1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Нямецкі гісторык пра канец салідарнасці з Беларуссю

2 октября 2025 г.

Фелiкс Акерман - нямецкі гісторык, якi захапляецца Беларуссю. Ён вывучыў беларускую мову, напiсаў дысертацыю пра Гродна i пераканаў нямецкiя медыя называць краiну Belarus замест Weißrussland.

Фелiкс Акерман, даследчык публiчнай гicторыi ва Ўнiверсiтэце Хагена
Фелiкс АкерманФото: Jan Zappner

Фелiкс Акерман - нямецкi гiсторык, прафесар, даследчык публiчнай гicторыi ва Ўнiверсiтэце Хагена. Шмат гадоў займаўся Ўсходняй Еўропай, абаранiў дысертацыю пра гiсторыю Гродна. Выкладаў у Еўрапейскiм гуманiтарным ўнiверсiтэце ў Лiтве.

DW: Спадар Акерман, гэта незвычайная для мяне сітуацыя - я ўпершыню бяру інтэрв‘ю па-беларуску не ў беларуса. Як атрымалася, што вы валодаеце беларускай мовай?

Фелiкс Акерман: Яшчэ падчас школы я год вучыўся ў Польшчы, вывучыў польскую мову, потым - у нас тады быў абавязак служыць у войску - прайшоў альтэрнатыўную службу ў Расеi, працаваў са старымі людзьмі (i вывучыў рускую. - Рэд.). І пасля, падчас вучобы ва Франкфурце-на-Одэры, я пачаў займацца Беларуссю. Калі я збiраўся пісаць дысертацыю пра гісторыю Гародні, то вырашыў, што трэба вывучыць i беларускую мову. Гэта было не абавязкова, таму што і ў Гародні не так шмат хто размаўляў на ёй, але мне гэта было прынцыпова і вельмі цікава.

- Калі вас папросяць апісаць Беларусь, якія вашыя асноўныя ўражанні?

- Я вельмі сфакусаваны на Гароднi, шмат гадоў займаўся яе гісторыяй, пісаў кнігу, якая выйшла таксама па-беларуску ("Гiсторыя Гароднi. 1919 - 1991". - Рэд.). Так што для мяне Беларусь - гэта Брыгіцкі касцёл на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Гародні ці вуліца Цагляная недалёка ад Каложы. Але таксама гэта i рэгулярныя заезды ў Менск, сябры менскія. Мінскае мора, "кукуруза" недалёка ад Камароўскага рынка - шмат вельмі канкрэтных уражанняў, звязаных з маімі сябрамі, большасць з якіх зараз знаходзiцца за межамі Беларусі.

Беларусь для Фелiкса Акермана - гэта перш за ўсё ГроднаФото: Henryk Sadura/Bildagentur-online/Tetra-Images/picture alliance

- Жывучы ў Германіі, я часта сутыкаюся з тым, што тут ня ведаюць пра Беларусь: назву чулі, але на гэтым усё. Але ж Беларусь даволi вялікая краіна, па памеры амаль як Германія, знаходзіцца побач. Адкуль гэты прабел?

- Я магу гэта тлумачыць як гісторык. Беларусь як дзяржава існуе толькі з 1991 года, і да гэтага немцам цяжка было арыентавацца, што ёсць такая краіна, такая мова, гісторыя асобная, якая не супадае ні з расейскай, ні з польскай, ні з літоўскай.

Галоўная прычына для мяне - гэта Другая сусветная вайна, i радыкалізацыя ўнутры Нямеччыны, якая была скіравана супраць бальшавіцкай Расеі і ўсяго, што, ва ўяўленнi немцаў, існавала за Польшчай. Варожасць нацыянал-сацыялістаў, іхняга ваеннага каланіяльнага праекту была накіравана не толькі супраць бальшавікоў і габрэяў - гэта ўсё супадала для іх з Расеяй, а Расея была гістарычна звязана з гісторыяй Расейскай імперыі (куды ўваходзiла i значная частка Беларусi. - Рэд.). І таму ўсе мільёны нямецкіх жаўнераў пайшлі на вайну "з Расеяй". А тое, што яны прайшлі праз Польшчу, Беларусь, Украіну, - гэтага не было ў iх свядомасцi. У паштоўках сваякам яны пісалі толькi пра Расею.

Потым, калі людзі адышлі ад нацыянал-сацыялістычнай ідэялогіі, абавязак памяці, адчуванне віны ды адказнасцi перайшлi на Савецкі Саюз, якi таксама ўвесь час пасля вайны быў асацыяваны з Расеяй. I калі былі створаны новыя дзяржавы (пасля 1991 году. - Рэд.), гэта ўсё зноў перайшло на Расею. Частка ўяўлення немцаў пра Расею - гэта былi Беларусь і Ўкраіна, але гэта вядома ня шмат каму.

Гэта рэальная праблема. Мы з ёй працуем у рамках маіх даследаванняў публічнай гісторыі, але я бачу, што гэта вельмі глыбока зафіксавана ў нямецкіх галавах і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Такi прыклад: у нас быў семінар у архіве з дадзенымi ахвяр нацыянал-сацыялізму. I абсалютна ўсе мае студэнты - яны рознага ўзросту, таму што ў нас дыстанцыйны ўніверсітэт - казалі, што іх дзяды "ваявалі ў Расеі", з "рускімі", што "прыйшлі рускія". Гэта вельмі глыбока зафіксавана, што жаўнеры Чырвонай арміі - гэта рускія.

- У 2020 годзе вы былі адным з тых, хто змагаўся за выкарыстанне ў Германii назвы Belarus замест Weißrussland, што перакладаецца як "Белая Расія" - так у Германіі традыцыйна называюць Беларусь. Чаму вам гэта было важна?

- Я сам выкарыстоўваў Weißrussland шмат гадоў. У мяне быў такі слiзкі аргумент, што Weißrussland - гэта прамы пераклад назвы "Белоруссия", якая выкарыстоўваецца i сёння нават унутры Беларусі, а тым больш у Расеі. Так што я лiчыў, што навошта я буду перахадзiць на iншы варыянт, калі вы самі гэтага не робiце. Але ўжо ў 2020 годзе, нават крыху раней, мне стала зразумела, што тое, што гістарычна Расея (ва ўяўленнi немцаў. - Рэд.) супадае з СССР, - не аргумент, каб гэтага не мяняць. Беларусь - асобная краіна, якая мае сваю гісторыю, мову, культуру, адметнасць, і важна пераходзіць ад Weißrussland да Belarus у якасці прызнання яе існавання.

Яшчэ да выбараў у жніўні 2020 года я распрацаваў разам з калегамі дакумент, які мы разаслалі па рэдакцыях, і гэта вельмі дапамагло: большасць нямецкіх публічных і нават частка прыватных медыя сапраўды перашлі на назву Belarus.

- Напярэданні пятай гадавіны пратэстаў у Беларусі вы напісалі артыкул для часопіса Merkur, што салідарнасць з Беларуссю ў Германii заканчваецца. Чаму вы так лiчыце?

- Я рэальна злы, вельмі злы! Падзеі 2020 года паказалі, што Беларусь існуе, што ёсць беларускае грамадства, што ў яго ёсць воля, уяўленні пра будучыню. І мы ўсе добра бачылі, што пратэст быў спынены толькі падтрымкай Пуціна. Пазней мы зразумелі, што кантэкст усяго гэтага - маскоўскі неаімперыялізм. І я рэальна злы, што ў мяне і маіх калег не атрымалася данесці гэтую свядомасць да нямецкіх палітыкаў, таму што цяжка інакш тлумачыць, што яны знеслі - зараз ужо збіраюцца вяртаць, але першапачаткова знеслі - гуманітарныя візы для актывістаў з Беларусі.

О забытом Тростенце - в мобильном приложении

07:01

This browser does not support the video element.

Нават калі мы не нясем адказнасць за Лукашэнку ў прамым сэнсе, тое, што мы ўдзельнічалі ў паўнамасштабным знішчэнні, вынішчэнні гэтай краіны і яе грамадзян падчас Другой сусветнай вайны, абавязвае нас дапамагаць ёй. Але не атрымалася гэтага данесці, не шмат палітыкаў ведае пра спецыфіку беларускай сітуацыі, асабліва пасля паўнамасштабнага уварвання расійскіх войск, у тым ліку з тэрыторыі РБ, ва Ўкраiну. І гэта працягваецца. Зразумела, што Беларусь - такі расейскі фарпост зараз, і мы не гатовыя займацца - як грамадства, як навуковая i палітычная сістэма, як дэмакратыя - Беларуссю, яе гісторыяй і сучаснымі пытаннямі.

- Адна з галоўных падзей апошняга часу для Беларусі - вызваленне палітычных вязняў. Гэта былі намаганні ЗША, якія ў адказ знялі санкцыі з "Белавіа". Сярод тых, хто выйшаў на волю, - два грамадзяніна Германіі. Але здаецца, што Германія публічна не вельмі змагаецца за палітычных зняволеных у Беларусі. Як вы лічыце, што яна павінна рабіць?

- Я вельмі шчаслівы, што вышла столькі палітвязняў. Асабліва я перажываў за Міколу Дзядка, мы выдалі яго кнігу па-нямецку яшчэ тры гады таму (кнiга "Фарбы параллельнага свету" пра турэмны досвед Дзядка. - Рэд.). Я вельмі рады, што Павел Мажэйка з Гародні выйшаў на волю - ён быў затрыманы на наступны дзень пасля прэзентацыі маёй кнігі. Я заўжды перажываў з-за гэтага, нават разумеючы, што затрымалі яго не за арганізацыю гэтай прэзентацыі.

Кантэкст iх вызвалення, супрацоўніцтва з адміністрацыяй Трампа паказвае, што палітыка поўнай ізаляцыі, якую выбраў Еўразвяз, не магла даць такі вынiк. Адначасова мы абсалютна не разумеем, у які бок цягне трампаўская палітыка і ў краіне, і ў дачыненні да Расеі, таму я быў бы вельмі асцярожны з пазітыўнымі ацэнкамі таго, што зараз адбываецца. Мне здаецца, што поўная карціна будзе бачна праз некалькі месяцаў. І мы ўжо зараз бачым, што дзень вызвалення - гэта дзень пасля прылёту 20 дронаў у Польшчу. Нажаль вайна ва Ўкраіне і тое, што адбываецца на лініі Вашынгтон-Мінск, звязаны непасрэдна, я тут пазітыўных момантаў не бачу.

- То бок вам здаецца, што пазіцыя Германii і павінна заставацца жорсткай?

- Так. У Еўразвязу і Нямеччыны ёсць свае довады, чаму ў ix больш жорсткая пазіцыя. Да таго ж больш тысячы палітвязняў застаюцца за кратамі. Таму я не бачу, па чым тут можна паціху дамаўляцца.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме