1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Рыгор Барадулін сам па сабе- беларуская мова"

Генадзь Канстанцінаў7 октября 2007 г.

Прэзентацыя новых выданняў твораў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна прайшла 7 кастрычніка ў касцёле св. Сымона і Алены ў Мінску. Перад гэтым адбылася імша на гонар беларускіх пісьменнікаў.

Выкананнем старажытнага беларускага гімна “Багутны Божа” пачалося прадстаўленне новых выданняў Рыгора Барадуліна.

Нарадзіўся Дзядзька Рыгор, як яго клічуць знаёмыя і незнаёмыя людзі, у 1935 годзе на Вушаччыне. За гады літаратурнай дзейнасьці выдаў 50 зборнікаў паэзіі, і гэта не лічачы сотняў кніжак, перакладаў іншаземных аўтараў на беларускую мову, эсэ. У сваю чаргу, вершы і паэмы майстра перакладзеныя на 31 мову свету.

Новыя творы

У часе імпрэзы ў Чырвоным касцёле былі прэзентаваныя пяць новых кніг - твораў Барадуліна – гэта дапоўнены больш як паўсотняю новых вершаў зборнік “Ксты”, за які Барадуліна ўжо другім разам вылучылі на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры; таксама дапоўненае англа-беларускае выданне “Кстоў”; кніга “Быць”, прысвечаная дваццатым угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Асобна вызначаецца зборнік “Гуканне паэзіі Усходу”, у які ўвайшлі пераклады паэзіі Японіі, Кітая, Карэі ды В’етнаму. І яшчэ адна кніга – “Малітва ветру”, якая змяшчае вершы са зборнікаў “Ксты” і “Быць” у перакладзе з арыгіналу на японскую мову Кашыны Гоу.

Гонар народу

Асобу славутага літаратара дакладна вызначыла рэдактарка і ўкладальніца зборнікаў ягоных твораў Ала Сакалоўская:

"Кожны народ мае асобы, якія складаюць яго гонар, па якіх краіны вызначаюцца ў прасторы і часе. У Беларусі такой асобай з’яўляецца Народны паэт Рыгор Барадулін".

Пад патранатам святых

Ала Сакалоўская звярнула ўвагу прысутных на тое, што гэта ўжо не першая прэзентацыя твораў Рыгора Барадуліна, якая адбываецца ў сценах касцёла святых Сымона і Алены пад патранатам, калі так можна сказаць, настаяцеля, ксяндза Уладыслава Завальнюка.

"Чырвоны касцёл з’яўляецца не толькі домам малітвы. Дзякуючы намаганням айца Ўладзыслава, касцёл нясе культуру людзям, выхоўвае іх. Вялікае шчасце для ўсіх нас, што Усявышні звёў два таленты – талент святара і талент паэта".

Яшчэ словы ў адрас генія...

Пра веліч і талент Дзядзькі Рыгора кажа і ягоны паўвекавы сябра, ветэран беларускай літаратуры пісьменнік Валянцін Тарас:

"Тое, што ён - вялікі паэт, я зразумеў, убачыў, адчуў шмат гадоў назад. Я магу сам сябе пахваліць і ганаруся гэтым, што гадоў трыццаць таму напісаў артыкул у часопісе “Литературное обозрение” пра творчасць Барадуліна, дзе я так і сказаў, што на Беларусі расце, выспявае вялікі паэт, геній".

Паводле Валянціна Тараса, паэт і сёння мяняецца, расце ягонае майстэрства.

"Сёння, асабліва ягоныя апошнія рэчы – кніга “Ксты”, ягоныя пераклады апошняга часу “Гуканне паэзіі Ўсходу” я прачытаў і верыў і не верыў, што гэта Барадулін".

"Вулкан беларускай мовы"

І яшчэ, падкрэсліў пісьменнік, у Барадуліна ні з кім не параўнальная мова ягоных твораў.

"Ён сам па сабе ёсць беларуская мова – акіян беларускай мовы, вулкан беларускай мовы, поле беларусакай мовы, гай беларускай мовы – гэта ўсё Барадулін. І нават часам, калі на яго глядзіш, здзіўляешся, як вось гэты ўжо стары чалавек умяшчае ў сябе гэтую велізарную паліфанічную стыхію нашай мовы".

Гэтую мову Барадулін перадае іншым, ён выкладае яе не толькі суайчыннікам, але і людзям іншых нацыянальнасцяў, за што паэта падзякаваў шведскі дыпламат Стэфан Эрыксан:

"Я вельмі ўдзячны за знаёмства з Вамі, спадар Рыгор, Вы мяне заахвочвалі вучыць беларускую мову, вялікі Вам дзякуй за гэта!"

Падарунак Божы

Сам Рыгор Барадулін сказаў, што шчаслівы, калі знаходзіцца ў святыні – Чырвоным касцёле. Паэт увогуле вельмі трапётка ставіцца да веры, да царквы.

"Так лёс распарадзіўся, што я нарадзіўся ў 35-м годзе. Вы разумееце, якія гэта былі часы – часы знішчэння рэлігіі, знішчэння ўсяго. І быў праездам ксёндз ва Ушачах, які аксціў мяне – касцёлам было неба".

І яшчэ момант, які Народны паэт узгадвае, як адзін з самых яркіх у жыцці:

"Мяне лёс узнагародзіў самай высокай узнагародай – я быў прыняты Папам Рымскім Янам-Паўлам ІІ. І было прыемна чуць з вуснаў Папы Рымскага выдатную беларускую мову. Я лічу, што гэта такі падарунак Божы".

Любяць і шануюць

Былі яшчэ выступы, былі кветкі, цёплыя словы на адрас Народнага паэта. Як адзначалі выступоўцы, ад Дзядзькі Рыгора людзі чакаюць новых твораў. А Стэфан Эрыксан дадаў, што не тое важна, ці атрымае Рыгор Барадулін сёлета Нобелеўскую прэмію, а тое, што яго ведаюць у свеце і любяць і шануюць на радзіме.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW