1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чаму беларуская культура мацней за дыктатуру

Сяргей Будкін
7 июля 2021 г.

У сваім каментары адмыслова для DW культурны менеджар і прадзюсар Сяргей Будкін разважае пра тое, як цяпер выжывае беларуская культура і што з ёй будзе ў новай Беларусі.

Купалле - таксама частка беларускай культуры
Фото: Henadz Zhinkov/Xinhua News Agency/picture alliance

Адмыслова да Міжнароднага дня беларускай культуры ў рубрыцы DW "Беларусь. Перспектывы" Сяргей Будкін падзяліўся сваімі думкамі пра тое, што цяпер адбываецца з культурай у Беларусі. Абмеркаваць яго развагі можна тут - пад адпаведным пастом у Telegram-канале "DW Беларусь".

Для рэжыму, які фармаваўся ў апошнія 26 год у Беларусі, беларуская культура была чужою ад самога пачатку. З першымі забаронамі нашы творцы сутыкнуліся яшчэ пасля рэферэндуму, пасля якога бел-чырвона-белы сцяг знялі з будынку Адміністрацыі прэзідэнта. Далей было толькі горш - краіна цалкам захрасла ў рускай інфармацыйнай прасторы без надзеі адтуль выкараскацца.

Дарагая сястра, тут усё харашо,

Тут паблізу Масква, тут Масква ў галаве,

Тут Масква ў тэлевізары і ў газеце,

Тут расейскія песні развучваюць дзеці.

Рубрыка "Беларусь. Перспектывы" дае магчымасць беларусам выказаць свае думкі на старонках DWФото: DW

Так было ў 1995 годзе, калі гэты тэкст Міхал Анемпадыстаў напісаў для Касі Камоцкай. І працягвалася. Да нядаўняга часу.

Пасля чарговай жахлівай весткі з Акрэсціна ў жніўні, калі каты адмыслова адбілі пальцы чалавеку, калі дазналіся, што ён музыка, падумалася: а ці быў бы такі люты гвалт і такіх маштабаў рэпрэсіі, калі б і сілавікі, і пратэстоўцы жылі ў адной культурнай прасторы. Ці ўзнялася б рука ў амапаўца на мірнага чалавека з БЧБ-сцягам, калі б той выхоўваўся на кнігах Арлова. Ці пазначалі б фарбай затрыманага за яго беларускамоўнасць, калі б яны самі слухалі музыку на нацыянальнай мове. І наогул - ці затрымлівалі б дзясяткі тысяч беларусаў за вокліч "Жыве Беларусь!".

Дзіва, але ў гэтых абставінах пастаяннага прыгнёту, цэнзуры і забароны беларуская культура не загінула. Творы Альгерда Бахарэвіча і Віктара Марціновіча. Песні Лявона Вольскага і Nizkiz. Паэзія Вальжыны Морт і Віталя Рыжкова. Акцыянізм Міхаіла Гуліна і Алеся Пушкіна. Працы мастакоў Ігара Цішына і Руфіны Базлавай, фатографаў Ігара Саўчанкі і Андрэя Лянкевіча, дызайнераў Уладзіміра Цэслера і Ветра Механічнага. Пастаноўкі "Свабоднага тэатру", пластычнага тэатру "inZest", Яўгена Карняга. Ілюстрацыі Валерыя Славука і Кацярыны Дубовік. Анімацыя Міхаіла Тумелі і Юліі Рудзіцкай. Кіно Улады Сяньковай і Дар’і Жук. Гэтыя і яшчэ сотні твораў і творцаў - брэнды сучаснай беларускай культуры. Яны і ствараюць беларускi cусвет, у якім няма месца прапагандысцкім штампам, агрэсіўнай рыторыцы, хлусні, прыніжэнню і нізкапробным вырабам у творчай сферы.

Сяргей БудкінФото: Nickolai Rozengauz

Без сумневу, на гэтым культурным падмурку, які сфармаваўся не дзякуючы, а насуперак дзяржаўнай культурнай палітыцы, будзе надалей развівацца беларуская нацыя, якая складаецца і з тых, хто даўно прыйшоў да беларускай ідэі, і хто толькі нядаўна ўсвядоміў сябе часткаю гэтай прасторы. І безумоўна, тых, у каго яшчэ наперадзе адкрыццё сваёй культуры.

У новай Беларусі нам трэба шмат зрабіць, каб ніколі больш на нашай зямлі не паўтарыліся рэпрэсіі. Нам спатрэбіцца досвед краінаў, якія праходзілі праз штосьці падобнае - гаворка пра тое, як нам усім перажыць гэтую траўму, пра праграмы пакаяння і замірэння. Нам трэба наноў выбудоўваць сістэму адукацыі, каб ад садка выхоўваць пачуццё ўласнай годнасці. Развіваць нефармальную адукацыю, наладзіць праграмы культурнага абмену і заснаваць школу таго ж культурнага менеджменту, якая ў Беларусі адсутнічае. Рэфармаваць сістэму кіравання культурай і размеркавання сродкаў паводле астаткавага прынцыпу і толькі для лаяльных да ўладаў. Даць па максімуму магчымасці для творчага выказвання і самавыяўлення.

І ёсць абсалютная перакананасць, што разам мы дамо рады наладзіць гэтыя працэсы, каб наша Беларусь - ажыла.

Каб звярнуць увагу на ролю культуры ў грамадскіх зменах і ўшанаваць той унёсак, які зрабілі беларусы ў сусветнае мастацтва, мы ініцыявалі правядзенне Міжнароднага дня беларускай культуры 7 ліпеня, які мы прапануем адзначыць цягам усяго тыдня з 5 да 11 ліпеня.

Усе падрабязнасці чытайце тут. І абавязкова далучайцеся ў тым фармаце, у якім лічыце патрэбным!

Аўтар: Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай рады культуры

Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым.

Таксама глядзіце: 

Лукашенко еще у власти: уезжать или оставаться?

44:01

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW