1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лукашэнка адправіў у адстаўку Шэймана і Нявыгласа

Паўлюк Быкоўскі8 июля 2008 г.

8 ліпеня прэзідэнт Беларусі рэалізаваў сваю пагрозу і адправіў у адстаўку дзяржсакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Генадзя Нявыгласа.

Фото: AP

На нарадзе па хадзе расследавання выбуху, што адбыўся на святочным канцэрце ў Дзень незалежнасці, 7 ліпеня ў Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка выказаў незадавальненне сілавікамі і кінуў папрок у бок дзяржсакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана.

“Не думаю, Віктар Уладзіміравіч, што Вы мусіце застацца ў гэтай пасадзе пасля гэтага інцыдэнту. Вы вінаватыя першым чынам. Вы па даручэнні прэзідэнта ні адзін год, а 10 гадоў, арганізоўвалі падобныя мерапрыемствы. Ды я больш за вас ведаю, што там адбылося!"

Шэры кардынал

Адразу ўказ не паследаваў, па паводзінах дзяржаўнай прапагандысцкай машыны цяжка было зразумець ці будуць словы прэзідэнта мець працяг. Аднак у інтэрв'ю DW-RADIO палітолаг Валер Карбалевіч адназначна сказаў, што пасля гэтых словаў указ з'явіцца абавязкова. І як у ваду глядзеў!

8 ліпеня з'явіўся указ №368 аб вызваленні В.Шэймана ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі “ў сувязі з пераходам на іншую працу". Месца працы не называецца. Указам за нумарам 367 таксама ад пасады пазбаўляецца Генадзь Нявыглас, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Праўда ў ягоным выпадку дадаецца - "залічыць генерал-лейтэнанта Г.М.Нявыгласа ў распараджэнне Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", якой ён раней кіраваў.

Ёсць і іншае адрозненне – Генадзь Нявыглас не быў палітычнай фігурай, а Віктар Шэйман быў. Больш за тое, ён быў апошнім чалавекам, з той каманды, якая прывяла Лукашэнка да ўлады. Увесь гэты час ён бесперапынна курыраваў сілавыя структуры. Яго лічылі адным з "шэрых кардыналаў" гэтага кіроўнага рэжыму.

Зручная нагада?

Не ўсе ведаюць, што на пачатку беларускай незалежнасці Віктар Шэйман быў адным з кіраўнікоў "Беларускага згуртавання вайскоўцаў", патрыятычнай арганізацыі, якая ў той час аб'ядноўвала вайскоўцаў беларускага паходжання, якія яшчэ за савецкім часам марылі пра ўтварэнне беларускага войска. Згуртаванне ўзначальваў Мікола Статкевіч. Мы да яго патэлефанавалі з просьбай распавесці пра Віктара Шэймана як асобу. Статкевіч адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што не сустракаўся з Шэйманам каля 15 гадоў. За тое палітык Статкевіч выказаў свае меркаванні наконт адстаўкі свайго былога падначаленага:

"Выбух, які адбыўся ў ноч з 3 на 4 ліпеня, з'яўляецца толькі зручнай нагодай для кадравых ратацыяў у атачэнні Лукашэнкі. Сапраўдная прычына адстаўкі Шэймана з'яўляецца барацьба каляўладных кланаў, і гэта сведчанне росту ўплыву... клану, які ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Раней гэтаму клану ўдалося прасунуць гэтых людзей на такія важныя сілавыя пасады як старшыня КДБ і камандуючы Памежных войскаў. Цяпер справа за гэтай пасадай. І такі выбух з'яўляецца зручнай нагодай”.

Другое. Ужо даўно ў сілавых структурах гулялі чуткі, што Шэйман, мабыць, магчыма з-за таго, што адчуў сваю будучую апалу, меў несанкцыянаваныя кантакты ў Крамлі. Лукашэнка звычайна вельмі хваравіта рэагуе на такую інфармацыю і справядліва лічыць яе вельмі небяспечнай для сябе.

І ў рэшце-рэшт, памятаеце вядомы даклад Пургурыдэса (Christos Pourgourides http://assembly.coe.int/Main.asp?link=http://assembly.coe.int/Documents/AdoptedText/ta04/EREC1657.htm) для Савету Еўропы па Беларусі, дзе Шэйман называецца галоўным арганізатарам знікнення беларускіх палітыкаў у 1999 годзе. І Лукашэнка можа скарыстаць гэты выбух, каб пазбавіцца Шэймана не губляючы твару. Маўляў, не пад ціскам Захаду, а з-за таго што недагледзіў. І такім чынам, гэта можа быць цалкам скарыстана як чарговы сігнал аб нібыта дэмакратызацыі Беларусі.

Што будзе?

Але ўсё ж мне здаецца, што далёка Шэймана не адставяць. Усё залежыць ад яго сапраўднай ролі ў справе аб выкраданні Ганчара, Захаранкі. Ці сапраўды ён быў арганізатарам гэтых выкраданняў. І калі так, то ці дзейнічаў ён самастойна, ці па прамому загаду Лукашэнкаву. У апошнім выпадку Лукашэнка заўсёды будзе палохацца, што ў Шэймана ёсць нейкія доказы. І таму ён не будзе адпускаць яго далёка... Гэтыя палітыкі будуць звязаныя паміж сабой да канца".

Мікола Статкевіч закрануў магчымыя наступствы адстаўкі Віктара Шэймана, якія афіцыйны Мінск можа выкарыстаць для паляпшэння стасункаў з Захадам. Мы папрасілі пракаментаваць гэтую версію палітолага Андрэя Фёдарава:

"Ён не звольнены з пасады, а будзе пераведзены на іншую. Шмат што будзе залежыць ад таго, на якую пасаду ён перайдзе. Калі гэта будзе гэтаксама ўплывовая пасада – гэта прынцыпова нічога не зменіць... Пакуль вельмі цяжка даць адназначны адказ, ці палепшыць гэта стасункі Беларусі з Еўрапейскім Звязам. Гэта, безумоўна не пагоршыць адносіны, але наконт паляпшэння – такой упэўненасці ў мяне няма".

Пропустить раздел Еще по теме
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW