1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

13 ноября 2009 г.

Міжнародная амністыя заклікае Лукашэнку не ўжываць смяротнае пакаранне, следства па справе былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў працягнута яшчэ на месяц.

Фото: picture-alliance/ dpa

Amnesty International заклікала кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку не ўжываць смяротнае пакаранне, следства па крымінальнай справе былых прадпрымальнікаў з Ваўкавыску прадоўжана да 8 снежня бягучага году.

Смяротнаму пакаранню – "не"!

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International звяртаецца да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю памілаваць прыгавораных да смяротнага пакарання Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука. Пра гэта ў Мінску заявіла журналістам прадстаўнік арганізацыі, эксперт па Беларусі Хэза Макгіл.

10 лістапада яна брала ўдзел у ладжанай офісам АБСЕ ў Мінску дыскусіі, дзе абмяркоўвалася праблема смяротнага пакарання з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў, Вярхоўнага суда, Міністэрства юстыцыі Беларусі, беларускага парламента, а таксама былога міністра юстыцыі Францыі Паскаля Клемана. "Ён вельмі цікава прадставіў сваё меркаванне, што смяротнае пакаранне не мае месца ў прававой дзяржаве, прыніжае ўзровень права ў грамадстве", - сказала праваабаронца.

Міжнародныя арганізацыі супраць смяротнага пакаранняФото: AP/DW

Пакуты родных

Па словах Хэзы Макгіл, адна з праблемаў, звязаных са смяротным пакараннем, гэта менавіта пакуты, якія смяротная кара прыносіць сваякам вязняў. Правабаронца нагадала, што паводле рашэння Камітэту па правах чалавека ААН, прынятага ў 1999 годзе, сакрэтнасць, якой акутана смяротнае пакаранне ў Беларусі, у дачыненні да сваякоў асуджанага прыраўноўваецца да катаванняў. "Гэта вельмі страшна для блізкіх прыгаворанага, якія нічога не ведаюць, якія не могуць развітацца з родным чалавекам, не атрымаюць яго цела і нават яго рэчы, не будуць ведаць, дзе ён пахаваны", - падкрэсліла праваабаронца.

Маці асуджанага на расстрэл 25-гадовага Андрэя Жука Святлана Жук таксама звярнулася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю памілаваць яе сына. Пры гэтым жанчына прызнае, што яе сын вінаваты.

Па словах сябра рады праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот Святланы Жук. Офіс вярхоўнага камісара па правах чалавека ў Жэневе накіраваў беларускім уладам паведамленне пра рэгістрацыю звароту разам з патрабаваннем не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе азначанага камітэту.

Следства па справе прадпрымальнікаў працягнута

Як паведаміў журналістам беларускі праваабаронца Алег Волчак, следства па крымінальнай справе былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Уладзіміра Асіпенкі і Мікалая Аўтуховіча працягнута да 8 снежня.

Па словах юрыста, хутчэй за ўсё Мікалаю Аўтуховічу будзе выстаўлена абвінавачанне паводле артыкулу Крымінальнага кодэкса – падрыхтоўка тэрарыстычнага акту. Працяг следства, як адзначае Волчак, можа сведчыць пра адсутнасць на сённяшні дзень доказаў вінаватасці былога прадпрымальніка.

Нагадайма, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманы прадпрымальнікі Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, у дачыненні да якіх пазней была заведзена крымінальная справа за "падрыхтоўку тэракту". 8 жніўня Юры Лявонаў быў вызвалены з мінскага СІЗА, а 24 верасня з яго знялі ўсе абвінавачанні. Астатнія двое вязняў працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Беларускія і замежныя правабаронцы лічаць Асіпенку і Аўтуховіча вязнямі сумлення.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар
: Марына Нікітіч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW