1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Новы арышт былых беларускіх палітвязняў

12 февраля 2009 г.

Гучнай падзеяй тыдня стаўся арышт ў Ваўкавыску нядаўніх палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, а таксама бізнесоўца Ўладзіміра Асіпенкі, што выклікала негатыўную рэакцыю ў беларускім грамадстве.

Фота з архіву. Мікалай АўтуховічФото: Wladimir Osipenko

Гвалтоўнае затрыманне ў Ваўкавыску актывістаў прадпрымальніцкага руху Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, а таксама бізнесоўца Уладзіміра Асіпенкі выклікала рэзка негатыўную рэакцыю ў беларускім грамадстве.

Тое, што гэта справа неардынарная, засведчыла і прысутнасць на адмысловай прэс-канферэнцыі былых воінаў-афганцаў, былых палітвязняў, а таксама журналістаў трох беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў.

Аперацыя "Захоп"

8 лютага ў Ваўкавыску Гарадзенскай вобласці затрымалі актывістаў прадпрымальніцкага руху - нядаўніх палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, а таксама іх калегу па бізнэсу Уладзіміра Асіпенку. Ператрусы адбыліся яшчэ прынамсі ў трох сем'ях, звязаных з апазіцыйным рухам Беларусі.

Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенку і Мікалая Аўтуховіча хапалі наўпрост на кватэрах і ў мясцовым прыватным аўтапарку, які калісьці заснаваў апошні і дзе ён цяпер працаваў простым кіроўцам. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі пры дапамозе байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз". У Ваўкавыск прыбылі больш за трыццаць супрацоўнікаў гэтых сілавых структур.

Фота з архівуФото: Manja Myschkowez

"Алмазаўцы" мінашукальнікам праверылі не толькі хаты, але і агароды. У Мікалая Аўтуховіча сканфіскавалі таксама кампутар і асабістыя запісы. Затрыманых прывезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску, а пазней перавялі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Пакуль невядома, што дакладна інкрымінуецца затрыманым, але ёсць інфармацыя, што іх могуць абвінаваціць у падпале недабудаванага дому начальніка райаддзелу міліцыі, які здарыўся ў 2005 годзе. Дарэчы, па гэтых справах ужо ёсць асуджаныя, а самі пацярпелыя не выстаўляюць ніякіх прэтэнзій да затрыманых бізнесоўцаў.

За што затрымалі?

Таксама не выключаецца версія, што затрыманне Мікалая Аўтуховіча – былога воіна-інтэрнацыяналіста, які ваяваў у Афганістане і мае тры баявыя ўзнагароды, а таксама Лявонава і Аспенкі можа быць звязана са справай аб выбуху ў Мінску ўноч на 4 ліпеня, бо ў Ваўкавыску ператрэслі не толькі хаты трох затрыманых, але і яшчэ тры сям’і, у тым ліку і былога дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, сябра Партыі БНФ Мікалая Аксаміта.

І ўсё ж праваабаронцы і апазіцыйныя палітыкі схіляюцца да думкі, што арышт звязаны з лістом былых воінаў-афганцаў, якія адмовіліся атрымліваць памятныя медалі да 20-х угодкаў вываду савецкіх войскаў з Афганістану на знак пратэсту супраць зняважлівага стаўлення дзяржавы да ўдзельнікаў баявых дзеянняў у мірны час, а таксама з тым, што былыя "афганцы" вырашылі стварыць новую арганізацыю, якая б займалася абаронай іх правоў.

Мэтанакіраваныя рэпрэсіі

Як адзначыў лідэр "афганцаў" 67-гадовы афіцэр Аляксандр Камароўскі, для ўлады стварэнне незалежнай арганізацыі вельмі небяспечна. "Афіцыйны "Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" пераўтварыўся ў арганізацыю, кіраванне якой ажыццяўлялі людзі, што былі пры ўладзе, і якім усе праблемы "афганцаў" і іх сем’яў былі абыкавыя", – заявіў Аляксандр Камароўскі.

Апроч таго, як паведаміў былы следчы пракуратуры і воін-афганец, а цяпер праваабаронца Алег Волчак, Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы за дзень да суда, які павінен быў вырашыць пытанне аб умоўна-датэрміновым вызваленні вядомага былога прадпрымальніка, асуджанага, як сцвярджаюць праваабаронцы, незаконна толькі за тое, што той распачаў барацьбу з карумпаванымі ваўкавыскімі падаткавікамі.

Затрыманых мусілі выпусціць з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на мінскай вуліцы Акрэсціна яшчэ 11 лютага, але замест вызвалення іх перавялі ў следчы ізалятар МУС, дзе ім цягам сямі дзён павінны выставіць афіцыйнае абвінавачанне. "Улада мае сем дзён, яна павінна вызваліць нашага баявога таварыша да 15 лютага, калі мы будзем адзначаць 20 год вываду войскаў з Афганістану", - заявіў Алег Волчак.

Падтрымка зняволеным

Падтрымку Мікалаю Аўтуховічу выказаў лідэр Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. "Я не буду даваць ацэнкі, таму што справа яшчэ ідзе, але інтуітыўна адчуваю, што яна несправядлівая, бо сапраўды ідзе на запалохванне пэўнай групы актыўных людзей, якія сумленна жывуць", - падкрэсліў палітык.

Аляксандр Казулін

Сяброў і блізкіх затрыманых падтрымаў і былы палітвязень Аляксандр Казулін. "Мы з вамі, мы ведаем, што гэта такое, і мы будзем змагацца за вызваленне вашых мужоў і бацькоў", - паабяцаў Казулін. Ён выказаў занепакоенасць тым, што арышт актывістаў у Ваўкавыску можа нанесці ўрон тым больш-менш станоўчым працэсам, якія адбываюцца ў Беларусі.

"Я хацеў бы адразу задаць пытанне і нашым беларускім уладам, і кіраўніцтву Еўрапейскага Саюза: ці не азначаюць гэтыя дзеянні канец дыялога і лібералізацыі? Ці не азначае гэта новыя палітычныя рэпрэсіі і новыя акты запалохвання і беззаконня ў дачыненні да грамадзян Беларусі?" – запытаў Аляксандр Казулін.

Пры канцы прэс-канферэнцыі адзін з лідэраў руху "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч прапанаваў "узняць гэтую тэму як мага вышэй ва ўсіх магчымых ўрапейскіх і сусветных інстанцыях і паспрабаваць абараніць вязняў тут, таму што без салідарнасці нічога не будзе".

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW