1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Трагедыя не павінна быць палітызавана

Генадзь Канстанцінаў6 июля 2008 г.

Трагедыя ў цэнтры Мінску пад час святочнага канцэрту да Дня незалежнасці Беларусі, у выніку чаго раненні атрымалі каля 50 чалавек, не павінна стаць інструментам уладаў для ўдушэння апазіцыі, заяўляюць беларускія дэмсілы.

Фото: AP

Нагадайма, што выбух грымнуў прыкладна а палове на першую ночы непадалёк ад стэлы “Горад-герой Мінск”, дзе, паводле афійцыйных дадзеных, знаходзіліся да паўмільёна людзей. Спрацавала самаробная выбуховая прылада, нашпігаваная металічнымі прадметамі. Усіх пацярпелых тэрмінова даставілі ў розныя сталічныя шпіталі, у тым ліку і Шостую гарадскую клінічную больніцу. Паводле словаў яе галоўнага ўрача Уладзіміра Гурко, “уначы быў дастаўлены 31 чалавек. Усе хворыя, хто сёння знаходзіцца на стацыянарным лекаванні, былі праапераваныя. Людзей дастаўлялі з выбуховымі раненнямі, у аснове пашкоджанняў быў гаечны матэр’ял, якім было начыненае выбуховае прыстасаванне”.

Ужо ў пятніцу пасля адмысловай нарады ў Міністэрстве ўнутраных справаў стала вядома, што выбух мог быць не адзіным. Паводле словаў міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, “дзякуючы пільнасці грамадзянаў і прафесійным дзеянням супрацоўнікаў унутраных справаў, была знойдзена другая выбуховая прылада, зараз яна знаходзіцца на даследаванні. Я мяркую, што яна нясе даволі шмат слядоў, каб хутчэй разабрацца”.

Дарэчы, амаль адразу ж пасля выбуху пра яго быў праінфармаваны Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіўся на трыбуне для найважных гасцей. Праз некалькі хвілінаў пасля здарэння ён наведаў месца трагедыі, аддаў распараджэнні спецслужбам, заявіў, што бярэ расследаванне злачынства пад асабісты кантроль, і накіраваўся даглядваць канцэрт, які не спыняўся ані на хвіліну.

Хуліганства ці тэракт?

Што да фармулёўкі адбытага, то праваахоўныя органы пазбягаюць казаць пра тэракт, называючы ўсё хуліганскай выхадкай. З афіцыйным меркаваннем не згодны падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі ў адстаўцы Валеры Костка: “Гэты акт быў падрыхтаваны, была выбухоўка, было начыненне, было правядзенне акцыі ў час масавых мерапрыемстваў, таму да хуліганства гэта адносіць нельга. З юрыдычнага пункту погляду, гэта адносіцца да кваліфікацыі як тэрарыстычны акт”.

Тым часам, актывісты дэмакратычных сілаў апасаюцца, што ўлады паспрабуюць “павесіць” злачынства менавіта на іх. І першым доказам таму – публікацыя ў друкаваным органе адміністрацыі прэзідэнта газеце «Советская Белоруссия», дзе апазіцыі ўжо выстаўлена ўскоснае абвінавачанне ў трагічным здарэнні. У звязку з гэтым праваабаронцы і прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, аб’яднаныя ў аргкамітэт Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, заклікалі да правядзення незалежнага грамадскага расследавання інцыдэнту.

Трагедыя не мусіць стаць палітычным інструментам

“Відавочныя рызыка і пагрозы, што ўлада можа гэта выкарыстаць для таго, каб яшчэ больш мінімізаваць прастору мажлівасцяў для апанентаў беларускіх уладаў падчас выбарчай кампаніі, - лічыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Зараз улада зможа гэта выкарыстоўваць для ўзмацнення рэпрэсій, для таго, каб апраўдаць любыя свае дзеянні як на ўзроўні праваахоўных органаў, так і астатніх дзяржаўных структур”.

“Даўно эксплуатуецца і ўладай, і прапагандай звязка, што апазіцыя – гэта тэратысты, баевікі, - адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі. – Нагадаю, што перад выбарамі 2006 году дэманстравалі відэа, дзе нейкі нібыта баявік прызнаваўся, што рыхтуюцца выбухі ў школах. Таму гэта даўні матыў, і гэтая трагічная падзея можа быць скарыстана дзеля таго, каб, напрыклад, толькі што распачатую парламенцкую кампанію правесці па звыклым жорсткім сцэнары і ўсё матываваць тым, што гэта ж усё дзеля бяспекі народу і дзеля вось гэтай беларускай стабільнасці”.

Тым часам, Прэзідыюм Палітрады Аб’яднаных дэмакратыных сілаў прыняў адмысловую заяву ў звязку з адбытым выбухам. У дакуменце лідэры АДС заклікаюць улады правесці неперадузятае аператыўнае расследаванне трагедыі і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці не толькі выканаўцаў, але і замоўнікаў гэтага злачынства, а таксама надаваць больш увагі забеспячэнню бяспекі людзей падчас правядзення афіцыйных масавых мерапрыемстваў. Прэзідыюм АДС таксама заклікаў улады ўстрымацца ад спакусы выкарыстаць адбытае як нагоду да чарговай кампаніі рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў і ад правядзення выбарчай парламенцкай кампаніі ўва ўмовах надзвычайных захадаў.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW