Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня
6 августа 2010 г.Апазіцыйныя актывісты атрымалі грашовыя штрафы за ўшанаванне юбілею прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суветэнітэце Беларусі, вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы звярнуліся ў Раду бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля высвятлення лёсаў беларускіх палітыкаў і журналіста, зніклых у 1999 і 2000 гадах.
Штрафы за памяць
У судзе Савецкага раёну Мінску 5 жніўня прайшлі адміністратыўныя працэсы над удзельнікамі мірнае акцыі, прысвечанай дваццатым угодкам абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Суддзя Іна Ляўкова прысудзіла моладзевым актывістам Міколе Дземідзенку й Кацярыне Давыдзік па 105 тысяч беларускіх рублёў штрафу (каля 27 еўра ў пераліку). Калега Ляўковай Аксана Рэлява пакарала лідэра Руху "Разам" Вячаслава Сіўчыка і былога палітвязня Андрэя Кіма штрафамі ў памеры 350 тысяч рублёў (каля 90 еўра ў эквіваленце).
Сведкі абвіначання, якія былі супрацоўнікамі праваахоўных органаў, цвердзілі, што ўсе чацьвёра звінавачаных лаяліся матам у грамадскім месцы, хапалі міліцыянтаў за вопратку, штурхалі іх і цалкам паводзілі сябе неадэкватна. Сведкі з боку абароны прадэманстравалі суддзям фотаздымкі, якія цалкам абвяргалі гэтыя паказанні, аднак служкі Феміды прынялі рашэнне пакараць апазіцыянераў.
Зварот у ААН
Лідэры беларускай апазіцыі і грамадзянскага таварыства звярнуліся ў Савет Бяспекі Арганізацыці Аб’яднаных Нацыяў. Беларусы просяць правесці міжнароднае расследаванне справаў зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсовца Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.
Пад зваротам падпісаліся былыя кіраўнікі парламента Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, экс-намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саннікаў, экс-міністр знешнеэканамічных стасункаў Міхаіл Марыніч ды іншыя вядомыя асобы. Зварот накіраваны міністрам замежных справаў сталых сяброў Рады Бяспекі ААН - Кітаю, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі ды ЗША.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі мяркуе, што такі зварот проста неабходны, і гэта не ёсць чыста палітыкай. "Зніклі не шэраговыя людзі, зніклі палітыкі вельмі высокага рангу. І не можна сабе ўявіць, каб у іншай краіне знік чалавек рангу віцэ-прэм’ера ці міністра, і там бы не адбывалася ніякіх следчых дзеянняў", - падкрэсліў Бяляцкі.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў