1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца

Генадзь Канстанцінаў30 апреля 2008 г.

У сядзібе БНФ адбылася прэзентацыя аналітычнага агляду “Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў 2007 годзе”, падрыхтаванага праваабарончым цэнтрам “Вясна”.

Агляд, які займае больш за трыста старонак, быў гатовы яшчэ на самым пачатку гэтага году, але затрымка з яго давядзеннем да шырокай грамадскасці, паводле складальнікаў, звязана з фактычнай немагчымасцю надрукаваць яго на тэрыторыі Беларусі.

Як адзначаецца ў аглядзе, у 2007 годзе працягваўся ўціск на грамадскіх актывістаў, асабліва за ўдзел у вулічных акцыях дэмакратычных сілаў, за што, толькі па звестках “Вясны”, да адміністратыўнай адказнасці былі прыцягнутыя больш за шасцьсот чалавек, што адлюстравана ў адмысловай табліцы. Мелі месца некалькі выпадкаў ужывання карнай псіхіатрыі, пад пільнай увагай уладаў заставаліся разнастайныя сходы грамадскіх актывістаў, нават калі яны не мелі публічны характар, але іх удзельнікі таксама прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці. Шматлікія факты гэтых ды іншых парушэнняў правоў грамадзян прыведзеныя ў зборніку.

Паводле словаў кіраўніка Правабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, падрыхтаваўшы агляд, “мы прыходзім да высновы, што правы чалавека не з’яўляюцца для беларускіх уладаў самадастатковай рэальнай каштоўнасцю, а выкарыстоўваюцца адпаведна палітычнай мэтазгоднасці, накіраванай найперш на ўтрыманне палітычнае ўлады”.

Ігнараванне міжнародных норм

Як адзначыў адзін з аўтараў агляду юрыст Валянцін Стэфановіч, “Беларусь дэманструе грэблівае ігнараванне інстытуцыяў па абароне правоў чалавека ААН. З аднаго боку, улада ўвесь час кажа, што Беларусь з’яўляецца заснавальніцай ААН, яны ў свой час хацелі ўвайсці ў Раду па правах чалаека ААН, тым не менш, сам урад не прадастаўляе справаздачу аб выкананні Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не выконвае рашэнні Камітэту па індывідуальных зваротах”.

Прыкладам гэтаму – незвяртанне ўвагі на рашэнне камітэту пра незаконнасць ліквідацыі ўсё таго ж Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якому ўжо некалькі разоў было адмоўлена ў новай рэгістрацыі, і кіраўніцтва якога, аднак, зноў будзе рабіць спробы афіцыйна зарэгістравацца ў беларускім Мінюсце.

Сітуацыя пагаршаецца

Як адзначыў віцэ-прэзідэнт Міжнроднае федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, і сёлета сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не толькі не стала лепш, але наадварот.

“На сто адсоткаў павялічылася колькасць адміністратыўных справаў за першыя чатыры месяцы. Ужо дзесяць студэнтаў былі выкінутыя з універсітэтаў з пачатку гэтага году за сваю грамадскую дзейнасць. Перад пагрозаю закрыцця стаяць некалькі сотняў няўрадавых арганізацыяў, якія пастаўленыя ў такія ўмовы, што будуць выкінутыя са сваіх памяшканняў, а гэта ёсць прадставай для ліквідацыі гэтых арганізацыяў. А наперадзе яшчэ парламенцкая кампанія з усімі яе “прыемнасцямі”, з усімі яе нейтралізацыямі і зачысткамі”.

Такім чынам, высноўвае Алесь Бяляцкі, “вобразна кажучы, беларускія ўлады працягваюць выполванне нашага беларускага грамадскага гароду, прычым выпалваюць усё запар, пакідаючы за сабою чыстую зямлю, на якой проста нічога не расце”.

Не ахвяры, але змагары

Адным з тых, пра каго ідзе гаворка ў аглядзе, з’яўляецца моладзевы актывіст Франак Вячорка, выключаны ў бягучым годзе з журфака БДУ і шматкроць асуджаны да адміністратыўных арыштаў за актыўную грамадскую дзейнасць.

“Я б не вельмі хацеў называцца словамі “ахвяра парушэння правоў чалавека”. Хутчэй за ўсё, беларуская моладзь, мы – абаронцы правоў чалавека, гэта тыя, хто, ахвяруючы сваім часам, месцамі сваёй працы альбо вучобы, вельмі часта бяспекаю і, самае страшнае, свабодаю, спрабуем зрабіць усё, каб правы чалавека ў гэтай краіне жылі і каб правы чалавека ў гэтай краіне цанілі”.

Без тэрміну даўніны

Паводле Алеся Бяляцкага, парушэнні правоў чалавека, а ўсе яны фіксуюцца ў такіх аглядах і маніторынгах, ёсць злачынствамі, якія не маюць тэрміну даўніны: “Усе павінны ведаць – і суддзі, і ілжэсведкі-супрацоўнікі міліцыі, і амапаўцы, і рэктары-прарэктары, якія вынагяюць грамадзка-актыўных студэнтаў, і ідэолагі, і арганізатары фальшывых выбараў, што ніхто ціхенька не адседзіцца і не адгаворыцца тым, што быў такі час. Подласць у любы час застаецца подласцю, і я перакананы, што яна будзе асуджана і маральна, і ў законным парадку”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW