Магілеўскія апазіцыянеры працуюць з выбарцамі
9 декабря 2008 г.Магілеўскія апазіцыянеры спрабуюць дапамагчы гараджанам вырашыць простыя, жыхарскія клопаты, напрыклад праблемы "дамоў першай масавай серыі", ці іначай "хрушчовак".
Працаваць як дэпутаты
На апошніх парламенцкіх выбарах каардынатар мясцовай кааліцыі грамадска-палітычных сіл Аляксандар Сілкоў балатаваўся па магілеўскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №85. З пяці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат трое былі прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацый. Але ў выніку, згодна з дадзенымі выбарчай камісіі перамог праўладны кандыдат. Тым не менш, палітык вырашыў працягваць барацьбу:
"Мы вырашылі з камандай зрабіць наступным чынам: у нас было восем канкрэтовых перадвыбарных абяцанняў, і па кожным мы будзем працаваць амаль як дэпутаты, з усіх высілкаў".
Галоўная праблема, падкрэслівае Аляксандар Сілкоў, была жыллева-камунальная – "хрушчоўкі". "І мы зараз людзям тлумачым, што мы працуем далей".
Прымусіць уладу выконваць абавязкі
Дапамагае экс-кандыдату ў дэпутаты адзін з актывістаў Партыі БНФ Віталь Макаранка. Ен сам жыве ў "хрушчоўцы", таму ўсе праблемы жытла "першай масавай серыі" адчуў на сабе. Ад свайго імя палітык нават падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне мітынгу 13 снежня. Аднак, дазволу пакуль няма.
Гэта не сапсавала настрой пачынальнікаў акцыі. Галоўнае, паводле Аляксандра Сілкова - прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы. А гэтае за апошнія некалькі месяцаў зрабіць атрымалася.
Перспектыва мітынгаў прымусіла прыслухацца да меркаванняў апазіцыянераў: "Не маючы дэпутацкага мандату мы зрабілі так, што ў Магілеўскім гарвыканкаме ўжо асобным радком у бюджэце пазначаныя выдаткі на рамонт "хрушчовак". Не трэба самому вырашаць праблемы гэтых дамоў. Трэба прымусіць саму ўладу выконваць гэтыя абавязкі".
Дамы патрабуюць рамонту
Першую магілеўскую "хрушчоўку" пабудавалі ў 1962 годзе. Тэрмін эксплуатацыі такіх дамоў 50 гадоў, таму ўсе 344 будынкі цяпер патрабуюць капітальнага рамонту.
У якасці эксперыменту ў 12 дамах была праведзеная цепларэнавацыя, аднак яе кошт для адной стандартнай шасціпад’езднай пяціпавярхоўкі склаў каля 370 тысячаў еўра. Натуральна, на ўсе грошай не хопіць, а комплекснай праграмы па "хрушчоўках" у Беларусі няма.
Таму, паводле Віталя Макаранкі, апазіцыйныя палітыкі рыхтуюцца да працяглай барацьбы: "Нашыя наступныя крокі – гэта, па-першае, інфармаванне насельніцтва аб сітуацыі, аб магчымых шляхах вырашэння гэтых праблем. Па-другое, гэта непасрэдная дапамога жыхарам "хрушчовак" у абароне іх правоў".
Віталь Макаранка кажа, што праблемаў шмат, а людзі не ведаюць, як і куды звяртацца, атрымліваюць адпіскі звычайныя. "Мы робім крокі па згуртаванні насельніцтва, каб паўставалі дамовыя камітэты, якія маглі б самастойна бараніць свае правы".
Калі ўсе атрымаецца, то жыхары "хрушчовак" могуць аб’яднацца ў сапраўдны сацыяльны рух, і гэтае можа зрабіць цалкам іншым расклад праз чатыры гады – на наступных парламенцкіх выбарах.