1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

14 августа 2009 г.

Праваабарончаму аб'яднанню "Наша вясна" адмовілі ў легалізацыі, актывістаў пакаралі штрафамі, маладафронтацу прыгразілі крымінальным пераследам, а ўлады адмаўляюцца адмяняць адыёзны артыкул Крымінальнага кодэкса.

Молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Вярхоўны суд канчаткова адмовіў у легалізацыі праваабарончаму грамадскаму аб’яднанню "Наша вясна", актывісты аштрафаваныя за на вялікую суму за святочную акцыю і нацыянальны сцяг, а ўлады адмаўляюцца адмяняць артыкул Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Штрафы актывістам

Гарадоцкі раённы суд прызнаў старшыню мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і аштрафаваў яго на суму ў 350 еўра ў пераліку. Аўтухоў разам з некалькімі актывістамі 27 ліпеня бягучага году выйшаў на цэнтральную плошчу Гарадка, каб павіншаваць жыхароў з чарговымі ўгодкамі прыняцця Вярхоўным Саветам Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Фото: Bymedia

А суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў актывіста грамадзянскай кампаніі "Маладая Беларусь" Тараса Сургана за спробу 16 ліпеня ў Дзень беларускай салідарнасці вывесіць бел-чырвона-белы сцяг на мосце праз Заходнюю Дзвіну. Юнаку вынеслі штраф у памеры каля 40 еўра. Суддзя Ўладзіслаў Шырокаў абапіраўся на міліцэйскі пратакол, дзе было запісана, што Сурган праводзіў несанкцыянаваны пікет, хаця маладзён адмаўляў гэты факт. Разам з ім 16 ліпеня ў Віцебску таксама былі затрыманыя актывісты Валеры Раманенка, Кацярына Аляксеева і Філіп Шаўроў.

"Нашай вясны" не будзе

12 жніўня Вярхоўны суд Беларусі чарговым разам падтрымаў рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна", якое дагэтуль двойчы спрабавала легалізаваць сваю дзейнасць.

Правабаронца Ўладзімір Лабковіч нагадаў, што пытанне рэгістрацыі "Нашай вясны" неаднаразова ўздымалася ў рэзалюцыях Еўрапейскага парламента, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і ў пастановах Еўрапейскай камісіі. "Тое, што адбываецца зараз, сведчыць пра адсутнасць у краіне сістэмных зменаў і пра тое, што ў Беларусі груба парушаецца права грамадзян на асацыяцыю”, - заявіў юрыст.

Валентин СтефановичФото: Bymedia

За разглядам скаргі наглядаў упаўнаважаны місіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Кірыл Каратаеў, які з’яўляўся назіральнікам гэтага працэсу паводле мандату Абсерваторыі па абароне правоў правабаронцаў – сумеснай праграмы МФПЧ і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў. Міжнародны назіральнік адзначыў, што рашэнне суда было цалкам прадвызначана заключэннем пракурора. Цяпер беларускія правабаронцы збіраюцца падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Улады - за захаванне артыкула 193-1 КК

Зарэгістраванае ў Чэхіі Міжнароднае грамадскае аб’яднанне "Грамадзянская Беларусь" атрымала з Генеральнай пракуратуры Беларусі адказ на сваю прапанову аб скасаванні артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання, альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасці.

Фото: Bymedia

Генпракуратура Беларусі не бачыць падставаў для скасавання забароны на дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў, паведамляецца ў адказе за подпісам намесніка Генпракурора Сяргея Мышкаўца. Усяго з 2006 года, калі ўступіла ў дзеянне крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек. Пры гэтым не было зафіксавана ніводнага апраўдаўчага прысуду.

Тым часам, папярэджанне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пракуратура вынесла кіраўніку Брэсцкай філіі "Маладога фронту" Міхасю Ілліну. Актывісту заявілі, што супраць яго будзе распачата крымінальная справа паводле артыкула 193-1 КК, калі ён не спыніць удзел у моладзевай арганізацыі "Малады фронт", якая не зарэгістраваная ў Беларусі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW