1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Спецназ не дазволіў "Маладому фронту" святкаваць Дзень любові

15 февраля 2009 г.

Разгонам і збіццём маладзёнаў скончылася зладжаная "Маладым фронтам" акцыя на Дзень святога Валянціна ў цэнтры Мінска. Дагэтуль ніколі спецназ так гвалтоўна не разганяў мерапрыемствы на Дзень любові.

Фота з архіву
Фота з архівуФото: AP

Разгонам і жорсткім збіццём маладзёнаў супрацоўнікамі спецпадраздзяленняў міліцыі скончылася арганізаваная зарэгістраваным у Чэхіі "Маладым фронтам" акцыя на Дзень святога Валянціна, якая адбылася ў цэнтры Мінска ў суботу, 14 лютага. Дагэтуль ніколі спецназ так гвалтоўна не разганяў мерапрыемствы апазіцыйнай моладзі на Дзень любові.

"Варанкі" і аўтазакі

Праваахоўныя органы пачалі рыхтавацца да абвешчанай акцыі загадзя: яшчэ за суткі у кватэрах маладафронтаўцаў распачаліся ператрусы з канфіскацыяй святочных транспарантаў, балонікаў, сцягоў, улётак і нават персанальных кампутараў. За некалькі гадзін да пачатку мерапрыемства ў цэнтры горада былі заўважаны аўтобусы са спецназаўцамі, "варанкі" і аўтазакі.

Як сказаў каардынатар "Еўрапейскай кааліцыі" Мікалай Статкевіч, які назіраў за адбываным, на "вялікі хапун" міліцыянты не наважацца, таму хочуць загадзя збіць накал, запалохаць. "Яны баяцца масавасці і наогул усяго", - падкрэсліў палітык.

Святочны настрой

Нягледзячы на гэта, настрой у маладзёнаў, якія суботнім вечарам сабраліся на плошчы Якуба Коласа ў цэнтры Мінска, быў сапраўды святочным. Над юнакамі і дзяўчатамі луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі Еўрапейскага Звязу, балонікі ў форме сардэчак. Паўдзельнічаць у святкавання Дня святога Валянціна моладзь прыехала ў сталіцу з розных рэгіёнаў краіны.

Як адзначыў моладзевы актывіст, нядаўні палітвязень Андрэй Кім, гэтая акцыя не носіць палітычны характар, гэта акцыя таксама і любові да Беларусі. "Святкаванне Дня святога Валянціна само па сабе вельмі папулярнае, калі мы прапаноўвалі людзям узяць беларускамоўныя патрыятычныя паштоўкі да гэтага свята, іх з вялікім задавальненнем узялі сотні людзей", - сказаў Андрэй Кім.

Спецназ у дзеянні

Ля ўзножжа помніка Якубу Коласу адбыўся невялікі тэатралізаваны перформанс, пасля чаго моладзь стала ў калону з намерам прайсці ўзжоўж галоўнага праспекта сталіцы да плошчы Свабоды. Але шлях ім перагарадзілі шэрагі апранутых у чорнае спецназаўцаў. Праз некалькі хвілін раздаўся вокліч "Наперад", і спецназаўцы ланцугом рушылі на маладзёнаў, літаральна збіваючы тых з ног.

За некалькі імгненняў былі адабраны і знішчаны беларускія і еўрапейскія сцягі, а моладзь пачалі кідаць на асфальт і збіваць. Пры гэтым дасталося не толькі хлопцам, але і дзяўчатам і нават некаторым журналістам. Мацней за астатніх ад спецназаўцаў пацярпелі лідэр "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч і актывіст арганізацыі Мікалай Дземідзенка. Іх літаральна вырвалі з рук раз’юшаных ахоўнікаў правапарадку іншыя маладзёны, а таксама жанчыны сталага веку, якія назіралі за падзеямі.

Неапраўданая брутальнасць

Як адзначыў праз пару хвілін пасля збіцця Зміцер Дашкевіч, самае святочнае, самае прыгожае і спакойнае мерапрыемства дэмакратычных сілаў разганяецца такім брутальным чынам. "І калі гэта адбываецца ў разгар гэтак званага дыялогу і лібералізацыі, мы можам толькі сабе ўявіць, што будзе рабіць самаабвешчаны дыктатар Беларусі, калі любыя грашова-палітычныя гульні з Захадам скончацца", - сказаў Дашкевіч.

Тым больш, як заўважылі многія прысутныя, такая жорсткая рэакцыя праваахоўных органаў паследавала акурат за два дні да прыезду ў Мінск дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW