1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Жанна Літвіна: Улада захоўвае стаўленне да мас-медыяў як да прапагандысцкай машыны

1 февраля 2009 г.

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна не мае ілюзій наконт істотнага змянення стаўлення ўлады да СМІ. Але яна лічыць, што цяперашняя "адліга" пры пэўных умовах можа палепшыць сітуацыю.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна ЛітвінаФото: AP

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адзначае, што існавала пэўная аб’ектыўная неабходнасць прыняцця новага закона аб сродках масавай інфармацыі, бо стары закон прымаўся яшчэ ў 1999 годзе, і некаторыя яго нормы з цягам часу састарэлі. Было відавочна, што пэўныя змены ў заканадаўстве ўжо саспелі, але тое, як прымаўся новы закон, па словах кіраўніка БАЖ, можа выклікаць толькі іронію.

Жанна Літвіна нагадвае, што закон быў прыняты за рэкордныя тэрміны: на працягу ўсяго некалькіх дзён закон быў унесены ў парламент, абмеркаваны і прагаласаваны. Закон быў прыняты старым складам парламента, і, з меркавання старшыні БАЖ, ніякай адказнасці гэтыя людзі за тое, за што яны прагаласавалі, не нясуць.

Без ведама экспертаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў некалькі гадоў не магла атрымаць праект новага закона аб СМІ, хоць добра ведала пра тое, што ён распрацоўваецца. Як мяркуе Жанна Літвіна, чыноўнікі наўмысна хавалі законапраект ад вачэй незалежных экспертаў, таму што закон “Аб сродках масавай інфармацыі” – адзін з самых грамадска значных законаў, і яны былі вельмі зацікаўлены, каб не надаць публічнасці і магчымасці абмяркоўваць грамадству гэты законапраект. “Была пастаўлена абсалютна канкрэтная задача прыняць гэты закон як мага хутчэй, і гэтая задача была бліскуча выканана”, - падкрэсліла Жанна Літвіна.

Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, у цэлым новы закон і яго дзеянне пагоршыць умовы існавання СМІ. У самім законе больш пунктаў, якія дазволяць прымяняць санкцыі, звязаныя з закрыццём выданняў, у гэтым законе карныя механізмы больш жорсткія, чым у мінулым.

Станоўчыя моманты

Але ёсць таксама некаторыя станоўчыя моманты, напрыклад, як кажа Жанна Літвіна, дзякуючы змаганню БАЖ за некаторыя пункты гэтага закона, напрыклад, знята норма, якая прадугледжвае неабходнасць узгаднення размяшчэння рэдакцыйнага калектыву з мясцовай выканаўчай уладай. Там няма таксама і нормы, якая забараняла выкарыстанне "тарашакевіцы". "Яшчэ адзін фрагмент, пра які нельга не гаварыць, гэта тое, што існавала пагроза для ўсіх СМІ пры праходжанні абавязковай перарэгістрацыі ўсіх мас-медыя. І тая топ-навіна, якая прыйшла літаральна дзесяць дзён таму з вуснаў міністра інфармацыі спадара Русакевіча, што перарэгістрацыя будзе адбывацца па заяўным прынцыпе, надае надзею", - лічыць Жанна Літвіна.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў падкрэсліла, што пакуль рана рабіць канчатковыя высновы, што да магчымага развіцця падзеяў пасля ўступлення новага Закона "Аб СМІ" у сілу. Па словах Жанны Літвіной, у нашай краіне ёсць нормы заканадаўства, а ёсць практыка прымянення гэтых законаў, і як яно будзе адбывацца, асацыяцыя будзе сачыць. "БАЖ будзе вельмі прынцыпова займацца маніторынгам, аднак сказаць пра вынікі, прааналізаваць сітуацыю мы зможам толькі праз нейкі час", - мяркуе Жанна Літвіна.

Ніякіх ілюзій

Як адзначыла старшыня БАЖ, усе мы сёння з’яўляемся сведкамі крокаў насустрач рэкамендацыям, якія былі выдадзены беларускаму кіраўніцтву Радай Еўразвязу. "Там сапраўды ёсць станоўчыя моманты, але ніякіх ілюзій быць не можа, таму што сёння выканаўчая ўлада захоўвае манаполію на друкаваныя, электронныя СМІ, на сістэму друку, на сістэму распаўсюду, то бок, прынцыпова ў нашай краіне нічога не змянілася", - мяркуе Жанна Літвіна.

На яе думку, улада захоўвае стаўленне да сродкаў масавай інфармацыі як да часткі кіруючыга механізму, як да прапагандысцкай машыны. "Калі мы пераадолеем гэтыя стэрэатыпы, гэтыя рэаліі, тады можна будзе гаварыць пра тое, што ўлада робіць канкрэтныя крокі па ўрэгуляванні ўзаемаадносін са сродкамі масавай інфармацыі", - падкрэсліла старшыня БАЖ.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW