1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека: агляд тыдня

27 ноября 2009 г.

У Беларусі рыхтуюцца да угодкаў Дэкларацыі правоў чалавека, Дубскаму адмовілі ў вызваленні, улады жадаюць ліквідаваць суполку Свабоднага прафсаюза, ваўкавыскаму экс-прадпрымальніку Аўтуховічу выставілі абвінавачанне.

Молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Грамадзянская супольнасць Беларусі рыхтуецца адзначыць гадавіну прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, актывісту "Маладога фронту" адмоўлена ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце можа быць зліквідавана суполка Свабоднага прафсаюза Беларускага, яшчэ аднаму экс-прадпрымальніку з Ваўкавыску выстаўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэракту.

Угодкі самай важнай Дэкларацыі

Беларускія праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці краіны рыхтуюцца адзначыць 61-я ўгодкі прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У многіх рэгіёнах Беларусі да гэтай даты прымеркавана правядзенне шэрагу пікетаў. На іх дэмакратычныя актывісты мяркуюць праінфармаваць насельніцтва пра змест Дэкларацыі, каб людзі больш ведалі пра свае правы – агульначалавечыя і грамадзянскія.

Берлін святкуе ўгодкі прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавекаФото: AP

Заяўкі на правядзенне пікетаў 10 снежня падалі праваабаронцы з горада Барысава Мінскай вобласці, у сталічны выканкам паступіла адпаведная заяўка ад "Моладзі БНФ". У гэты ж дзень пікеты маюць адбыцца таксама ў Наваполацку, Гародні, Баранавічах, Гомелі і многіх іншых гарадах Беларусі.

З Асіпенкі робяць тэрарыста

Яшчэ аднаго былога прадпрымальніка з Ваўкавыску Ўладзіміра Асіпенку афіцыйна абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Крыху раней падобнае абвінавачанне было выстаўлена ягонаму калегу Мікалаю Аўтуховічу, якога некалькі гадоў таму "Міжнародная амністыя" ужо прызнавала вязнем сумлення.

Мікалая Аўтуховіча разам з Уладзімірам Асіпенкам, а таксама яшчэ адным да нядаўняга часу фігурантам гэтае справы Юрыем Лявонавым арыштавалі 8 лютага бягучага году. Тады ўсіх трох звінавацілі ў наўмысным пашкоджанні маёмасці службовых асоб з Ваўкавышчыны. І гэта пры тым, што за гэтае злачынства ўжо адбывалі пакаранне ў выглядзе зняволення зусім іншыя людзі.

Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэрактуФото: Wladimir Osipenko

У жніўні з Юрыя Лявонава знялі гэтае абвінавачанне і вызвалілі з следчага ізалятара. Зараз жа Асіпенку і Аўтуховічу выставілі абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэракту ў дачыненні да губернатара Гарадзенскай вобласці Ўладзіміра Саўчанкі, а таксама намесніка міністра падаткаў і збораў Беларусі Васіля Камянко.

Уціск на Свабодны прафсаюз

Старшыня арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту Валянцін Лазарэнкаў быў выкліканы ў пракуратуру, дзе ў яго запатрабавалі прадставіць спіс сябраў незалежнай прафсаюзнай арганізацыі ВНУ. Па словах Валянціна Лазарэнкава, такія дзеянні пракуратуры не ёсць выпадковыя. Праблема ў тым, падкрэсліў Лазарэнкаў, што адміністрацыя Ленінскага раёну Брэста і абласны выканкам ставяць пытанне пра закрыццё гэтай незалежнай прафсаюзнай структуры.

Як адзначыў актывіст, улады аказваюць уціск на прафсаюз ужо некалькі гадоў. Напрыклад, з нагоды пагрозаў непрацягу працоўных кантрактаў за апошнія чатыры гады з арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Брэсцкага дзяржуніверсітэта былі змушаныя сысці больш за трыццаць выкладчыкаў гэтай навучальнай установы.

Актывіст застанецца за кратамі

Моладзевы актывіст застанецца за кратаміФото: AP

Прызнанаму "Міжнароднай амністыяй" палітычным вязнем актывісту "Маладога фронту" Арцёму Дубскаму – фігуранту "Працэсу чатырнаццаці" адмоўлена ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Па словах адваката зняволенага Тамары Сідарэнкі, такое рашэнне прыняла спецыяльная камісія, якая палічыла немагчымым прызначыць палёгку "рэцыдывісту", якім называюць Арцёма Дубскага. Моладзевы актывіст знаходзіцца ў калоніі пасля таго, як быў асуджаны паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса Беларусі за парушэнне парадку адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

Раней Арцём Дубскі быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў у цэнтры Мінску ў студзені 2007 году. Актывіст, нягледзячы на вынесенае тады пакаранне, з’ехаў ва Ўкраіну, але пры спробе наведаць Беларусь быў затрыманы ў цягніку беларускімі памежнікамі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Вадзім Шаталін

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW