1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У рэзідэнцыі амбасадара ЗША адбыўся рок-фестываль “Амбасовішча-2008”

Алена Данейка13 июля 2008 г.

Пераможцу фэста вызначылі галасаваннем. Галоўнае адрозненне чацвертага “Амбасовішча” – фармат. У конкурснай праграме ўдзельнічалі маладыя музыкі з розных рэгіёнаў Беларусі, у пазаконкурснай – генералы айчыннага року.

Фото: MEERA

У рэзідэнцыі амбасадара ЗША адбыўся чацверты рок-фестываль “Амбасовішча-2008”. Удзел у ім прымалі маладыя музыкі з розных рэгіёнаў Беларусі, а у пазаконкурснай праграме выступілі вядомыя музычныя гурты.

Шоу мусіць працягвацца

Пачаўся фэст з выступу “Крамбамбулі”. Як адзначыў вядоўца Алесь Круглякоў, “цяжкай артылерыі, чыё з’яўленне выклікае экстаз як у мясцовай публікі, гэтак жа і ў іншаземнай”.

Музычнае свята адбылося без гаспадыні рэзідэнцыі – амсадара ЗША ў Беларусі Карын Сцюарт, якая па палітычных прычынах пакінула Мінск у сакавіку. Але гэта не падстава парушыць традыцыю.

“Шоу мусіць працягвацца. Амбасовішча - асаблівае мерапрыемства для супрацоўнікаў амбасады, - сказаў у вітальным слове да ўдзельнікаў і гасцей свята часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. – Наогул, амерыканцы любяць добрую музыку. Мы сабраліся тут, каб адзначыць талент беларусаў і таксама амерыканцаў. У гэтым годзе да “Амбасовішча” далучыўся амерыканскі гурт “Fox trio”.

На думку Джонатана Мура, гэта мерапрыемства таксама прысвечана і свабодзе слова, “бо кожны прадстаўляе тую музыку, якую хоча, мы даем магчымасць аўдыторыі вызначыцца, ці падабаецца ёй гэтая музыка. Свабода слова таксама адзначае свабоду выбара. Вы можаце выказаць сваю думку так, як вы жадаеце”.

Перамаглі “Кальмары”

Кожны з удзельнікаў фэсту атрымаў спецыяльныя карткі, на якіх трэба было напісаць назву гурта-пераможцы. Большую колькасць галасоў атрымаў гурт “Кальмары”, на другім месцы - «Джамбібум», трэццяе месца атрымаў гурт “Тлуста луста”. У фэсце таксама бралі ўдзел гурты «Індра», «Заточка», “Глінтвейн”.

У якасці прыза “Кальмары” атрымалі партатыўны DVD. Джонатан Мур падзякаваў за тое, што прысутныя “прагаласавалі, а не байкатавалі выбары».

Не палітыка, але свабода самавыяўлення

Падчас фэсту гучала розная музыка. Нават Джонатан Мур у інтэрв’ю DW-RADIO прызнаўся:

“Магчыма, я ўжо занадта стары для некаторых жанраў музыкі, якая тут гучала. Штосці падабалася больш, штосці – меньш, але галоўнае, што былі прадстаўленыя розныя гурты і яны мелі магчымасць граць. Наогул жа гэты фэст не мае ніякага дачынення да палітыкі, хутчэй да свабоды самавыяўлення”.

Вядома, што “Амбасовішча” ўспрымаецца публікай як альтэрнатыва афіцыёзным фестывалям. А ў гэтым годзе па выпадковым супадзенні “Амбасовішча” адбылося як раз у дзень адкрыцця “Славянскага базару” 11 ліпеня.

Той факт, што фэст беларускай рок-музыкі праходзіць у рэзідэнцыі амбасадара ЗША, на думку культуролага Максіма Жбанкова, цалкам зразумелы, бо «нефарматная музыка павінна аб сабе заяўляць у нефарматных месцах”.

Аднаму з ветэранаў “Амбасовішча” Піту Паўлаву, які ў гэтым годзе выступіў з гуртом “Гарадзкія”, гэты фестываль спадабаўся больш за ўсе. “Гэта опцыя – кожны музыка плюс адзін госць – вельмі ўдалая. Калі прысутнічаюць толькі адны музыкі і музычныя крытыкі – гэта нецікава. Самая няўдзячная ў свеце публіка – калегі. Наяўнасць людзей, шчыльна не звязаных з музыкай, дала наяўнасць ўдзячнай публікі. А конкурсная частка мяне дзіка парадавала наяўнасцю гуртоў, якіх я не ведаў і якія мне страшна падабаюцца. Для мяне была адкрыццём “Тлуста Луста”. Я лічу, што гэта супергурт, гатовы ўжо для таго, каб граць на фестывалях любога ўзроўню ва ўсім свеце”.

Праграму фэсту музычны крытык Зміцер Падбярэзскі назваў “слушным крокам”, бо публіка і музыкі ўбачылі, што адбываецца ў правінцыі, як там там расце рок-музыка, у якіх кірунках развіваецца.

“Мы пабачылі, што ёсць калектывы, вартыя ўвагі, ёсць такія, якія больш сябе пазіцыяніруюць як разрушальнікі спакою, правакуюсь. Гэта ўсё я лічу нармальным працэсам, які адбываецца ўвогуле ў беларускай музыцы. Адзіны момант, што калі гэтыя калектывы існуюць у падполлі і выхаду няма, яны проста не маюць перспектывы. Трэба іх паказаць на вялікай сцэне, будзем лічыць, што тут зямля ЗША і гэта - вялікая сцэна”, - адзначыў Зміцер Падбярэзскі. І дадаў, што карысць гэтага “Амбасовішча” ў тым, што для ўдзельнікаў фэсту гэта быў эксклюзіўны момант і магчымасць зразумець, ці варта ім працаваць далей.

Уласны твар рок-фестывалю

Думку, што ў “Амбасовішча” з’явіўся ўласны твар, выказаў лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка. Ён параўнаў гэты фэст з папярэднімі:

“З’явілася ўжо і конкурсная праграма, якая зразумелая. Вельмі добрая канцэпцыя знайсці маладыя каманды з розных абласцей Беларусі, каб яны пазмагаліся за прыз, сустрэліся з вядомымі музыкамі беларускімі, каб адчулі, што гэта цалкам нармальна, што можна спрычыніцца да культурніцкіх сувяў паміж краінамі. Вельмі разумны і добры падыход.

У лідэра гурта “Drum Extasy” Філіпа Чмыра ад “Амбасовішча-2008” засталіся выдатныя ўражанні. “Шмат добрых маладых гуртоў. Свой голас я аддаў “Тлуста Луста”. Яны былі цікавымі і музычна, і візуальна”.

На думку Філіпа Чмыра, у Беларусі не хапае пляцовак, дзе маладыя музыкі маглі б сябе паказаць. “Гэта катастрофа, што адбываецца ў Беларусі. Адсутнічаюць клубы, і нават магчымасць развівацца культуры”.

Культуролагу Максіму Жбанкову на “Амбасовішчы-2008” спадабалася не музыка, а атмасфера:

“На нашых вачах адбываецца цікавая рэч: амбасада ЗША стварыла эксперыментальную музычную пляцоўку, запрасілі нефармальных невядомых правінцыйных музыкаў і далі ім магчымасць граць перад даволі сур’ёзнай аўдыторыяй. Фактычна, гэта прэзентацыя новага пакалення беларускіх музыкаў. І гэта вельмі цікава і канструктыўна».

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW