Мікалай Статкевіч: “Мы рыхтуем кандыдатаў і адсочваем дзеянні ўладаў”
Пра гэта DW-RADIO заявіў каардынатар кааліцыі Мікалай Статкевіч, каментуючы сваё стаўленне да заклікаў некаторых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху Беларусі да байкоту выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія адбудуцца ўвосень бягучага году.
“Няўдзел” альбо “спыненне ўдзелу”
“Па-першае, я хачу сказаць, што я не ўжываў слова “байкот”, таму што ў маім разуменні байкот – гэта палітычная кампанія, накіраваная на зрыў выбараў. А выбары гэтыя сарваць немагчыма, бо іх няма, і камісіі могуць зрабіць любую яўку. Акрамя таго, існуе ціск на выбаршчыкаў, каб яны прыйшлі на выбары. Успомніце каласальныя лічбы прымусовага папярэдняга галасавання. Я б больш карэктным лічыў выраз “няўдзел” альбо “спыненне ўдзелу”.
Па словах палітыка, пазіцыя “Еўрапейскае кааліцыі” была сфармаваная яшчэ летам мінулага году, і сутнасць яе ў тым, што ў "спектаклях яна ўдзельнічаць не будзем. Мы пакідаем уладам шанс паправіць Выбарчы кодэкс ці змяніць практыку яго прымянення. Тэарэтычна дапускаючы, што ўлада можа пайсці на гэта, а падрыхтоўка да выбараў патрабуе часу, мы вядзем падрыхтоўку да гэтых выбараў. Але пакідаем за сабою права спыніць яе ў той момант, калі мы пераканаемся, што выбараў зноў няма”.
Паэтапная магчымасць для выхаду з выбарчай кампаніі
Як распавёў Мікалай Статкевіч, у выбарчай кампаніі будуць некалькі этапаў, калі можа быць прынятае рашэнне аб выхадзе кандыдатаў ад “Еўрапейскай кааліцыі” з выбарнай гонкі. “Я думаю, што першым этапам, на якім мы ацэнім, ёсць выбары ці не, будзе фармаванне выбарчых камісіяў. Другім этапам – рэгістрацыя кандыдатаў. Трэцім этапам, калі да яго дойдзе, - практыка датэрміновага прымусовага галасавання. Вось на адным з такіх этапаў мы можам прыняць такое рашэнне".
"Чаму не адразу адмовіцца? А раптам улада, калі апазіцыя папросту адмовіцца ад удзелу ў выбарах, правядзе сумленныя выбары з удзелам толькі сваіх кандыдатаў? Такое ўжо было ў 2000-м годзе, калі кандыдаты ад улады канкуравалі паміж сабою. Акрамя таго, такая схема, безумоўна, дае магчымасць скарыстацца выбарчай кампаніяй для правядзення прапагандысцкай кампаніі - для нас, напрыклад, на карысць інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз. Мы зараз рыхтуем кандыдатаў і адсочваем дзеянні ўладаў”.