1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“Працэс 14-ці” набліжаецца да завяршэння

Генадзь Канстанцінаў21 апреля 2008 г.

22 красавіка будзе абвешчаны прысуд актывістам дэмсіл, абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў падчас акцыі прадпрымальнікаў. Дзевяць з падсудных з могуць атрымаць абмежаванне, а Андрэй Кім – пазбаўленне волі.

Фото: AP

Судовае паседжанне ў панядзелак пачалося нечакана як для абвінавачаных, гэтак і для іх абаронцаў, якія меліся заявіць яшчэ некалькіх сведкаў. Суддзя Алена Ільіна заявіла, што судовае следства, аказваецца, скончылася яшчэ ў пятніцу, таму засталося толькі ў спрэчках выслухаць дзяржаўнага абвінаваўцу і адвакатаў, а таксама апошняе слова падсудных.

Абвінаваўца Рамашэўскі прачытаў прысутным сапраўдную лекцыю пра тое, што ёсць у ягоным разуменні паняцці “свабода” і “правы чалавека”, заявіў, што ў часе судовага следства віна абвінавачаных даказаная поўнасцю, і запатрабаваў для Андрэя Кіма два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Міхаілу Пашкевічу, Арцёму Дубскаму і Аляксею Бондару – па два гады “хіміі”, астатнім, хто мае сталае месца працы, – па два з паловаю гады абмежавання волі па месцы іх працаўладкавання.

Адвакаты падсудных адзначылі, што дадзены працэс мае палітычную афарбоўку, падкрэслілі, што ён вёўся з парушэннямі працэсуальнага кодэксу з боку суддзі, якая адхіляла ўсе хадайнітвы абароны і абвінавачаных, калі з імі быў нязгодны пракурор. Да таго ж, падчас працэсу былі дапушчаныя абмежаванні прынцыпу яго адкрытасці для грамадства, калі спецназаўцы і невядомыя ў цывільным распараджаліся, каго пускаць у будынак суда і ў залю паседжанняў, а каго - не. Пры гэтым на працэс без усялякага кантролю дапускаліся асобы нявызначанага паходжання, якія спрабавалі ўчыніць правакацыі ў перапынках паседжанняў, але суддзя аніяк не рэагавала на патрабаванні абаронцаў і падсуденых выдаліць іх з працэсу.

Віна не даказаная

Што да довадаў абвінавачання, то абаронцы заявілі, што відэа- і фотаматэр’ялы маюць не зафіксаванае ў матэр’ялах справы паходжанне, не аформленыя належным чынам, што ў іх маюцца прыкметы мантажу, таму іх нельга ўлічваць пры вынясенні прысуду. Была звернутая ўвага і на супярэчнасці ў паказаннях сведкаў-міліцыянтаў, з чаго вынікае недаказанасць віны дзесяці маладзёнаў у арганізацыі і актыўным удзеле ў масавых беспарадках, якія груба парушалі грамадскі парадак.

Адвакат Павел Сапелка адзначыў, што даволі дзіўным з’яўляецца падыход пракурора па вызначэнні віда меры пакарання. Ужо хаця б тое, што адной частцы абвінавачаных, хто не мае сталага месца працы ці вучобы, прапанавана прызначыць пакаранне ў два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу, а тым, хто працуе, – без накіравання, але - два з паловаю гады: “Справа ў тым, што Крымінальны кодэкс увогуле не ставіць у залежнасць абмежаванне волі ад няўнасці месца працы. Гэта значыць, не грае ролі, ці мае абвінавачаны месца працы, ці не. Усё роўна можа быць прызначанае абмежаванне волі без накіравання”.

Адзін з падсудных, намеснік старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Міхаіл Пашкевіч выказаў абурэнне нават не тым, якое пакаранне запатрабаваў пракурор для яго самога – два гады “хіміі”, але для Андрэя Кіма – рэальнае пазбаўленне волі: “Два гады за той сумнеўны кадр, дзе нічога не бачна? Гэта свінства і здзек над грамадствам. Мне вельмі шкада маці Андрэя, таму што яна ўсё гэта бачыць. Усё гэта па-за логікай”.

Прысуда не баяцца

Паводле яшчэ адной падсуднай Таццяны Цішкевіч. Прысуд, які б ён не быў, “на пазіцыю маладых людзей ніяк не паўплывае. Толькі наадварот”. Сама дзеўчына не баіцца выроку: “Чаго яго баяцца? Праўда на нашым баку. Тым больш прысуд нам будзе не такі жорсткі як Андрэю Кіму”.

Адвакат Павел Сапелка лічыць, што абвінавачаныя павінныя быць апраўданыя. Падобнага меркавання прытрымліваецца і юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч: “Ёсць, у рэшце рэшт, міжнародны падыход. Акцыя насіла мірны характар, і таму я лічу, што казаць пра нейкае грубае парушэнне грамадскага парадку не выпадае. Я таксама лічу, што віна гэтых канкрэтных маладых людзей не даказаная”.

Агалошанне выроку дзесяці моладзевым актывістам пачнецца ў судзе Цэнтральнага раёну Мінску ў аўторак аб 11-й гадзіне.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW