Як наваражыць шчасця ўсёй краіне?
9 января 2007 г.Слова “каляда” ў беларускай мове ўжываецца ў некалькіх значэннях. Па-першае, гэта свята, якое адзначаецца 6-7 студзеня. Калядамі называюць і ўвесь перыяд зімовых святаў з 6 па 19 студзеня – гэта “святыя”, або “шчодрыя” вечары.
Першая Каляда – гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту. Пачатак святочных дзён і вечароў адзначаўся з асаблівай урачыстасцю. На старажытным язычніцкім свяце адбіліся і хрысціянскія ўяўленні, згодна з якімі менавіта ў гэты дзень святкуецца нараджэнне Ісуса Хрыста.
Як адзначалі Каляды ў народнай традыцыі, распавядаюць сябры моладзевай суполкі “Талака”. Гэтая арганізацыя ўжо 20 год ладзіць на Гомельшчыне фальклёрныя вандроўкі, а таксама аднаўляе беларускія абрады.
Карэспандэнт “Нямецкай хвалі”:
- Якія стравы на святы вечар звычайна гатавалі беларусы?
Алеся Бяляева, сябра “Талакі”:
- Абавязковай абрадавай стравай у гэты дзень была Куцця. Гэта звычайная каша з таўчоных крупаў, сюды дадавалі алей альбо мёд. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці страваў, сярод якіх найчасцей былі квас з грыбамі, аўсяны кісель, адвар з сушаных яблыкаў. Добрай прыкметай лічылася пакаштаваць ўсе стравы, якія падаваліся на стол.
- А якія яшчэ народныя прыкметы звязаныя з Калядамі?
- У гэты дзень імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты, каб жывёла не збягала са двара і не прападала. Калі першы дзень Калядаў выдаецца пагодлівы, ясны, то будзе неўрадлівы год. Але мяркуючы па надвор’ю на Гомельшчыне сёлетняй зімой, з ураджаем у нас будзе ўсё ў парадку (смяецца).
- Святыя калядныя вечары – гэта час варожбаў. Якія чарадзействы былі найбольш папулярнымі?
- Варажылі не толькі раней – і цяпер гомельскія дзяўчаты чакаюць гэтага перыяду, каб вызначыць свой будучы лёс. Перадусім асноўнае пытанне тут, ці выйдзе дзяўчына ў гэтым годзе замуж. Цікавай з’яўляецца варажба з абуткам. Знятыя з нагі чаравікі дзяўчаты кідаюць праз плот на дарогу і назіраюць, у які бок паказвае насок чаравіка. У залежнасці ад гэтага, вызначаюць, адкуль прыедуць да іх сваты.
Перыяд Калядаў будзе доўжыцца да 19 студзеня, да Вадохрышча. Так што беларусы яшчэ маюць дастаткова часу, каб паназіраць за народнымі прыкметамі, а таксама наваражыць шчасця сабе, сваёй сям’і, а можа быць, нават і ўсёй краіне.