1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

28 января 2011 г.

Міжнародныя назіральнікі падсумавалі вынікі працы ў Беларусі за месяц. Адвакатаў Някляева запрасілі ў СІЗА КДБ. У кватэры маладафронтаўца адбыўся ператрус. Актывіста звольнілі пасля адміністратыўнага арышту.

Молоток на столе судьи как символ правосудия
Фото: Bilderbox

Прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуаціяй з правамі чалавека ў Беларусі, якая працуе ў краіне ўжо месяц, распавялі пра свае ўражанні. Упершыню ў гэтым годзе ў следчы ізалятар КДБ запрасілі абаронцаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры сябра "Маладога фронту". Актывіста "Еўрапейскае Беларусі" змусілі звольніцца пасля таго, як ён адбыў пятнаццаць сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі 19 снежня.

Міжнародная місія

Чальцы Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуаціяй з правамі чалавека ў Беларусі, якая працуе там ужо цэлы месяц, а таксама прадстаўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна" і Беларускай асацыяцыі журналістаў 27 студзеня распавялі беларускім і замежным медыям пра свае ўражанні ад становішча, якое склалася ў краіне пасля акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году.

Праваабаронцы місіі прадстаўляюць некалькі краінаў АБСЕФото: picture alliance/dpa

Місія была ўтвораная як рэакцыя грамадзянскай супольнасці прасторы АБСЕ на шматлікія факты парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, на ціск на праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Па словах прадстаўніцы місіі з Расіі Вікторыі Громавай, за апошні месяц у назіранні ўзялі ўдзел трынаццаць праваабаронцаў з Арменіі, Грузіі, Расіі ды Украіны. Як адзначыла Громава, рэпрэзентанты місіі былі сведкамі дзесяці выпадкаў, калі чыніўся наўпроставы ўціск на праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскіх актывістаў. Напрыклад, чальцы місіі выязджалі на вобшукі ў Праваабарончы цэнтр "Вясна", у Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК), у кватэры старшыні БХК Алега Гулака, праваабаронцы Насты Лойкі, журналісткі Ірыны Чарняўкі, а таксама ў офіс прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.

Увогуле сябры місіі задакументавалі каля ста выпадкаў ціску, парушэння правоў і перашкодаў дзейнасці праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў ды іншых актыўных грамадзянаў.

Гвалт у дачыненні да журналістаў

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна адзначыла, што дзеянні праваахоўных органаў у дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ, якія асвятлялі акцыю 19 снежня, былі беспрэцэдэнтна жорсткімі ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Па словах Літвіной, не спрацаваў нядаўна ўведзены інстытут прэс-афіцэраў, міліцыянты не папярэджвалі журналістаў і проста выпадковых грамадзянаў пра тое, што могуць паследаваць сілавыя дзеянні з боку спецназу. Наадварот, падкрэсліла старшыня БАЖ, журналістаў затрымлівалі і збівалі, у іх адбіралі і ламалі прафэсійную тэхніку, і ніхто дагэтуль не панёс ніякага пакарання за гэтыя незаконныя дзеянні.

Жанна Літвіна ўказвае на парушэнні правоў журналістаўФото: bymedia

Таму, па словах Жанны Літвіной, ш ў журналістаў, і ў праваабаронцаў ёсць шэраг агульных патрабаванняў да беларускіх уладаў. Першае з іх – гэта вызваленне палітзняволеных. Другім патрабаваннем з’яўляецца спыненне хвалі рэпрэсіяў. "Мы стаміліся больш за месяц уздрыгваць ад шорахаў у пад’ездзе, чакаць, што зараз табе пазвоняць у дом, зараз да цябе прыйдуць у офіс, і пачнецца ўся гэтая працэдура з адабраннем тэхнікі, альбо цябе выклічуць на допыт", - адзначыла кіраўнік БАЖ.

Магчыма крымінальная справа

Жанна Літвіна звярнула ўвагу, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі маецца артыкул 198, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за перашкоду законнай прафэсійнай дзейнасці журналістаў, якая суправаджаецца пашкоджаннем тэхнікі, гвалтоўнымі дзеяннямі ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ і гэтак далей.

Па словах Літвіной, павінен прайсці пэўны час, каб сабраць вельмі дакладную фактуру такіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыннні да журналістаў. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў не выключыла зваротаў з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу супраць тых прадстаўнікоў улады, якія ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ парушылі 198 артыкул Крымінальнага кодэкса.

Меркаванне місіі

Прадстаўнікі Камітэта міжнароднага кантролю і Міжнароднай назіральнай місіі лічаць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі выклікам для ўсёй грамадзянскай супольнасці і пагрозай для перспектыў развіцця новых незалежных дзяржаў, адзначыў эксперт місіі, старшыня Хельсінскай асацыяцыі Арменіі Мікаэл Даніэлян.

"Сёння механізм міжнароднай салідарнасці праваабаронцаў, які праяўляецца ў Беларусі, можа стаць адказам на вострыя пытанні многіх частак нашага рэгіёна, дзе парушэнні правоў чалавека не атрымалася не толькі прадухіліць, але нават сістэмна і глыбока ацаніць, дзе тыя, хто абараняе іншых, часта сам аказваецца неабароненым", - падкрэсліў кіраўнік Хельсінскай асацыяцыі Арменіі.

Адвакаты запрошаны ў КДБ

Уладзімір Некляеў зможа пабачыць адвакатаФото: DW

Упершыню за апошні месяц у следчы ізалятар Камітэту дзяржаўнай бяспекі, дзе знаходзіцца і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" паэт Уладзімір Някляеў, запрасілі яго адвакатаў. З 29 снежня мінулага году яны не мелі магчымасці нават убачыць свайго падабароннага.

Абаронцы ўбачаць Някляева, калі будуць прысутнічаць пры правядзенні следчых дзеянняў, паведаміла адвакат Тамара Сідарэнка. Паводле яе словаў, у Генеральную пракуратуру накіраваная чарговая скарга ў звязку з тым, што абаронца цягам месяца не магла сустрэцца са сваім мандантам, якога абвінавачваюць у арганізацыі і актыўным удзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 году. Адпаведны артыкул 293 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пятнаццаці гадоў.

Ператрус у маладафронтаўца

Супрацоўнікі Камітэту дзяржбяспекі правялі ператрус у кватэры, якую ў Мінску здымае актывіст зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Мікалай Дземідзенка. У выніку вобшуку былі сканфіскаваныя старая расцяжка "Галадоўка", а таксама некалькі старых улётак і дакументаў.

Гэты ператрус у кватэры Мікалая Дзеімдзенкі быў ужо другім. Першы раз ягоную кватэру абшукалі ў той час, калі маладафронтавец адбываў пятнаццацісуткавы адміністратыўны арышт за ўдзел у акцыі пратэста 19 снежня мінулага году.

Звальненне пасля артышту

Актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Вячаслаў Дашкевіч, што быў чальцом ініцыятыўнае групы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, пазбавіўся працы пасля таго, як адбыў пятнаццаць сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у пратэстнай акцыі 19 снежня 2010 году.

Вячаслаў Дашкевіч працаваў у якасці ахоўніка гандлёвага цэнтру "Карона". Ён распавёў, што пасля адбыцця пакарання на яго пачала ціснуць адміністрацыя гандлёвага цэнтру, у выніку чаго ён быў змушаны напісаць заяву аб звальненні з фармулёўкаю "па згодзе бакоў".

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW