1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У беларускіх турмах нечалавечыя ўмовы

Генадзь Канстанцінаў2 сентября 2008 г.

2 верасня з удзелам генеральнага сакратара Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека адбылася прэзентацыя дакладу "Умовы ўтрымання пад вартай у Рэспубліцы Беларусь", падрыхтаванага МФПЧ і Праваабарончым цэнтрам "Вясна".

Фото: wikipedia

Гэты даклад ёсць вынікам сумеснай даследчай місіі Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая працавала ў Беларусі ўвосень мінулага году. Удзельнікі місіі сустракаліся з былымі зняволенымі, сваякамі вязняў, адвакатамі, супрацоўнікамі праваабарончых няўрадавых арганізацыяў, былым следчым і былым суддзём Канстытуцыйнага суда Беларусі. Нягледзячы на шматлікія запыты, місіі не была прадастаўленая магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, таму яе ўдзельнікі шкадуюць, што не змаглі азнаёміцца з пунктам гледжання на закрананыя ў дакладзе праблемы афіцыйных асобаў.

Генсек Федэрацыі калумбіец Луіс Пэрэс прызнаў, што ў Асноўным законе Беларусі замацаваныя асноўныя правы чалавека, у тым ліку і права на жыццё, а сама Беларусь у свой час далучылася да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак праваабаронца адзначыў: “У Беларусі парушаюцца правы чалавека, і розніца між тым, што запісана ў Канстытуцыі, і тым, што ёсць на самой справе, велізарная. Мы будзем патрабаваць ад беларускіх уладаў расследавання знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага і выказваем сваю салідарнасць з іх роднымі і сябрамі”.

Луіс Пэрэс як станоўчы назваў факт вызвалення з турмаў апошніх палітвязняў, аднак адзначыў, што застаюцца шмат праблем з беларускім адміністратыўным і крымінальным заканадаўствам, якое дазваляе кідаць за краты людзей, якія не здзейснілі злачынстваў.

"Мы будзем заклікаць улады адмяніць артыкул 193 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Мы маем намер заклікаць беларускія ўлады перагледзець вынесеныя раней прысуды па такіх справах і ўвогуле адвумяніць іх", - адзначыў Луіс Пэрэс.

Нялюдскія ўмовы

Што да пытання ўтрымання ў беларускіх турмах, то, як адзначыў віцэ-прэзідэнт Федэрацыі Алесь Бяляцкі, нават Камітэт па правах чалавека ААН выказваў шкадаванне, што не існуе незалежных механізмаў расследавання скаргаў зняволеных.

Па словах Алеся Бяляцкага, асаблівую заклапочанасць Камітэта выклікалі асабліва такія нюансы, як "перанаселенасць месцаў утрымання, наяўнасць ШЫЗО, кепская ежа і бесчалавечыя ўмовы ўтрымання асуджаных на смяротнае пакаранне".

У дакладзе таксама адзначаецца, што ўмовы ўтрымання грамадзянаў у следчых ізалятарах значна горшыя, чым у калоніях. Асабліва цяжкія ўмовы створаны ў затрыманых за адміністратыўныя правапарушэнні: у ізалятарах часовага ўтрымання маюць месца адсутнасць лоджкаў, душа, прагулак, перапоўненасць камер, антысанітарныя ўмовы, нізкая якасць ежы і пітва, немагчымасць атрымліваць перадачы і гэтак далей.

У следчых ізалятарах да таго ж распаўсюджаныя захворванні на сухоты, а камеры вызначаюцца высокай вільготнасцю, халадэчай узімку і спёкаю летам. Скрайне нездавальняючыя ўмовы транспартавання вязняў у суд: яны могуць быць пазбаўленыя ежы і вады цягам некалькіх дзён запар.

Элтэпэшныя рабы

Упершыню ў дакладзе закранутая праблема лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛТП), куды змяшчаюць на працяглы тэрмін людзей, хварых на алкагалізм, якія здзейснілі два ці больш адміністратыўныя правапарушэнні.

"За кожнае адміністратыўнае правапарушэнне ўстаноўленая адказнасць, якую гэтыя людзі ўжо і так панеслі, і садзіць чалавека на паўтара гады фактычна ў калонію за такія нязначныя правапарушэнні – гэта проста несумяшчальна і несувымяральна, - адзначыў юрыст Валянцін Стэфановіч. – Я ўжо не бяру такія аспекты, як прымусовае прыцягненне да працы гэтых людзей і іх жорсткая эксплуатацыя за капейкі, якая ажыццяўляецца ў гэтых ЛТП".

Як паабяцаў Алесь Бяляцкі, гэты даклад аб’ёмам больш за 50 друкаваных аркушоў будзе перададзены праваабаронцамі ў Канстытуцыйны суд, Палату прадстаўнікоў, Камітэт выканання пакаранняў і іншыя дзяржаўныя ўстановы, якія маюць непасрэднае дачыненне да закранутай у дакладзе праблематыкі.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW