Моладзь жадае абмеркаваць законапраект, датычны моладзі
11 января 2009 г.Беларускія недзяржаўныя моладзевыя структуры жадаюць узяць удзел у абмеркаванні законапраекта "Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі", які, як высветлілася, ужо паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пра гэта было заяўлена пад час адбытага ў нядзелю ў сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) "круглага стала" з удзелам чальцоў больш як дзесяці моладзевых арганізацый.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла моладзевае крыло АГП "Маладыя дэмакраты", а ўдзельнікамі былі прадстаўнікі арганізацый "Малады фронт", "Моладзь БНФ", ЛКСМБ, "Ініцыятыва", "Задзіночанне беларускіх студэнтаў", "Маладая Беларусь", "Еўрапейскі моладзевы парламент", а таксама рэпрэзентанты Беларускага Хельсінскага камітэта і прававаабарончага цэнтру "Вясна".
Дарэмныя спробы
Пра тое, што датычны моладзевай палітыкі законапраект ужо знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў, па словах аднаго з лідэраў "Маладых дэмакратаў" Міхаіла Пашкевіча, стала вядома з кароткага паведамлення ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве пры канцы мінулага году. Як высветлілася, фармальна змест дакумента быў даведзены толькі да ведама афіцыйных моладзевых структур – БРСМ, піянерскай і скаўцкай арганізацый. Недзяржаўныя моладзевыя структуры нават не атрымалі копіі праекта гэтага закона.
Як адзначыў Міхаіл Пашкевіч, за апошні тыдзень на ўсе яго спробы датэлефанавацца да Палаты прадстаўнікоў і атрымаць копію законапраекта ён чуў толькі адмоўныя адказы. Спроба знайсці тэкст законапраекта на афіцыйных парталах, куды адсылалі актывістаў, скончыліся безвынікова. "Самае цікавае, што нават метадыст апарату Палаты прадстаўнікоў кажа, што ў іх копія законапраекта толькі адна ў папяровым выглядзе, і нікому яны яе не пакажуць", - паведаміў Міхаіл Пашкевіч.
Па словах даследчыцы моладзевых медыяпраектаў, гісторыка Ірыны Віданавай, сёння варта прыцягнуць да абмеркавання законапраекта не толькі ўжо зарганізаваныя моладзевыя структуры, але і простых людзей маладога пакалення. Калі думаць пра нейкае дзеянне ў звязку з гэтым законам, то вельмі важна патрабаваць публічнасці, лічыць Віданава.
Менш радыкалізма
Што да саміх дэмакратычных моладзевых структур, то, на думку аналітыка Ліберальнага клуба, сябра групы маладых экспертаў у судзеянні з даследчым цэнтрам Мізеса Яўгена Прэйгермана, сёння ім таксама трэба мяняць тактыку: максімум актыўнасці ў тых сферах, у якіх яны маюць пэўную кампетэнцыю, менш радыкалізму ва ўсіх іх дзеяннях. На думку Яўгена Прэйгермана, радыкалізм выглядае жахліва для тых людзей, якія толькі пачынаюць асэнсоўваць тое, што здараецца ў грамадстве.
"А калі мы станем меньш радыкальнымі, ва ўмовах сённяшняга становішча, якія яно нам дае, у нас ёсць магчымасць стаць публічнымі", - лічыць маладзён.
Як абгрунтаваў сваё меркаванне малады ліберал, "хочуць тыя людзі, якія зараз знаходзяцца пры ўладзе, ці не, але ёсць пэўныя чыннікі, якія прадштурхоўваюць іх да таго, каб слухаць нас і рабіць тое, што больш менш не тычыцца такіх ужо выключна палітычных аспектаў, але але ж для нас важна".
Патрэбны сапраўдны дыялог
Прадстаўнік "Маладых дэмакратаў" Фёдар Масленнікаў нагадаў, што сёння ў дзяржаве рэалізуецца афіцыйная праграма "Моладзь Беларусі", якая, на думку актывіста, мае дэкларатыўны характар.
Гэтая праграма, як у ёй запісана, павінная падвышаць прэстыж атрымання адукацыі, там прадугледжана праца з кадрамі па падвышэнню якасці адукацыі, выхаванне грамадзяніна – патрыёта, падвышэнне ўмоваў працаўладкавання, удзел у сацыяльна-эканамічным жыцці краіны, дапамога маладым сем’ям і гэтак далей.
Фёдар Масленнікаў упэўнены, што прынцып, калі дзяржава распрацоўвае законапраект, а потым працуе на ўзроўні суб’екта кіравання ў дачыненні да моладзі, не ёсць самым лепшым дыялогам. "Тут трэба стварыць яшчэ і адваротную сувязь, і было б пажадана, каб моладзь магла хаця б ускосна ўдзельнічаць у распрацоўцы такіх законапраектаў", - мяркуе Фёдар Масленнікаў.
"Еўраепейскія слёзы"
Як адзначыў лідэр салігорскіх маладафронтаўцаў Іван Шыла, "другі шлях, які, на жаль, зараз вельмі папулярны – гэта ліць еўрапейскія слёзы і ўплываць канкрэтна на дыпламатаў, якія гэтыя пытанні ўздымаюць у кулуарных перамовах з рэжымам Лукашэнкі, і толькі такім чынам мы можам у парадак дня, які абмяркоўваецца з той жа намесніцай кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Няталляй Пяткевіч, унесці нашы прапановы".
Як бы то ні было, прадстаўнікі моладзевых арганізацый вырашылі з дапамогаю прафесійных юрыстаў дабіцца атрымання тэксту законапраекта, абмеркаваць яго ў сваіх структурах і сабрацца праз два тыдні, каб вырашыць, што рабіць далей.
Генадзь Канстанцінаў