думку Алега Гулака, такія жорсткія санкцыі не адэкватныя той сітуацыi, якая адбывалася. "Мы, канешне, спадзяемся, што суд над Баразенкам будзе лепшы, чым мінулыя, таму што ў краіне зараз, скажам, крыху іншая атмасфера. Чаго чакаць? Я думаю, што пакаранне не будзе звязанае з пазбаўленнем волі, нават улічваючы тое, што ён зараз знаходзіцца пад вартай", - адзначыў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту.
Кожны вечар актывісты дэмакратычных моладзевых арганізацыяў ля сцен мінскага следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ладзяць акцыі салідарнасці з Аляксандрам Баразенкам. Апошнімі днямі гэтыя акцыі завяршаліся затрыманнямі іх удзельнікаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў. (гк)