1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

На беларускіх літаратараў звярнулі ўвагу еўрапейскія выдаўцы

Марына Мазуркевіч13 ноября 2008 г.

Чым гэта абумоўлена? Якое месца займае сёння беларуская літаратура ў еўрапейскай культурніцкай прасторы? І як ставяцца да яе еўрапейцы?

Як гэта ні дзіўна, але менавіта цяпер сучасная беларуская літаратура найбольш актыўна выходзіць у свет. Не сакрэт, што у незалежных творцаў узнікаюць розныя цяжкасці з друкаваннем кніг у Беларусі. І ў той жа момант, адзначае старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, з беларускай мовы сучасныя тэксты перакладаюцца больш актыўна, чым гэта было ў "лепшыя савецкія гады".

"Прычынаў складнікаў гэтага шмат. Найперш увага наогул да Беларусі. У еўрапейскіх дзяржавах не ў апошнюю чаргу глядзяць, якая ж культура ў краіне. І таму вельмі актыўна зараз беларускіх творцаў перакладаюць і на Украіне, і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Нямеччыне, і ў Швецыі", - распавядае Алесь Пашкевіч.

Паводле старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, лідэрам па перакладах на замежныя мовы быў і застаецца народны пісьменнік Васіль Быкаў. Добра ведаюць у іншых краінах беларускіх творцаў – Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Андрэя Хадановіча, Святлану Алексіевіч.

Па палове кнігі ў год

Нядаўна пабачыў свет першы пераклад кнігі непасрэдна з беларускай мовы на шведскую. – гэта выбраныя творы з кнігі "Жыць не страшна. Фрэскі" Барыса Пятровіча. А 12 лістапада ў амбасадзе Літвы ў Мінску адбылася прэзентацыя вершаў Алеся Разанава "Паляванне ў райскай даліне", а таксама анталогіі сучаснай беларускай паэзіі "Святло ў вокнах". Гэта 140 вершаў 24 паэтаў, якія загучалі на літоўскай мове, дзякуючы вядомым перакладчыкам Владасу Шымкусу, Владасу Бразюнасу, Йонасу Стралкунасу.

Літоўская перакладчыца Альма Лапінскене адзначае выключнасць з’яўлення такой анталогіі. Калі адсочваць статыстыку, дык апошнім часам з беларускай мовы на літоўскую перакладалася ў год па... палове кнігі. Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Літвы Бірута Янушкайтэ тлумачыць:

"Да гэтай анталогіі былі пераклады беларускай паэзіі, але выпадковыя. Яны друкаваліся ў нашых культурніцкіх выданнях. Так, каб выйшла ў гэтыя часы сучасная беларуская паэзія, анталогія – гэтага не было. Каб рабіць, трэба мець грошы. Гэта таксама пытанне – адкуль іх узяць".

Вершы не кормяць

Як адзначае літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас, грошы знайшло Міністэрства замежных спраў Літвы. Анталогія – праект не камерцыйны, падкрэслівае выдаўца Вілюс Гужаўскас:

"Кнігі прадаюцца, але не настолькі, каб можна было жыць з гэтага выдаўцу".

Наклад абедзьвюх кніг невялікі – па 500 асобнікаў. Спадар Гужаўскас адзначае, што і літоўская паэзія выдаецца цяпер не нашмат большымі накладамі, бо склаўся такі стэрэатып, што людзі сёння вершаў не чытаюць.

Літаратура як трыбуна

Пытанне пра месца беларускай літаратуры ў еўрапейскай культурніцкай прасторы Бірута Янушкайтэ лічыць недарэчным.

"Бо сама Беларусь ёсць еўрапейская краіна. Гэта значыць, што і творчасць еўрапейская. Ну як інакш? А які ўзровень, якая якасць – гэта іншая справа".

Складальнік анталогіі "Святло ў вокнах" доктар гуманітарных навук Гендрык Пяткевіч у еўрапейскай якасці твораў беларускіх літаратараў ніколькі не сумняваецца:

"Беларуская літаратура, я не скажу нават, што прабівае сабе дарогу – яе ведаюць. Толькі яе трэба (былі калісьці такія людзі - "кніганошы"), несці у масы. Тады яе будуць ведаць усе".

У той жа час навукоўца Адам Мальдзіс звяртае ўвагу на выбітнасць беларускай літаратуры, якая адначасова з’яўляецца яшчэ "поглядам на жыццё, на грамадства, на культуру, на мову, калі хочаце, трыбунай".

Гэта для еўрапейскіх аўтараў натуральна займацца эксперыментатарствам у творчасці. Паэт ў Беларусі, паводле прафесара Мальдзіса, па-ранейшаму, больш, чым паэт Ён - грамадзянін.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW