1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Кіраўнікі МЗС Беларусі, Літвы і Украіны абмеркавалі рэгіянальнае супрацоўніцтва

15 февраля 2009 г.

Беларусь гатовая забяспечыць транзіт украінскай электраэнергіі праз сваю тэрыторыю ў Літву. Аб гэтым заявіу ў Вільні міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў падчас сустрэчы з калегамі з Літвы і Украіны.

Фота з архіву. Вільня
Фота з архіву. ВільняФото: AP

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў падчас сустрэчы ў Вільні з кіраўнікамі МЗС Літвы і Украіны 14 лютага паведаміў пра тое, што Беларусь гатовая забяспечыць транзіт украінскай электраэнергіі ў Літву. Адпаведныя дамовы тры краіны збіраюцца падпісаць у траўні. Бакі абмеркавалі таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва і ў шэрагу іншых галінаў.

Працаваць з суседзямі і з Усходу, і з Захаду

Канкрэтныя дамоўленасці падчас сустрэчы ў літоўскай сталіцы дасягнутыя не былі. Аднак бакі заявілі, што тры дзяржавы Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну гатовыя да практычнага энергетычнага супрацоўніцтва. Як зазначыў міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас, у канцы гэтага года будзе зачыненая Ігналінская АЭС, таму Літва зацікаўленая ў набыцці электраэнергіі на іншых рынках. Паводле Ушацкаса, падчас перамоваў у Вільні быў нададзены палітычны імпульс, каб эксперты да траўня бягучага году дасягнулі дамоўленасцяў аб аб’ёмах і коштах паставак электраэнергіі.

Беларускі міністр Сяргей Мартынаў выказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва не толькі ў галіне энергетыкі. Мартынаў падкрэсліў, што беларускія энергетыкі цяпер працягваюць кантакты, каб дамовіцца аб задавальненні энергетычных патрэбаў усіх краін рэгіёну. "Апроч энергетыкі існуе яшчэ маса рэгіянальных праектаў, у якіх нашы дзяржавы могуць супрацоўнічаць – гэта і транспарт, і лагістыка. Мы гатовыя працаваць разам і ў гэтым бачым важную перавагу", - запэўніў міністр.

Пры гэтым Мартынаў не згодзен з тым, што актыўнасць Беларусі на Захадзе можа разглядацца як накіраваная супраць Расеі. Ён падкрэсліў, што Мінск не збіраецца адмаўляцца ад узаемадзеяння з ніводным з суседзяў, тым больш ад дасягнутай глыбокай інтэграцыі з Расеяй, таму што гэта было б неразумна. Паводле міністра, Беларусь будзе працаваць з суседзямі і з Усходу, і з Захаду.

Фота з архіву. Хавьер Салана і Сяргей МартынаўФото: AP

Еўрапейская будучыня

Аднак падчас сустрэчы ў Вільні відавочна пераважваў заходні вектар, які асабліва настойліва падкрэсліваў міністр замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка: "Мы ўсе – еўрапейскія краіны, якія лучаць еўрапейскія каштоўнасці, еўрапейскае бачанне. У нас не толькі агульная мінуўшчына, але і будучыня, і гэтая будучыня – еўрапейская".

Шэф літоўскай дыпламатыі Ушацкас не выказаў Беларусі ніводнай прэтэнзіі з нагоды планаў будаўніцтва ў Астравецкім раёне новай атамнай электрастанцыі – Літва толькі просіць аб усім яе своечасова інфармаваць і трымацца найвышэйшых стандартаў бяспекі. Мартынаў запэўніў, што Беларусь будзе трымацца сваіх абавязанняў. Ён выказаў ўпэўненасць, што АЭС, якія плануюць будаваць Літва і Беларусь, павінны стаць не прадметам спрэчак і крыўдаў, а аб’яднання намаганняў і ўзмацнення ўзаемных магчымасцяў.

Галоўныя дыпламаты трох краін разам з жонкамі адсвяткавалі дзень святога Валянціна на курорце ў Друскеніках. Падчас нефармальнай вячэры яны яшчэ абяцалі абмеркаваць перспектывы ўдзелу Беларусі і Украіны ў праграме Усходняга партнёрства Еўразвязу. Кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства выказаў спадзяванне, што гэтая перспектыва падштурхне абедзве краіны да адкрытага грамадства і дэмакратыі.

Вадзім Вілейта

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW