1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Кожны чацвёрты беларускі студэнт, які вучыцца за мяжой, плануе вярнуцца на радзіму

9 октября 2009 г.

Вярнуцца дадому ці няварта? Ці можна нешта зрабіць для Беларусі, застаючыся за мяжой? Ці атрымаецца прыстасаваць замежныя веды да патрабаванняў працадаўцаў? Гэтыя пытанні актуальны для беларускага студэнцтва за мяжой.

Беларускае студэнцтва за мяжой
Беларускае студэнцтва за мяжойФото: Zentrum für Osteuropäische Forschungen in Litauen

Пад гарадком Дубінкі на Віленшчыне ў трэці раз прайшоў злёт студэнтаў-беларусаў з усяго свету. Ладзіць гэты з'езд літоўскі Цэнтр усходне-еўрапейскіх даследаванняў. Паводле арганізатараў, яны проста хочуць дапамагчы раскіданым па ўсім свеце беларусам не згубіцца.

"Каб яны не забываліся, хто яны, не забываліся на сваю Радзіму. Каб яны шукалі штосьці агульнае і размаўлялі пра Беларусь", - гаворыць каардынатарка праекту Юлія Наркявічутэ.

Радзіма вабіць не ўсіх

Танцуючы з бел-чырвона-белым сцягам пад спевы запрошанага беларускага гурта, маладзёны разважаюць над дылемай – ці давядзецца калі зноў жыць у Беларусі.

Сярод некалькіх дзесяткаў удзельнікаў – пераважна навучэнцы еўрапейскіх вучэльняў, але сёлета далучыліся і "амерыканцы". Для Міколы Цімашэнкі, будучага адваката і выпускніка універсітэта ў Нью-Джэрсі, пытанне не стаіць – у Беларусь ён вернецца абавязкова гадоў праз 5-7. "Спадзяюся, да таго часу рэжым Лукашэнкі падзе, тады я змагу паўней раскрыць свой патэнцыял для маёй краіны", - кажа маладзен.

Беларускія студэнты, якія вучацца за мяжой, пакінулі Беларусь па палітычных прычынахФото: AP

Для іншых усё не так адназначна. Венедыкт Кляўззэ, выпускнік Варшаўскага універсітэта паводле праграмы Каліноўскага, пакуль шукае працу толькі ў Польшчы. "Ніхто не кажа, што мы не можам працаваць у Беларусі – проста гэта будуць банальна іншыя грошы і менш магчымасцяў іх патраціць", - кажа Венедыкт.

А вось юрыстка Юлія Бусько з Жодзіна, што стала магістаркай у Нямеччыне, а цяпер піша доктарскую працу ў Фларэнцыі, у Беларусь можа і хацела б, бо "карані - гэта карані, яны застаюцца". "Але ці прыме яе Беларусь з новымі гарызонтамі і новай адукацыяй?" – задае пытанне дзяўчына.

Юлія лічыць, што вярнуўшыся ў Беларусь, трэба будзе рэінтэгравацца, бо жыццё не стаіць на месцы. Разважаючы, якімі ведамі яна валодае, студэнтка не зусім перакананая, што зможа іх выкарыстаць на радзіме.

Вяртанне ў Беларусь – план "Б"

Паводле каардынатаркі праекту, вяртанне ў Беларусь для большасці застаецца не прыярытэтам, а запасным варыянтам, планам "Б". Некаторыя студэнты нават кажуць, што яны вяртаюцца ненадоўга дадому і не могуць паразумецца з аднагодкамі, бо ўжо па-іншаму думаюць.

Тыя, хто нікуды з Беларусі не з’язджаў, да "эмігрантаў" ставяцца хто з доляй зайздрасці, а хто – асуджэння. Алесь Крот з арганізацыі "Студэнцкая рада" ў Менску, шкадуе аб людзях, для Беларусі назаўсёды страчаных.

"Трохі прыкра, што шмат беларусаў проста бяжыць ад гэтых усіх цяжкіх умоў у Еўропу – самыя разумныя, самыя інтэлігентныя – і не робіць нічога, каб выцягнуць Беларусь з гэтага калапсу", - кажа Алесь.

За час правядзення злётаў, утварылася нефармальная сетка беларусаў-студэнтаў замежжа – для падтрымання сувязі. Паводле разлікаў арганізатараў, вяртанне ў Беларусь сур’ёзна плануе прыблізна кожны чацверты ўдзельнік. Ва ўмовах "уцечкі мазгоў" і такі працэнт вяртання людзей з заходняй адукацыяй – гэта плюс для краіны, гавораць яны.

Аўтар: Вадзім Вілейта, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW