Падарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыя
14 августа 2008 г.Гэтыя падарожжы нельга назваць звычайнымі экскурсіямі – магілёўцы пракладаюць новыя маршруты. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці мясцовая суполка ТБМ лічыць арганізацыю вандровак па невядомых кутках Беларусі, якія пазней могуць стаць турыстычнымі аб’ектамі для замежнікаў. Прыкладам, адно з падарожжаў прайшло ад самай паўднёвай кропкі Беларусі да самай паўночнай – маршрут пракладзены ад “Чорнага замку Альшанскага” да Друі, дзе памежнікі ахоўваюць “Барысаў камень”.
Паводле старшыні гарадской арганізацыі ТБМ Алега Дзьячкова такі выбар быў зроблены свядома:
“Мы зрабілі акцэнт не на самых вядомых і “раскручаных” турыстычных брэндах кшталту Міра ці Нясвіжа, але мы абралі для людзей спецыяльна мястэчкі мала вядомыя. І нават мы наведалі такія мясціны, якія прафесійныя гісторыкі і экскурсаводы – большасць не чула пра іх, а калі і чула, то не бывала. Мы ў кожнай вандроўцы выбіраем такія мясціны, у якіх ніхто з магілёўцаў не быў”.
Беларускае асяроддзе
Падарожжы можна разглядаць і як нефармальную адукацыю. На пачатку паездкі кожны з удзельнікаў атрымлівае адмысловы буклет, дзе паказаны маршрут і аб’екты наведвання, партрэты вядомых асобаў. Акрамя таго, кожны ахвочы можа падрыхтаваць даклад па пэўнай тэме вандроўкі. Такім чынам, усе атрымліваюць магчымасць пабыць у ролі экскурсавода. У выніку, людзі знаходзяць сваё культурнае асяроддзе.
Так, выпадкова патрапіўшы на адну з вандровак, Алена Асмакоўская стала адной з найбольш знаных магілёўскіх актывістак ТБМ:
“Для многіх, як і для мяне, гэта магчымасць знайсці беларускае асяроддзе і знаходзіцца ў ім. Гэта вялікае задавальненне. Сучаснае беларускае асяроддзе – яно жыве, я была здзіўленая, таму што шмат год я не мела да яго ніякага дачынення, і думала, што ўсё загібла ўжо даўно. Усё гэта на ўзроўні асабістых уражанняў. Вядома, што ўсе ў вялікім захапленні ад вандровак, таму што гэта такое неафіцыйнае асяроддзе, якое робіць людзей вельмі блізкімі”.
Самы гаротны стан – на Усходзе
Па выніках вандровак у бліжэйшай будучыні плануецца зладзіць прэзентацыю дыска з фота- і відэаматэрыяламі. Частка фотапрацаў будзе прэзентаваная ў выглядзе перасоўнай фотавыставы, якую ТБМ штогод ладзіць у магілёўскіх школах. Гэтым разам асаблівую ўвагу Алег Дзьячкоў звяртае на гаротны стан архітэктурных помнікаў на Усходзе Беларусі. Па яго словах, каб знайсці прыгожае, неабавязкова ехаць кудысьці далёка:
“Мы ўсё едзем некуды далёка. Але прыйшлі да высновы, што горш за ўсё мы ведаем Магілёўскі рэгіён. І падаецца, што тут няма чаго паглядзець, але мы паехалі на дзень па Быхаўшчыне – праехалі 150 км., ніхто ніколі не меркаваў, што там можна нешта ўбачыць. І вось менавіта пасля вандроўкі па Быхаўшчыне народ быў у самым вялікім засмучэнні, бо пабачылі, што ў нас на Магілёўшчыне, ва Усходняй Беларусі помнікі ў самым гаротным стане. Заходняя Беларусь была пад “саветамі” на 20 гадоў меней, там ёсць, што паглядзець. А ў нас – альбо падмурак застаўся, альбо толькі ўспамін пра гэты помнік”.