1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лідэраў «Маладога Фронту» уведамілі пра завочны арышт

21 мая 2008 г.

Лідэры “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч атрымалі пісьмовыя ўведамленні, што яны ў сярэдзіне траўня асуджаныя на 7 сутак завочнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 1 траўня.

Лідэр “Маладога Фронту” Зміцер ДашкевічФото: AP

1 траўня каля Нацыянальнай бібліятэкі дэмакратычныя актывісты планавалі адзначыць Дзень Еўропы – пятую гадавіну пашырэння Еўрапейскага Звязу, але каля трыццаці чалавек былі затрыманыя спецназаўцамі, а лідэра “Народнай грамады” Мікалая Статкевіча асудзілі на дзесяць сутак адыіністратыўнага арышту.

Моладзевых актывістаў пратрымалі каля трох гадзінаў у РУУС Першамайскага раёну сталіцы, пасля чаго адпусцілі, узяўшы падпіску пра іхную абавязковую яўку ў суд па першым патрабаванні. Але, як сталася відавочным, ніякага патрабавання не паследавала, а суды адбыліся без саміх абвінавачаных. Ды і прысуд – завочны адміністратыўны арышт – выпадак даволі незвычайны. Цяпер маладзёны за наймалейшае парушэнне на 7 сутак могуць апынуцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна без усялякага суда.

Зміцер Дашкевіч распавеў, што такога ніколі раней не было. “Раней хаця б папярэджвалі, я пакінуў нумары сваіх і мабільнага, і хатняга тэлефонаў, але ніхто мне не тэлефанаваў. Відавочна, улада не хоча прыцягваць увагу да гэтых судовых працэсаў, але ўсё ж вымушаная іх правесці, каб не даваць паслабленне дэмакратам - маўляў, правялі мерапрыемства, а вам за гэта нічога няма”.

На думку актывіста, з аднаго боку, улада сведчыць, што будзе адбывацца пераслед усіх, хто ўдзельнічае ў любых формах мірных акцыяў, а з іншага боку, робіць гэта ўціхую, каб Еўропа гэтага не заўважыла.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW