1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Фільм “Дзень Волі” – да юбілею БНР

Генадзь Канстанцінаў24 марта 2008 г.

Напярэдадні 90-х угодкаў БНР убачыла свет дакументальная стужка рэжысёраў Юрыя Хашчавацкага і Алега Дашкевіча і пісьменніка Уладзіміра Арлова “Дзень Волі”.

Фото: AP

Гэта фільм, як адзначае адзін з яго аўтараў Алег Дашкевіч, распавядае пра вельмі важную частку беларускае гісторыі, што па розных прычынах ці то хавалася, ці то недастаткова асвятлялася, альбо папросту забывалася. Гаворка ідзе пра тыя абставіны, у якіх 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама чаму БНР праіснавала даволі кароткі час. У фільме рапавядаецца пераважна не столькі пра барацьбу беларусаў за іх будучыню, суверэнітэт іх дзяржавы, але ў большай ступеі пра міжнародныя абставіны, што не далі дзевяноста гадоў таму спраўдзіцца чаканням беларусаў і замацаваць іх дзяржаўную самастойнасць.

“Ідэя фільма – паказаць беларусам, іншаму свету, перад усім, тым, ад каго найбольш залежала, прызнаваць ці не прызнаваць беларускую дзяржаўнасць на пачатку стагоддзя, да чаго можа прывесці з пункту гледжання глабальнай геапалітыкі дастаткова лакальная палітычная з’ява, такая як узнікненне новай невялікай дзяржавы, - адзначае Алег Дашкевіч. - Калі паўставала пытанне, прызнаваць ці не прызнаваць нованароджаныя дзяржавы ў складзе Расійскай імперыі, чамусці адным гэтае права было дадзена, дазволена і падтрымана, а іншым – не, іншым адмовілі ў праве на жыццё”.

Сітуацыя магла б быць іншай

Калі б незалежнасць БНР была своечасова прызнаная, і на Генуэскай канфэрэнцыі ў 1922 годзе заходнія краіны не павяліся на дэмарш тагачаснага савецкага міністра замежных справаў Чычэрына, адмовіўшыся разглядаць прапанаваны дэлегацыяй БНР мемарандум аб прызнанні яе незалежнасці, то, на думку Алега Дашкевіча, сітуацыя ў свеце магла б развівацца па-іншаму.

“Калі б Еўропа і Злучаныя Штаты, якія тады таксама мелі вялікі ўплыў на тую сітуацыю, падтрымалі незалежнасць Беларусі і Украіны – дзвюх краінаў з насельніцтвам 50 мільёнаў чалавек, з багатымі прыроднымі рэсурсамі, то тады б Савецкі Саюз, уся камуністычная машына, ідэалагічная, прапагандысцкая, не мелі б такой вялікай моцы. Уся гэтая савецкая камуністычная машына межавала б с цывілізаваным светам значна бліжэй да Масквы”.

Вось як у фільме адзін з яго аўтараў Уладзімір Арлоў апісвае ролю Нямеччыны падчас акупацыі Беларусі ў 1918 годзе, калі пры кіраўніцтве знаходзіўся ўрад БНР: “Заняўшы Менск, немцы першым чынам сканфіскавалі грашовую касу беларускага ўраду. Яны зрабілі ўсё, каб БНР не зрабіла ўласнай арміі, і пакінулі Беларусь безабароннай”.

Як адзначае пісьменнік, не знайшлося месца для БНР на еўрапейскай мапе і пасля Парыжскай пасляваеннай мірнай канферэнцыі, калі разглядаліся новыя межы на кантыненце: “Я часта думаю, чаму так адбылося? Няўжо Еўропа за няпоўныя паўтара стагоддзя забыла, што Беларусь – яе гістарычная частка? Напалеон казаў, што ў палітыкі няма сэрца, а ёсць толькі галава. Ці не здрадзіла галава тагачасным еўрапейскім палітыкам? Чаму яны не бачылі межаў новай Еўропы з удзелам Беларусі, як, дарэчы, і Украіны? Ці, можа, нечая мудрая галава думала прыкладна так: няма дзяржавы – няма праблемы?”

Жахлівы лёс, паводле Арлова, чакаў тагачаснае кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі: “Усе дзеячы БНР, якія засталіся на савецкай тэрыторыі, былі расстраляныя альбо закатаваныя ў турмах і лагерах”.

Ідэалы БНР – жывыя

Але ўсё ж, як сцвярджаюць аўтары фільму, і праз дзевяноста год БНР жыве, як да сённяшняга дня жывуць яе ідэалы – свабода, незалежнасць, мова, гісторыя, культура.

Суразмоўцамі Уладзіміра Арлова ў фільме з’яўляюцца дзейныя сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якія цяпер жывуць за тысячы кіламетраў ад сваёй гістарычнай радзімы.

Сябра Рады БНР Алеся Сёмуха адказвае так адказвае на пытанне, што можа сёння Еўропа зрабіць для Беларусі?

“Вельмі важна, каб Еўропа выпрацавала адзіную ўзгодненую палітычную пазіцыю з ЗША. Другое, каб Еўропа разглядала Беларусь і яе незалежнасць як неад’емную каштоўнасць. Хіба толькі што тыя еўрапейскія краіны, якія перажылі савецкую акупацыю, разумеюць нашу сітуацыю. Тыя, што не перажылі, для іх цяжэй, яны больш аперуюць на ўзроўні сваіх эканамічных, геапалітычных інтарэсаў, якія асабліва не звяртаюць асабівай увагі на маленькія краіны, як Беларусь”.

Алеся Сёмуха адзначыла, што веры ў дэмакратычную будучыню Беларусі ёй надае тое, “што мы зараз маем вялікую колькасць маладых людзей, якія бачаць пераемнасць тых ідэалаў ад часоў 1918 году да цяперашніх, якія бачаць пераемнасць шляху”.

На яе думку: "гэта вялікае дасягненне, гэта вялікае спадзяванне для мяне, што ўсе гэтыя гады, усё гэтае змаганне, уся тая кроў, якая была пралітая, яна не здарма пралітая. І для мяне гэта вялікая адзнака таго, што нашая справа прынясе плён”.

Невялікі недахоп твору

Адзін з тых, хто паспеў паглядзець фільм “Дзень Волі” – лінгвіст і перакладчык, старшыня БНФ “Адраджэньне” Лявон Баршчэўскі.

“Адзінае, чаго мне асабіста не хапіла ў гэтым фільме, гэта паказу, якую барацьбу вялі беларусы. І Слуцкі збройны чын, і нашыя выхады на вуліцы ў 90-я гады – гэта ўсё барацьба за нашу незалежнасць. І фільм атрымаўся крыху аднабаковы, бо атрымалася так, што Беларусь не стала вольнай толькі таму, што яе не прызналі заходнія краіны. А тое, што беларускі народ удзельнічаў у гэтым змаганні за волю, там гучала, але мала. У астатнім фільм зроблены прафесійна і на высокім узроўні”.

Пры канцы стужкі зноў слова Уладзіміру Арлову. “У мяне нярэдка пытаюцца: а што было б, калі б 90 гадоў таму Еўропа прызнала незалежныя Беларусь і Украіну? Адзін мой калега ўпэўнены, што тады б у нашым мінулым была б толькі адна сусветная вайна. Я не такі аптыміст, але мяркую, што еўрапейская гісторыя магла б скласціся зусім іначай”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW