1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека: адметнасці тыдня

8 мая 2009 г.

Актывісты апазіцыі аб'явілі галадоўку салідарнасці з прадпрымальнікамі з Ваўкавыска, у Магілёве былі затрыманы актывісты за бел-чырвона-белы сцяг, а ў Брусэле чакаюць ад Беларусі дэмакратызацыі.

Вядомыя беларускія дэмакратычныя дзеячы на пачатку тыдня распачалі галадоўку салідарнасці з затрыманымі ў лютым былымі прадпрымальнікамі з гораду Ваўкавыска (Гродзенская вобласць). У Магілёве затрыманы маладзёны, якія разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг пад час канцэрта вядомага рок-гурта, а адзін з лідэраў апазіцыі быў схоплены перад акцыяй да 10-х угодкаў з моманту выкрадання былога міністра ўнутраных спраў Беларусі. Пры гэтым Еўрапейскі парламент чакае ад Беларусі сур'ёзнай лібералізацыі нацыянальнага заканадаўства і змены стаўлення власці да апазіцыі.

Галадоўка салідарнасці

Фота з архіву: акцыя пратэсту апазіцыіФото: AP

У панядзелак, 4 траўня, некалькі вядомых у Беларусі дзеячоў дэмакратычнага руху распачалі галадоўку салідарнасці з арыштаванымі прадпрымальнікамі з горада Ваўкавыска Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам. На сённяшні дзень у акцыі бяруць удзел 27 чалавек.

Некалькі год таму Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў ужо былі прызнаны "Міжнароднай амністыяй" вязнямі сумлення.

Арышты на акцыі памяці

У Мінску 7 траўня былі затрыманы каля 30 удзельнікаў акцыі з нагоды 10-годдзя гвалтоўнага выкрадання экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы беларускае сталіцы.

Сярод затрыманых быў і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ўсе затрыманыя былі дастаўлены ў Цэнтральны РУУС Мінска. Потым іх адпускалі нават без складання пратаколаў, паведаміла журналістам намесніца старшыні зарэгістраванага у Чэхіі моладзевага аб’яднання "Малады фронт" Наста Палажанка. Па яе словах, некаторыя актывісты згаджаліся падпісаць паперу, дзе іх папярэджвалі аб незаконнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. У тых актывістаў, каго няма ў дактыласкапічнай базе МУС, бралі адбіткі пальцаў.

Фота з архіву: адна з акцыяў памяціФото: AP

У акцыі, якая праходзіла на Кастрычніцкай плошчы, удзельнічала каля 100 чалавек, у тым ліку палітыкі Мікола Статкевіч, Вінцук Вячорка, Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Артур Фінькевіч, Сяргей Скрабец. Удзельнікі акцыі сталі ланцужком уздоўж праспекта Незалежнасці з бел‑чырвона‑белымі сцягамі, партрэтамі Юрыя Захаранкі і затрыманага прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў следчым ізалятары па вуліцы Валадарскага і абвясціў галадоўку пратэсту. Удзельнікі акцыі скандзіравалі лозунгі "Жыве Беларусь!", "Свабода!", "Свабоду палітвязням!". Насупраць актывістаў стаялі спецназаўцы, якія не давалі ўдзельнікам акцыі набліжацца да прыдарожнай часткі.

Затрыманні за сцяг

Больш за тры гадзіны прабылі ў Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва тры маладзёны, якія разгарнулі на канцэрце гурту "Ляпіс Трубецкой" бел-чырвона-белыя сцягі.

Станіслава Сенакосава, Віталя Маркава ды Аляксандра Цітова затрымалі ў 21.30, а выпусцілі каля гадзіны ночы. "Калі музыкі пачалі выконваць кампазыцыю "Freedom Belarus" я разгарнуў сцяг, пасля гэтага да мяне адразу ж падбеглі амапаўцы, заламалі рукі і зацягнулі ў машыну, потым ў яе запіхнулі Віталя Маркава ды Аляксандра Цітова", - распавёў Станіслаў Сенакосаў.

У міліцыі на юнакоў склалі пратакол апытання, копію якога адмовіліся даваць. Па заканчэнні канцэрта міліцыянты абшуквалі і ненадоўга затрымлівалі маладых людзей, у якіх на вопратцы ды заплечніках была нацыянальная сімволіка - невялікія бел-чырвона-белыя сцяжкі і гярбы "Пагоня".

Еўрапарламент чакае перамен у Беларусі

Краіны "Усходняга партнёрства"

Еўрапейскі парламент чакае ад Беларусі сур'ёзнай лібералізацыі нацыянальнага заканадаўства і змены стаўлення да апазіцыі. Гэтыя чаканні звязаны з тым, што Беларусь увайшла ў праграму Еўрапейскага Звязу "Усходняе партнёрства".

Як сказаў журналістам кіраўнік камітэта па міжнародных справах Еўрапарламента Яцэк Сарыюш-Вольскі, Еўразвяз чакае, што Беларусь правядзе рэформу выбарчага заканадаўства, Крымінальнага кодэксу, заканадаўства ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, а таксама зменіць сваё стаўленне да няўрадавых і рэлігійных арганізацый, грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Па словах Яцэка Сарыюш-Вольскага, прагрэс у адносінах Еўрапейскага Звязу і Беларусі будзе залежаць ад прагрэсу ў рэалізацыі гэтых рэформаў.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW