1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Нумар часопіса "ARCHE" прызналі экстрэмісцкім

25 февраля 2009 г.

25 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў нумары 7-8 незалежнага часопіса "ARCHE-Пачатак" экстрэмісцкімі матэр’яламі, якія падлягаюць знішчэнню.

Нумары часопіса "ARCHE"
Нумары часопіса "ARCHE"Фото: Pjotr Ivanov

25 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста на закрытым гадзінным паседжанні прызнаў "экстрэмісцкімі матэр’яламі, якія падлягаюць знішчэнню", нумар 7-8 за 2008 год незалежнага часопіса "ARCHE-Пачатак". Такім чынам, суд задаволіў заяву Упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці "Аб устанаўленні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне".

"Незаконнае рашэнне"

На судовае паседжанне, якое вяла намесніца старшыні раённага суда Таццяна Міранюк і якое праходзіла ў закрытым рэжыме, не дапусцілі нават заснавальніка выдання Андрэя Дынько, інтарэсы часопіса ў залі судовых паседжанняў прадстаўляў толькі адвакат Павел Сапелка.

У названым нумары змяшчаліся некаторыя крытычныя публікацыі, прысвечаныя грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Адвакат Павел Сапелка ўжо назваў рашэнне суда першай інстанцыі "незаконным і неабгрунтаваным, якое падлягае адмене".

"Абсурдная сітуацыя"

Як адзначыў у інтэрв’ю Deutsche Welle сябра рэдкалегіі "ARCHE", галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва" Андрэй Скурко, сітуацыя, калі публікацыі, што ўтрымліваюць крытыку дзейнай улады, прызнаюцца судом экстрэмісцкімі, папросту недапушчальная і абсурдная. Па словах журналіста, вельмі складана казаць пра свабоду слова і пра датрыманне нейкіх еўрапейскіх каштоўнасцяў у краіне, дзе адбываюцца такія суды. "Вельмі хочацца спадзявацца, што наступная інстанцыя, у якую будуць звяртацца прадстаўнікі часопіса "ARCHЕ", асэнсуе гэта", - сказаў Андрэй Скурко.

Рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста будзе абскарджана ў Брэсцкім абласным судзе адразу пасля таго, як адвакат і рэдакцыя "ARCHE" атрымаюць матывавальную частку судовага рашэння.

Нагадаем, што 24 кастрычніка мінулага году на беларуска-польскай мяжы ў аўтара часопіса Алеся Пашкевіча, які накіроўваўся цягніком у Польшчу, пад час мытнага дагляду былі сканфіскаваныя дзесяць асобнікаў ARCHE. Супрацоўніца мытні палічыла, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў часопісе, могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, пасля чаго асобнікі выдання забралі на экспертызу ў абласное КДБ. (гк)

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW