У Берасці судзілі апазіцыю
15 ноября 2006 г.Маладых людзей абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а менавіта – у Дні салідарнасці, які ладзіўся ў Берасці ў кастрычніку.
16 кастрычніка маладыя жыхары Берасця выйшлі на вуліцы гораду, каб выразіць салідарнасць з палітвязнямі. Тады міліцыя затрымала 14 асобаў, але хутка вызваліла іх без складання пратаколаў. З актывістамі былі праведзеныя толькі так званыя «прафілактычныя гутаркі» і перапісаныя пашпартныя звесткі.
На мінулым тыдні ўсіх затрыманых папрасілі з’явіцца ў раённы аддзел міліцыі. Тут на маладых людзей былі складзеныя пратаколы паводле артыкула 167 часткі першай Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, а менавіта – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пакаранне за такое правапарушэнне прадугледжвае папярэджанне, штраф да 150 базавых велічынь (гэта больш 1500 еўра) ці арышт да 15 сутак.
Гаворыць Андрэй Шарэнда – адзін з тых, справа якога 15 лістапада разглядалася ў судзе Маскоўскага раёна Берасця.
16 мінулага месяца была акцыя салідарнасці. Каля 25 чалавек выйшлі са свечкам і іх затрымалі. А праз месяц - напэўна гэта з выбарамі звязана - пачалі пратаколы складаць. Пратаколаў дзесяць дакладна склалі.
Маладзён лічыць, што дзеянні супрацоўнікаў правапарадку выкліканыя імкненнем перашкодзіць яму ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Андрэй Шарэнда збіраецца высоўвацца кандыдатам на дэпутаты ў мясцовыя саветы. А позву ў суд актывіст атрымаў якраз пасля таго, як падаў на рэгістрацыю спіс сваёй ініцыятыўнай групы.
Дарэчы, большасць з тых, на каго былі складзеныя пратаколы, з’яўляюцца альбо сябрамі ініцыятыўных групаў па збору подпісаў, альбо збіраюцца балатавацца ў мясцовыя саветы. Старшыня берасцейская гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі перакананы, што актывістаў пераследуюць менавіта з палітычных прычынаў.
Гэта звязана з выбарамі. Людзей хочуць проста запужаць, каб яны менш актыўна паводзілі сябе ў час збору подпісаў. Гэта першае. А па-другое, хутка наступны Дзень салідарнасці – гэта можа аслабіць яго нейкім чынам.
Напярэдадні суда Зміцер Шыманскі звярнуўся да жыхароў Берасця з заклікам выказаць салідарнасць з маладымі актывістамі і прыйсці падтрымаць іх 15 лістапада.
Натуральна, мы асуджаем захады ўлады на тое, каб перашкодзіць актывістам дэмакратычнага руху актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Я звярнуўся да берасцейцаў з заклікам, каб яны прыйшлі і выказалі салідарнасць з тымі людзьмі, якія змагаюцца за нашу свабоду, за нашу супольную свабоду
- падкрэсліў палітык Зміцер Шыманскі.