1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Частка дэмакратаў адмовілася балатавацца ў дэпутаты

Аляксандар Буракоў23 июля 2008 г.

Грамадзкія актывісты на Магілёўшчыне, што балатуюцца не ў першыню, актыўна рыхтаваліся да выбараў напрацягу некалькіх гадоў, арыентуючыся пры гэтым на старыя мапы. Цяпер некаторыя з іх вымушаныя змяніць свае планы.

Фото: dpa

Па словах кіраўніка выбарчага штабу АДС Магілёўскай вобласці Юрыя Новікава частка мясцовых дэмакратаў адмовілася ад удзелу ў выбарах: “Кожныя выбары гэтыя акругі значна змяняюцца. Чаму так адбываецца – гэта невядома, ніякай логіцы гэта не паддаецца, таму што колькасць насельніцтва ў нас у вобласці значна не мяняецца, нейкіх дэмаграфічных змяненняў не адбываецца. Але, дзе больш важкія, дзе меньш, але змены адбыліся ў кожнай акрузе. І нават у самім горадзе Магілёве. Некаторыя людзі проста знялі свае кандыдатуры, ці перайшлі на іншыя акругі”.

Граніцы адной выбарчай акругі – амаль 200 кіламетраў

Самыя вялікія змены закранулі Крычаўскую і Быхаўскую выбарчыя акругі, менавіта там тэрыторыя змянілася болей, чым на 50 адсоткаў. Былая Касцюковіцкая выбарчая акруга была цалкам падзелена паміж суседнімі. Новай асобнай выбарчай акругай была вылучана Асіповіцкая. Што ў выніку атрымалася Юрый Новікаў нават не каментуе, дастаткова проста ведаць геаграфію:

“Цалкам была скасаваная Кастюковіцкая акруга і дадалася Магілёўская сельская акруга. Што гэта значыць? Частка той акругі, што ўваходзіла ў Кастюковіцкую зараз увайшла ў Быхаўскую акругу. Калі паглядзець на мапе – гэта амаль праз усю Магілёўскую вобласць паласой працягнулася гэтая акруга. Туды ўвайшлі Быхаўскі раён, Слаўгарадскі, Краснапольскі, Кастюковіцкі. Гэта значыць, ад Касцюковіч – на ўсходзе Магілёўскай вобласці, да Быхава – гэта пад Магілёвам. Ад Магілёва да Краснаполля 200 кіламетраў, столькі, колькі і да Мінска. І гэта ўсё граніцы адной выбарчай акругі”.

Самы малады кандыдат не ведае межаў сваёй выбарчай акругі

Магілёўскія дэмакраты “са стажам” новым ініцыятывам уладаў не здзіўленыя. Але такога не скажаш пра навічкоў. Самым маладым кандыдатам на Магілёўшчыне з’яўляецца сябра аргкамітэту па стварэнні БХД 22-гадовая Таццяна Шамбалава. Яна балатуецца ўпершыню. Балатуецца ў горадзе Магілёве, на самай простай акрузе, але і для яе шмат што застаецца загадкай:

“Я іду па Прамысловай акрузе на выбары. І атрымліваецца, у які бок вуліцы Маўчанскага ў Магілёве не правядзі мяжу, частка Прамысловай акругі знаходзіцца ў межах Кастрычніцкай, а частка Кастрычніцкай – у межах Прамысловай. Атрымліваецца, на сённяшні дзень я не ведаю, дзе дакладна праходзіць мяжа маёй акругі, і адпаведна, пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы трэба будзе звяртацца ў адпаведную акруговую камісію за афіцыйным тлумачэннем, дзе дакладна праходзіць мяжа паміж Прамысловай і Кастрычніцкай акругамі”.

Ці атрымае парламенцкі мандат пры такіх умовах, хоць адзін дэмакратычны кандыдат у вобласці пакажа толькі час. Пакуль жа на Магілёўшчыне выказалі жаданне балатавацца 28 дэмакратычных актывістаў.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW