1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Першыя крокі да непрызнання выбараў

Генадзь Канстанцінаў7 июля 2008 г.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы заявілі пра пачатак ціску з боку ўладаў у дачыненні да актывістаў, якія пажадалі ўдзельнічаць у парламенцкай выбарчай кампаніі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты альбо назіральнікаў.

Не паспела пачацца выбарчая кампанія, як улады далі зразумець, што не пакінуць па-за ўвагаю тых людзей, якія пажадалі вылучацца кандыдатамі на дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад апазіцыі. Першымі актамі ўдзеяння сталі звальненні з працы тых, чые імёны апынуліся ў адзіным спісе прэтэндэнтаў ад кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Алесь Мех з Кобрыну, сябра Партыі БНФ, інжынер Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў, які адпрацаваў там больш за 14 гадоў, чалавек з дзвюма вышэйшымі адукацыямі пазбавіўся працы з 1-га ліпеня. Калі яго выклікалі да кіраўніцтва ўпраўлення, то ў прысутнасці начальніка мясцовага аддзялення КДБ паставілі ультыматум: альбо ты адбамаўляешся балатавацца, альбо з табой не працягнуць кантракт, што, у рэшце рэшт, і адбылося:

“Пад час гэтай размовы мяне таксама папярэдзілі, што, калі я буду балатавацца, то потым я нідзе не знайду працу – ні ў прыватным сектары, ні на дзяржпрадпрыемствах”.

Пагрозы сваякам

Але не толькі самога Алеся Меха тычыліся пагрозы. Яго запрасіў на размову памочнік дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Кучынскага Юры Філіновіч, які абяцаў дапамогу ў выпадку, калі той адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Аднак здзівіла Алеся Меха не гэта:

“Ён мне сказаў: калі ты не здымеш сваю кандыдатуру, мы звольнім тваю жонку. Ёсць тэлефон, зараз мы патэлефануем кіраўніку аддзелу адукацыі, і ў тваёй жонкі таксама будуць праблемы”.

Аналагічны лёс напаткаў яшчэ аднаго актывіста БНФ Леаніда Аўтухова. Як адзначыў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ужо цяпер кіраўніцтвва АДС змушана пераглядаць адзіны спіс сваіх кандыдатаў на выбары:

“Святлана Панамарова, якая знаходзіцца на дзяржаўнай службе, падверглася ўціску. Яе паставілі перад сітуацыяй: альбо яна не балатуецца, альбо з ёй не падпісваюць кантракт. Канешне, у гэтай сітуацыі мы былі змушаныя зыходзіць у першую чаргу з інтарэсаў асобы, і яна выйшла з адзінага спіса”.

Анатоль Лябедзька прывёў яшчэ шэраг прыкладаў уціску на дэмакратычных актывістаў, якіх мясцовыя ўлады змушаюць адмовіцца ад удзелу ў кампаніі. Так, пасля вылучэння назіральнікам у Цэнтравыбаркам быў затрыманы і па надуманых прычынах асуджаны на сем сутак арышту сябра палітрады АГП Міхаіл Пашкевіч. Падаткавая інспекцыя знянацку пачала моцны прэсінг актывіста партыі з Брагіну Леніда Судаленкі, аналагічны выпадак здарыўся з яшчэ адным актывістам Мікалаем Гаўрыленкам. А ў прадпрымальніка з Баранавічаў Мікалая Чарнавуса ўлады паабяцалі адабраць замлю, выдзеленую пад будаўніцтва крамы.

Звязка з мінскім выбухам

А яшчэ, паведаміў Лябедзька, у дэмакратычных актывістаў міліцыянты пачынаюць высвятляць, дзе яны былі ўноч з 3-га на 4-га ліпеня, падчас трагічных падзеяў у беларускай сталіцы:

“Я не ведаю, ці гэта ініцыятыва з Мінску, ці гэта вар’яцтва на ўзроўні рэгіёнаў – гэта ўжо ўвязваюць, што калі вы будзеце займацца нейкай актыўнай палітычнай дзейнасцю, уваходзіць у склад камісій ці ўдзельнічаць у выбарах, то мы вас можам зрабіць тэрарыстамі і звязаць з справай выбуху, які адбыўся ў Мінску”.

Паводле словаў першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, напярэдадні ўся гэтая інфармацыя была даведзеная да ведама дэлегацыі Еўрапейскай камісіі на чале з кіраўніком палітычнага аддзелу Генеральнага сакратарыяту Еўрапейскага Звязу Хельгай Шміт. Делегацыя Еўракамісіі цяпер знаходзіцца ў Беларусі ды абмяркоўвае пытанні будучых выбараў як з апазіцыяй, гэтак і з афіцыйным Мінскам:

“Мы назвалі ўчора гэтыя канкрэтныя факты і сцвердзілі, што тое, што пачынаецца, нажаль, ужо сёння вымушае нас гаварыць пра недэмакратычнасць кантэксту, у якім адбываецца выбарчая кампанія”, - сказаў першы намеснік старшыні ПБНФ. І дадаў:

“Мы падкрэслілі, што ўлады сёння могуць абяцаць абяцанкі, што ў нас ёсць пакет патрабаванняў працэдурнага кшталту, які ўключае ў сабе рэгістрацыю кандыдатаў адзінага спісу, плюралістычнае фармаванне выбарчых камісіяў усіх роўняў, рэальную магчымасць працаваць з людзьмі, - адзначыў Вінцук Вячорка. - Але да выбарчых патрабаванняў, да патрабаванняў, звязаных з ацэнкаю меркаваных выбараў, напрамую таксама адносіцца адсутнасць страху ў грамадстве, адсутнасць палітычнага, адміністрацыйнага і любога іншага пераследу ўсіх уключаных у гэтую кампанію”.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW